Лідзія Арабей — Маё і тваё

Лідзія Арабей

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 У Колі быў дзень нараджэння, і яму прынеслі шмат падарункаў – і металічны канструктар, і гульню «Футбол», а колькі кніжак! Але самы найлепшы быў татаў падарунак – веласіпед! I не дзіва, што Коля радаваўся гэтаму падарунку больш за ўсё. Яго таварышы даўно ўжо мелі веласіпеды – і Міша, і Воўка, і Казік. А ў яго не было. Праўда, сябры давалі яму пакатацца, але ўсё ж гэта не тое, што мець сваю машыну…
 Цяпер і ў Колі ёсць веласіпед. I не маленькі, як у хлопцаў на іхнім двары, а куды большы і, што самае галоўнае, з вялікім званком-сігналам. Прымацаваны да руля, званок званіў вельмі звонка і весела, не так, як у машынах ягоных сяброў – ледзьве трэнькаў.
 Назаўтра Коля ўсю раніцу катаўся па кватэры, а калі на дарозе траплялася мама, ён моцна званіў і крычаў:
 – Сцеражыся! Веласіпе-ед!
 Мама спачатку смяялася, а пасля пачала сварыцца:
 – Надакучыў ты мне са сваім веласіпедам, носішся як апантаны, звоніш. Ідзі на двор і катайся!
 Коля ўзрадаваўся. Як гэта ён і сам дасюль не здагадаўся пахваліцца хлопцам сваёю машынаю?
 Ён хуценька схапіў веласіпед і пацягнуў яго ўніз па лесвіцы.
 Быў цёплы летні дзень, на двары гуляла шмат дзяцей. Міша, Воўка і Казік таксама каталіся на сваіх веласіпедах. Яны толькі што прыпыніліся ў канцы двара. Казік надумаў зрабіць з веласіпедаў цягнік. I толькі сабраліся хлопцы наладзіць такую гульню, як з’явіўся Коля. Ён глянуў на машыны сваіх сяброў, потым на сваю і ўсміхнуўся. Іх веласіпеды былі ўжо старыя, з аблезлаю фарбаю. У Мішавай машыны руль зусім пагнуты, у Казікавай палавіны спіц няма ў колах. А ў яго, у Колі, машына новенькая, уся блішчыць, асабліва руль і званочак.
 Коля шпарка паехаў па двары і моцна-моцна зазваніў. Хлопчыкі як убачылі яго, забыліся адразу пра сваю гульню і пабеглі яму насустрач. А Коля пад’ехаў да сяброў і важна спыніўся перад імі.
 – Вось гэта веласіпе-ед! – аж прысеў ад захаплення Міша.
 – Здорава, – сказаў Казік, абышоўшы машыну.
 – А з якім сігналам! – пахваліўся Коля.
 Націснуўшы на педалі, ён павольна зрабіў круг перад сябрамі, увесь час звонячы ў званочак.
 – Дай праехаць! – папрасіў Міша.
 Коля памкнуўся быў злезці, каб даць пакатацца Мішу, але раптам перадумаў. Ён нахмурыў бровы, зручней усеўся ў сядле і сказаў:
 – Не дам… Ты яшчэ зломіш!
 – Мы асцярожненька, – папрасіў і Воўка.
 Коля зірнуў на таварыша. У таго ажно кропелькі поту выступілі пад носам – так хацелася яму пакатацца на новым веласіпедзе.
 Коля ад’ехаў крышку назад і зноў коратка буркнуў:
 – Не дам!
 – А мы ж табе давалі, калі ў цябе не было, – упікнуў Міша.
 – Параўнаў! Вашы былі старыя, а мой новы… I ў мой званок вы званіць не ўмееце!
 – Усе няўмекі, толькі ты ўмека, – пакрыўдзіўся Воўка.
 – Каб мы табе веласіпеды не давалі, ты і катацца не ўмеў бы, – сказаў Міша.
 – I не прасіце ў яго, калі ён такі, – сказаў Казік. – Хадзем лепей у цягнік гуляць!
 Тут хлопчыкі ўспомнілі, што збіраліся гуляць у цягнік, і пабеглі да сваіх веласіпедаў.
 Коля адзін пачаў кружыць па двары.
 Але дзіўна, як толькі хлопчыкі адышліся і пачалі гуляць без яго, новы веласіпед з такім звонкім сігналам быццам страціў усё сваё хараство. Коля без усякай радасці націскаў на педалі і паварочваў руль, без усякай радасці званіў сваім звонкім званочкам.
 А Міша, Казік і Воўка так загуляліся, што зусім забыліся пра Колю. Ім было весела. Коля панура сядзеў на сваім новым веласіпедзе і ўсё званіў, званіў, але на яго ніхто не звяртаў увагі. Нарэшце Коля не вытрываў і, калі «цягнік» зрабіў астаноўку, пад’ехаў да таварышаў.
 – Калі вельмі хочаце, то наце, пакатайцеся, – сказаў ён, ахвотна злазячы са свайго веласіпеда.
 Хлопчыкі глядзелі на Колю, на яго вінаваты твар. Ім, вядома, хацелася пакатацца на новай машыне, але яшчэ свежаю была і крыўда.
 – Што, сумна аднаму? – спытаў Казік. – Сам да нас прыехаў?
 Коля нічога не адказаў.
 – Ну добра, – згадзіўся Міша. – Ты на маім пакатайся, а я на тваім паспрабую.
 – Чакайце, чакайце, – замахаў рукамі Казік. – Няхай Колеў веласіпед будзе нашым паравозам! Міша, садзіся на яго, і калі цягнік рушыць, ты будзеш сігналіць, нібы машыніст на паравозе!
 – А пасля мы ўсе па чарзе будзем машыністамі! – дадаў Воўка.
 – Правільна, правільна! – закрычалі хлопчыкі.
 I вось цягнік пачаў набіраць хуткасць. Казік і Воўка моцна пыхкалі:
 – Пых, пых!
 Потым Міша званіў, а Коля крычаў:
 – Дарогу!
 З вясёлым гоманам і смехам хлопчыкі рушылі з месца. На паваротах Міша моцна сігналіў. I хоць званок веласіпеда быў зусім не падобны на гудок паравоза, хлопчыкам усё роўна здавалася, што яны едуць на сапраўдным цягніку, едуць далёка-далёка, можа, нават у краіну райскае птушкі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений