Кароткі змест Восень — Якуб Колас

Якуб Колас

Увага!!! Поўны змест

   «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток; прыйшоў Ілья – апала два». Так кажуць людзі, бачачы чуць відны паварот ад лета к восені.
   Луг ужо скошаны. Дзе яшчэ нядзельку таму назад калыхаліся высокія зялёныя травы, блішчалі кветкі, над каторымі з такімі вясёлымі песнямі лёталі работніцы-пчолкі, збіраючы мядок, – там цяпер пуста. Адны толькі дзябёлыя стогі, як вежы, параскідаліся па грудочках то тут, то там. Маладзенькая травіца-атава, каторая вырасла на пакошы замеж старое травы, блішчыць на сонцы, як толькі што ўзышоўшы ячмень або авёс, і сцелецца па зямлі, як павее вецер. Ёй ужо не вырасці да старое. Буслы даўно пазляталі з гнёздаў і ходзяць стадамі па лузе або кружацца высока-высока ў небе, усё роўна як радзяцца яны прад далёкай дарогай.
   Жыта на полі зжата і звезена; авёс і ячмень сабраны. Толькі дзе-нідзе жаўцее чыя-небудзь палоска позняга аўса ці ячменю, ды пачарнеўшыя лапінні спелай грэчкі чакаюць серпа. Картафлянік на картофлях павяў, апусціў сухое лісце; адны толькі голыя цыбуры тырчаць, як палкі. Глуха і нудна на полі. Ужо не чутно спакойнае гаворкі ціхага ветру з каласкамі збожжа. Толькі ржышча – кароткія пянёчкі жыта, аўса, ячменю і пшаніцы – гаворыць, што тут яшчэ нядаўна красаваліся пасевы. Ужо не трапечуцца ў небе над полем жаваранкі з мілымі песнямі. Прайшла вясёлая пара лета, усё адцвіло, адкрасавала. Усюды, куды ні глянь, накладае восень свой след, сваю руку. Толькі кароўкам і авечкам больш стала прастору на зжатым полі.
   А глянеш на лес! Ці той гэта лес? Як адмяніўся ты, чорны, высокі, чуць-чуць засланы сінім туманам, далёкі лес! Яшчэ так нядаўна зваў і клікаў і цягнуў к сабе ты ў гарачы летні поўдзень пад свой цень, і так ахвотне хаваў ты чалавека і жывёлу ад пякучага сонца пад густою стрэхаю зялёных сваіх лістоў. Тысячы галасоў усякіх птушак, вясёлы іх шчэбет рассыпаліся ў тваім гушчары, і ціхі спакой навяваўся на душу тваею доўгаю, густою моваю, лепетам тваіх лістоў і галін. Эх, гутарлівы лес! Люблю я цябе, люблю твой шум, халадок тваіх лістоў і твой здаровы смаляны запах. А цяпер ціха і глуха і ў лесе. Птушкі перасталі спяваць, лісце пажоўкла і патроху асыпаецца на дол.
   Сонца не грэе так ярка, як, бывала, улетку. Кожны дзень яно ўсё ніжэй і ніжэй ходзіць на небе. Неба часцей і часцей засцілаецца хмарамі. Невясёла пазірае яно, засланае смутнымі хмаркамі, як зааранае поле. Туманы закрываюць ад вачэй Божы свет. Дробны дожджык сеецца, як скрозь сіта. Нудна і непрытульна выглядае ўсё ўвосень.

[1906-1907]

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий