Курганы

Пераказы і дыктанты

  Вёсачка на Палессі ўскрай бітага шляху, што пралёг на тысячы кіламетраў з поўначы на поўдзень, на Украіну. Нешырокая, уся ў лазняках, рачулка, поле, балота, лес. I курганы. Вялізныя, пакатыя, парослыя травою і мохам. Іх чатыры – татарскі, шведскі, польскі, французскі…
 I пра кожны курган – свая легенда, свой сказ…
 Самы стары і даўні курган – татарскі. Ён ад тых часоў, калі татары ішлі на славянскія землі, як саранча, і стрымаць іх, не пусціць проста не хапала сіл. Татарам можна было толькі не скарыцца, помсціць спадцішка пры кожным зручным выпадку – за спаленыя і разбураныя паселішчы, за згвалтаваных нявест і забітых матак і дзяцей. I людзі гэта разумелі. Аднойчы выйшлі яны ўсёю вёскаю з сякерамі і жалезнякамі на дарогу, дзе, як расказваюць, некалі падыходзілі блізка адно да аднаго два азярцы, і тры дні і тры ночы капалі вялізную яму. А выкапаўшы, засцялілі яе ламаччам, галлём, прыклалі дзёрнам, прысыпалі пясочкам, ды так, што і не пазнаеш, што тут не дарога, а яма. I паклікалі татарскі атрад… I калі ён, той атрад, быў непадалёку ад вёскі, напусцілі на татарскіх коней ваўкоў і мядзведзяў, што налавілі знарок дзеля гэтага ў лесе… Коні спудзіліся, і … увесь атрад апынуўся ў яме…
 Са шведамі вёска справілася яшчэ мудрэй. Тыя папрасілі, каб іх пераправілі цераз балоты на Украіну. Іх і пераправілі, толькі не на Украіну, а на выспу, з якой ніяк нельга было выбрацца, толькі хіба на плытах ці на лодках. А плыты, лодкі патапілі…
 Курган палякаў набілі тады, як Палессе гуло ад паўстанняў і сюды ад самога Хмяльніцкага прыйшоў са сваім атрадам Міхал Крачэўскі…
 Французаў апрасталі даволі лёгка, калі тыя неяк узімку збіліся з дарогі і, галодныя, зняможаныя, уночы натрапілі на вёску…
 Мог быць і яшчэ адзін курган, нямецкі. Ды яго чамусьці не насыпалі…
 Старыя людзі шчыра вераць у курганы. Бо варта было толькі насыпаць курган на варожых касцях і забіць у яго асінавы кол, як з той краіны больш ніколі ўжо не прыходзілі на Палессе ваяваць. Старажылы маюць даволі важкі довад – яны, напрыклад, кажуць, што каб, маўляў, не паленаваліся ды насыпалі былі ў імперыялістычную вайну нямецкі курган, то не тапталі б больш немцы нашай зямлі…
 Ніхто з маладых, вядома, у гэта не верыць, хаця сёй-той і шкадуе, што не насыпалі нямецкага кургана. Хай бы быў…
 Хай бы напамінаў нашчадкам яшчэ пра адну вайну, яшчэ пра адно вялікае змаганне за бацькаўшчыну, волю і жыццё.
 Вёсачка на Палессі ўскрай бітага шляху, што пралёг на тысячы кіламетраў з поўначы на поўдзень, на Украіну. Нешырокая, уся ў лазняках, рачулка, поле, балота, лес. I курганы. Вялізныя, пакатыя, парослыя травою і мохам. Іх чатыры – татарскі, шведскі, польскі, французскі…
 I пра кожны курган – свая легенда, свой сказ…
(432 словы)

Паводле Б. Сачанкі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий