Ларыса Геніюш — За прасніцай

Ларыса Геніюш

Калаўротак бурчыць сваю песню
пасівелых, далёкіх нам дзён.
З праллі пальцамі спевам ён песціць
залацісты на прасніцы лён.
 
Навіваецца нітка на шпулю
із пад рук уцякаючы ў міг.
З яе белыя будуць кашулі,
будзе тонкі, узорны ручнік.
 
Ды палотнаў сцягі снегавыя
забялеюць на сонцы вясною,
зелень свежую цвет як пакрые
і чаромуху ў вэлюм прыстрое.
 
Калі воблакам рожава-белым
ахінецца сад цвету імглой,
а дзяўчына затужыць нясмела
аб каханні расцвіўшай вясной.
 
Снежна белыя будуць кашулі,
ды бялей за чаромухі бель,
за галоўку старое бабулі
і як яснага сонца пасцель.
 
– Як полаз, як колас, як волас,
ты, унучанька, нітку прадзеш…
Вечарамі накш пралі мы колісь
пры лучыне, на верацяне…
 
Так бабулька хаця дакарае,
але радасць у твары гарыць,
бо ўнучкіна нітка такая,
што танчэйшай не можа і быць.
 
Залаціцца кудзеля на прасніцы,
гарыць сонца ў касе залатой.
Пра палотны, пра долю, пра шчасце
плывуць думкі за ніткай даўгой.
 
1935

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий