Ёсць першабытна-дзікая краса
У ціхай свежасці кутка ляснога,
Дзе ні згрызот, ні звяг, ні вока злога,
Дзе кожная расінка, як сляза.
Танцуе ў змроку сонечны прамень.
Ён за далёкай хмарай нарадзіўся,
Ён у бязмежнай пушчы заблудзіўся
І дажывае свой апошні дзень.
Ён прамільгне вавёркай па сасне,
Асвеціць мох панылы і жаўтлявы,
Разбудзіць птушку, скоціцца на травы,
На вуснах кветкі вечным сном засне.