Залацінкай беларускай літаратуры XVIII ст. з’яўляецца «Камедыя» настаўніка Забельскай гімназіі Каятана Марашэўскага. Твор напісаны ў 1787 г. для Забельскага тэатра пры дамініканскім манастыры Дрысненскага павета.
Напачатку кароткі пераказ зместу «Камедыі». Ён паспрыяе абгрунтаванню тэзы, што гэты твор — выток нашай нацыянальнай драматургіі, што роля яго стваральніка ў гісторыі нацыянальнага тэатральнага мастацтва тоесная ролі Сімяона Полацкага ў станаўленні расійскага.
Пачынаецца «Камедыя» з маналога-скаргі селяніна Дзёмкі на сваё гаротнае жыццё: сын — калека, жонка — п’янічка, а ён адзін гаруе, высільваецца, але «ўсё напроціў ідзець». Ва ўсім, лічыць Дзёмка, вінаваты Адам, які сарваў яблык «з дзерава праклятага», — з таго і пачаліся пакуты людскія.
Да ўсяго яшчэ і яўрэй-карчмар патрабуе вярнуць грошы за гарэлку. Лаянка і валтузня Дзёмкі з карчмаром, згадванне чорта («Круціся, хоць к чорту!») канчаецца тым, што той цюк дзяцюк, як кажуць. З’явіўся, як толькі яго паклікалі: апрануты як шляхцюк і гаворыць таксама на панскай мове — па-польску. І Дзёмка просіць чорта парадзіць, якім чынам стаць яму багатым: «Бо, здаецца, што я дужа цяжка працую, аднакава як не маю нічога, так не маю». І зноў вінаваціць ва ўсім Адама. Чорт даводзіць Дзёмку, што вінаваты ў сваіх няшчасцях ён сам, а каб у тым пераканаўся, прапануе яму выпрабаванне: «На працягу адной гадзіны нічога не сказаць і не піснуць». Драбязой палічыў Дзёмка тое выпрабаванне, за якое чорт паабяцаў даць не сто, як марыў Дзёмка, а дзвесце і нават трыста рублёў. Дзёмка ж паабяцаў чорту, калі не вытрымае і загаворыць, стаць яго падданым. І нават д’яблава перасцярога («Калі не вытры-маеш закладу, душу тваю вазьму ў пекла і ўжо без ніякага прабачэння. Памятай жа аб гэтым!») не ўтрымала Дзёмку ад спакусы ўраз разбагацець: «Да ўжо ж, пане д’ябле, датрываю, датрымаю».
Аднак вытрымкі і цярпення больш у чорта, чым у селяніна: чорт ажно тройчы (у адпаведнасці з фальклорнымі традыцыямі) дае селяніну магчымасць і шанц «разбагацець» і даруе яму, насуперак умове, яго нявытрыманасць. Дзёмка тройчы парушае ўмову. Першы раз, абураны някемлівасцю хлапчукоў, што намерваюцца па лесвіцы ўзлезці на неба, падказвае, як па ёй узбірацца, каб яна не завальвалася.
Другі раз ён дапамагае тром братам, якія, адкапаўшы скрыню з бацькавым скарбам, не могуць гэтую скрыню дастаць. Калі з’явіўся чорт, то шляхціцы нават пацвердзілі, што Дзёмка з імі сапраўды размаўляў, бо раіў, як тую скрыню з ямы выцягнуць. Дзёмка абураны чорнай няўдзячнасцю, але дзецюкі даводзяць, што ім як панам не да твару даваць хлуслівыя паказанні. Трэці раз Дзёмка абураецца глупствам вандроўнага пакутніка, які, узносячы да неба малітвы, наступіў на дудку і палічыў яе за «агіднае стварэнне» — змяю. І прайграў чорту ўжо аканчальна.
Вось такі няхітры сюжэт. Аднак твор цікавы і каштоўны не толькі сваім глыбокім рэалізмам (у маналогах-скаргах Дзёмкі — усе выявы нялюдскага жыцця селяніна, у тым ліку і такая, як п’янства, нават жаночае), фальклорнымі рэмінісцэнцыямі, мастацкім спалучэннем умоўнага, фантастычнага і рэальнага, але і сваім глыбокім філасофскім зместам.
Доказам апошняга з’яўляецца і неадназначнае прачытанне гэтага твора крытыкамі і літаратуразнаўцамі. Так, да прыкладу, літаратура-знавец Я. Усікаў лічыць Дзёмку пераможцам у тым змаганні з чортам, акцэнтуючы ўвагу на высакародных памкненнях селяніна: «Ён проста не можа жыць толькі для сябе. Дапамагадь іншым, рабідь дабро людзям — гэта ўжо ў яго крыві, у яго натуры». A. Мальдзіс таксама ўсведамляе Дзёмку як станоўчага героя, што «выклікае не асуджэнне, а спагаду і сімпатыю».
Спагаду — так, сімпатыю — наўрад ці. Абураючыся несправядлівасцю і здзекамі, што чыняць у адносінах да яго паны, гатовы хоць самому чорту душу прадаць, абы толькі пазбавіцца галечы і прыніжэння, Дзёмка тым не менш пашукаў і знайшоў, з каго і ён яшчэ можа паздзекавацца. Ён валтузіць, лае і нават абражае такога ж няшчаснага і прыніжанага карчмара, увесь час падкрэсліваючы сваю над ім перавагу. Свядома ці несвядома (калі несвядома, то гэта яшчэ больш даказвае мастацкую вартасць твора, якім валадарыць ўжо не воля аўтара, а законы мастацтва, галоўны з якіх — рэалізм), але Каятан Марашэўскі пераканальна паказаў самую страшную выяву зла і нялюдскасці — рабскую псіхалогію. А яна, як вядома, — найперш у няздольнасці пазбавіцца ад прыніжэння і ў здольнасці прыніжаць другіх. A такія заўсёды знойдуцца. У Дзёмкавай сітуацыі — карчмар-яўрэй. Апошні адрозніваецца ад яго, бадай, толькі большым інстынктам самазахавання: ён яшчэ не спіўся да такой ступені, як Дзёмка, каб не баяцца чорта. І каб неяк выжыць самому, скарыстоўвае тых, хто ўжо гатоў д’яблу душу прадаць. Ёсць попыт — ёсць і прапанова. І яго карчма таму доказ. Ёю ён ратуе сябе…
Сімпатызуючы Дзёмку, аналітыкі зусім не звяртаюць увагі на «мары» Дзёмкі — не толькі пацягаць за пэйсахі, калі разбагацее, арандатара, але і дадзець свайго «вялікага непрыяцеля» — суседа Герасіма. Прымусіць Герасіма кланяцца яму, але і пасля таго нават не пазычыць таму грошай, каб заплаціць за чынш: «З’есць чорта — не дам!» Сам жа Дзёмка за тыя грошы «статку» накупляе «і яшчэ на гарэлку, з малацьбы ідзя напіцца, застанецца».
Звернем увагу на канцэптуальны момант у творы — на маналог чорта, у якім той даводзіць Дзёмку, што не Адама трэба вінаваціць, бо Адам меў наказ ад Бога не ўжываць забароненага плода, «але ж ён не ведаў тых таямніц нашай здрады», як ведае Дзёмка. «Ён нічога не чуў пра пасткі, якія мы расстаўляем штодня на чалавечы род. Ён не бачыў ніякага падобнага прыкладу для сябе. Ты ж асвечаны пропаведзямі, перакананы на прыкладах і падмацаваны штодзённым вопытам, адважыўся парушыць тры разы клятву прысягі».
Мы не павінны забывацца, што аўтарам гэтага выдатнага твора, надзённага і сёння, з’яўляецца не проста настаўнік дамініканскай калегіі, а святар. Дэмакратызм і хрысціянскі дьщактызм на ўзроўні біблейскіх рэмінісцэнцый у творы відавочныя. Філасофская думка пра поўную залежнасць чалавека ад лесу, як і поўную свабоду выбару чалавека, пра валадарства абсягамі сваёй уласнай душы — вызначальная ў творы.
Стан жа душы Дзёмкі, канкрэтныя яе выявы (п’янства, знявага слабейшага, помслівасць, нецярпімасць да суседа і нецярплівасць) даюць няшмат падстаў для захаплення гэтым героем. Адмоўныя якасці гэтага героя не могуць кампенсавацца яго шчырасцю і непасрэднасцю, жаданнем дапамагчы вандроўнікам.
Рэалізм і дэмакратызм «Камедыі», якія стануць магістральнымі накірункамі далейшага развіцця нашай літаратуры, забяспечылі гэтаму твору і мастацкую каштоўнасць, і неўміручасць. Біблейскія, хрысціянскія элементы і хрысціянскі дыдактызм у новай літаратуры будуць узмацняцца, толькі на іншым узроўні і ў іншай форме, чым у «Камедыі» К. Марашэўскага.