Каліна пад акном

Пераказы і дыктанты

  Яўцей ходзіць, топчацца па двары, ведае, што больш ужо не засне, і таму не спяшаецца ў хату. Ідзе за хату, дзе ляжыць пакоша, і думае, што яе днём, калі надарыцца сонца, трэба будзе павярнуць і да вечара можна будзе ўскінуць на вышкі. За плотам, дзе жыў брат Паўло, сена складзена ў копы: дзіва што – трое сыноў яго ў вёсцы жывуць.
 З яго не раз з’едліва пасміхаўся Паўло:
 – Ну што, Яўцей, павывучваў дзяцей, парассылаў па свеце, а цяперака сам, бы тая сірата.
 – Які ж я сірата? – няёмка апраўдваецца Яўцей. Не любіць ён свайго брата за гэта. Ні пагаварыць з ім, ні памаўчаць, усё на адно пераводзіць – каб чым укалоць, каб балюча зрабіць.
 – Дык я і кажу, мае вунь і без навукі, бач, як жывуць: хаты пабудавалі, дзяцей маюць і зарабляюць дай бог кожнаму. I мне, як бачыш, помач, спіну гнуць не трэба – маладыя рукі зробяць… А то, бач, у прахвесары падаліся, думалі, што грошы лапатай грабці будуць, а дзе, дзе яны, тыя грошы?
 Ведае Яўцей, што брат зайздросціць яму. I, бач, як усё паварочвае – «у прахвесары», каб як мага балючай укалоць, уджаліць. Адкуль толькі ў яго ўсё гэта?
 – У кожнага свая дарога, – даводзіць Яўцей, не паказваючы, што ў нечым і згаджаецца з братам, бо цісне той на самае балючае, на тое, што не дае яму, Яўцею, спакою.
 – Ну, як ведаеш, – крыўдзіцца Паўло, адварочваецца ад брата і паволі сунецца да свае хаты. Здалёк паварочваецца, дадае з’едліва: – Лічы, як хочаш, але праўда ёсць праўда…
 – Ідзі, праведнік, – глядзіць яму ўслед Яўцей. У душы не крыўда, а ўнутраны гонар за дзяцей падкаціўся да яго, бо ён ведаў галоўнае: перамяніць нічога ўжо нельга – ды і навошта? Бо так дыктуе само жыццё, якому не падуладны ні пачуцці, ні яго, Яўцеевы, жаданні…
 Калі-нікалі да яго прыходзілі і іншыя думкі: а калі б яму вярнуць ранейшыя гады, ці стараўся б ён так, ці ездзіў бы да дзяцей на спадарожных машынах у райцэнтр за трыццаць кіламетраў, везучы ім бульбу і да бульбы, каб Іванка, Петрык, а за імі і Насця змаглі вучыцца. Гэта ён з Настай прывыклі ў зямлі корпацца. Зямля вечна карміла і будзе карміць, але ж ці хлебам толькі сыты чалавек?..
 Ісці ў хату не спяшаецца. Ён на хвіліну затрымаўся ад нечаканага паху. То ж цвіла каліна. Каліну пасадзіла Насця для бацькі (урачы раілі яму піць адвар з каліны). Дрэўца прынялося і на другім годзе зацвіло, восенню ягады чырвоныя выспелі. Калі ж увесну яна ўбіралася ў квецень, то казалі вяскоўцы, што зноў зацвіла Насціна каліна…
 Удзень Яўцей правіў грубку ў канторы. Пад канец адчуў стомленасць. Час быў ісці дамоў.
 Не паспеў Яўцей зайсці на свой падворак, як каля Паўлавай хаты пачуў голас маленькай Ульянкі, братавай унучкі:
 – Дзед Яўцей! Дзед Яўцей! Паглядзіце! Гэта ж цёця Насця!
 Ён узяў газету і вачам не паверыў. У белым халаце, асветленая нейкім яркім святлом, на старога глядзела яго дачка – Насця, Насцечка…
 – Дык пазналі, дзед Яўцей? – дапытваецца Ульянка, шчасліва глядзіць на яго. – Пазналі?
 – А чаму пра яе напісалі ў газеце? – спытаў ціха Яўцей.
 – Тут напісана пра каліну, якую цёця Насця пасадзіла пад акном.
 – Ульянка пачала чытаць пра аварыю, у якую папаў хлопчык, і яму пагражала калецтва. Але хірург Анастасія Аўсяюк зрабіла немагчымае – выратавала яго. Стары слухае і адчувае, як цяплеюць у яго вочы, як шчыміць ад бацькоўскай радасці сэрца. А ў Насты па шчацэ папаўзла непрыкметная сляза.
 Прыйшоў Паўло, прысеў неўздалёк на калодку. На яго твары не было ні радасці, ні здзіўлення, ні задаволенасці. Ён слухаў, пра што чытала Ульянка.
 – Добра напісана, – зазначае ён, калі малая аддала Яўцею газету. – Пра вяскоўцаў ні разу ў такіх газетах не пісалі…
 Наста бярэ з рук Яўцея газету. Рукі ледзь заўважна дрыжаць. I ў яе вачах спакой, шчаслівая ціхая радасць.
 – То я пайшоў, Яўцей, – падымаецца Паўло, глядзіць як бы вінавата на брата. – Бач, як яно… Во як, брат…
(595 слоў)

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий