Летнім днём

Пераказы і дыктанты

  Алесь ішоў высокім берагам возера, на якім шумелі кашлатыя хвоі. Дзе-нідзе, як волаты, ахапіўшы чыгунным вузлаватым карэннем зямлю, стаялі дубы. Магутныя і велічныя постаці іх адбіваліся ў люстранай вадзе.
 Малюнкі прыроды мяняліся адзін за адным. Толькі што Алесь захапляўся высокім абрывістым берагам, як раптам дарожка, што белая ручаінка, пакацілася з узгорка ўніз, і перад вачыма яго раскінулася бязмежная сенажаць, як бы разаслаў хто вялізны-вялізны дыван, што зліваўся ўдалечыні з блакітным шоўкам чэрвеньскага неба. Дзе-нідзе толькі віднеліся на гэтай неабсяжнай зялёнай роўнядзі асобныя купкі беланогіх бярозак, якія стаялі мясцінамі, як тыя дзяўчаты ў карагодзе.
 Дарожку перабягаў ручай, які цурчэў з-пад маладой алешыны, што ўзнімалася над чаротамі. Вада была такая чыстая, з нейкім крыштальным адценнем, што нават круглыя гладкія каменьчыкі, якія ляжалі на дне ручая, здаваліся белымі каралямі.
 I хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся, і прыемны халадок асвяжыў яго. Пасля падняўся, далоняю выцер губы, абтрос з кашулі празрыстыя кропелькі і адчуў, што прасвятлела ў вачах. Нават лягчэй цяпер ступалі ногі…
(165 слоў)

Паводле П. Броўкі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий