Купалаўскія Акопы

Пераказы

   Я з хваляваннем выбіраўся ў Акопы. Быў сонечны празрысты вераснёўскі дзень. Імклівая шаша. Нарэшце – вёска Карпілаўка. Зашчымела на сэрцы ад знаёмай дарагой назвы. Тут у пачатку мінулага стагоддзя была сядзіба пісьменніка Ядвігіна Ш. Менавіта ў яе сценах Янка Купала ўпершыню прачытаў слухачам сваю «Паўлінку». А трошкі пазней, падчас першай імперыялістычнай вайны, у гэтай самай сядзібе размяшчаўся прытулак для дзяцей-бежанцаў, якімі апекавалася нястомная руплівіца на ніве нашага пісьменства Зоська Верас.
   Паваротак направа, дарога на Харужанцы. Праз якія два-тры кіламетры, не даязджаючы да вёскі, зварочваю ў казачны восеньскі лес. I ўсе гарадскія клопаты адразу засталіся дзесьці далёка-далёка, быццам іх і не было. Змешаны лес маніў у свае грыбныя нетры, шчодра рассыпаўшы навокал залатыя чырвонцы лістоты. Аднак неўзабаве праваруч адкрылася поле з вузкімі грывамі пералескаў.
   Вось і адмыслова зробленая брама. Пад яе стрэшкай акуратна выразанае на пацямнелай ад часу і дажджоў дошцы слова – Акопы.
   Першае, што ўражвае тут, – нейкая асаблівая, урачыстая цішыня. Яна быццам запрашае прыслухацца да самога сябе.
(160 слоў)

З часопіса «Родная прырода»

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий