Ларыса Геніюш — Беларуска

Ларыса Геніюш

Калі цябе, мілы, Краіна пакліча
за родны змагацца парог,
то суму не будзе ў мяне на абліччы,
ні страху не будзе ў грудзёх.
 
Дзявочае сэрца ў хвіліне так важнай
ніколі тады ня здрыгне,
а буду не менш за цябе я адважнай,
каб сілы дадаці табе.
 
Бо сэрца дзяўчыны пад кужалем тонкім,
як і сэрца найлепшых сыноў,
гарыць то-ж каханнем для роднай старонкі
і спадчыны нашых дзядоў.
 
Ты пойдзеш у бой, а я плуг пакірую,
каня накармлю, напаю, –
і так абаронім, засеем, збудуем
Беларусь дарагую сваю.
 
Бо гэтак, як стрэльбы і кулі як звонкай,
як сіняе сталі мяча,
заўсёды патрэба для нашай старонкі
адважных хлапцоў і дзяўчат.
 
1939

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий