Лідзія Арабей — Мікіткаў сон

Лідзія Арабей

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 На вуліцы было надта горача. Мікітка скінуў і кашулю, і майку, і нават штонікі, застаўся ў адных трусіках і сандалях, але ўсё роўна не было рады ад гарачыні. Сонца пякло, апальваючы скуру, награваючы сцены дамоў, б’ючы ў шыбы і адсвечваючы ад іх новымі гарачымі промнямі. Было так млосна, што не хацелася гуляць ні ў якія гульні, і хлопчыкі ў двары сядзелі як асалавелыя.
 I раптам Косцік, які заўсёды быў здатны на выдумкі, зірнуў на ўсіх павесялела і крыкнуў:
 – Давайце аблівацца вадою!
 З хлопчыкаў уміг зляцела млявасць, усе ажылі, ускочылі з лаўкі і пабеглі дахаты, па бутэлькі.
 Бутэлькі гэтыя былі не шкляныя, а такія, што іх можна было сціскаць рукамі, як гумавыя. У іх налівалі ваду, у корках рабілі дзірачку – і бутэлька-палівачка гатова. Дзеці не раз забаўляліся такім абліваннем, і цяпер, у гарачыню, хіба можна было прыдумаць забаву весялейшую!
 Скора хлопчыкі бегалі па двары з тымі бутэлькамі і аблівалі адзін аднаго. Халодная вада струменем біла ў разгарачанае цела і паўзла, казычучы бок, спіну, да самых трусікаў. I скора хлопчыкі былі мокрыя з ног да галавы.
 Больш не было горача, халодная вада асвяжала, і хлопчыкі абліваліся б, мусіць, да вечара, каб кожнага з дому не паклікалі абедаць.
 Прыбег дадому і Мікітка. Бабка аж рукамі пляснула, убачыўшы такога мокрага ўнука, пачала яго выціраць, потым пакарміла і загадала:
 – Спаць! Пасля абеду – ціхі час!
 Прывык Мікітка бабку слухацца. Спаць дык спаць. Лёг у свой ложак і ўміг заснуў.
 I прыснілася яму, што бегаюць яны з хлопчыкамі па двары і вадою з бутэлек абліваюцца. I так ім весела, так хораша! I раптам – галасок, тоненькі, кволы. Не то скарга, не то песенька:

Не магу я з дзеткамі забаўляцца
I вадой з бутэлечкі аблівацца.
Прырасла я ножкаю да зямлі,
Хоць бы ты, Мікітка, мяне паліў…

 Азірнуўся Мікітка ў сне і бачыць – кветачка, што расла ў іх агародчыку пад акном, апусціла галоўку, абвяла лісточкамі, сагнулася сцяблінкаю ледзь не да зямлі і плача, але плача без слёз. На слёзы вада патрэбна, а кветачка ні кроплі вады не мае, усю высушыла пякучае сонца.
 I цікава ў сне Мікітку: няўжо кветачка ўмее спяваць, гаварыць? Хіба яна жывая?
 А калі прачнуўся, адразу ў двор і пад акно, туды, дзе і праўда расла кветачка. Глядзіць – ну і дзіва! Зусім як у сне – абвяла кветачка, галоўку апусціла, лісточкі вісяць, толькі нічога не гаворыць кветачка, не спявае сваёй песенькі, маўчыць. А Мікітка ж помніць тую песеньку слова ў слова:

Не магу я з дзеткамі забаўляцца
I вадой з бутэлечкі аблівацца.
Прырасла я ножкаю да зямлі,
Хоць бы ты, Мікітка, мяне паліў…

 Пабег Мікітка дадому, набраў поўную бутэльку вады і назад у двор. Нахіліўся да кветачкі і пачаў струменьчыкам ліць ваду пад яе ножку.
 Кветачка прагна піла і ўсё ніяк не магла здаволіцца. Мікітка пабег дадому, каб набраць яшчэ вады.
 Калі з бутэлькай вярнуўся назад, то ўбачыў цуд. Сцяблінка выпрасталася, лісточкі падняліся ўгору, а вясёленькая кветачка глядзела на Мікітку і ўсміхалася. Так, так, усміхалася!
 А тут мама з работы ідзе, прысела каля Мікіткі паглядзець – на што ён дзівіцца. Мікітка ў яе і пытаецца:
 – Мама, а хіба кветачка жывая?
 – Канечне, жывая, – адказала мама.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий