Леанід Дранько-Майсюк — Мне шчасце дадзена магчымае…

Леанід Дранько-Майсюк

Мне шчасце дадзена магчымае
I з ім такое адкрыццё, –
Што толькі з гэтаю жанчынаю
Спазнаю поўнае жыццё;
 
Што толькі з ёю мне адкрыюцца
Глыбіні, цёмныя дасюль,
I думкі чысцінёю ўмыюцца,
I стане светла адусюль…
 
I толькі гэтак жыць мне хочацца, –
З вясёлым страхам цераз край!
Няхай душа мая заходзіцца
I задыхаецца няхай;
 
Няхай пачуцці вінаватыя,
Сваёй збаяўшыся віны,
Папросяць радасці эладнае
У вечна юнай даўніны…
 
У даўніны – не крык анафемны,
А суцяшэнне для мяне:
«Няма ні грэшных і ні праведных,
А ёсць каханыя і не…
 
I што ж тут кепскага здараецца,
Калі пад знакам адкрыцця,
Жанчына любая з’яўляецца
З чужога нейчага жыцця?!»

9 лістапада 1991

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий