Лошыца

Пераказы

   На паўднёвай ускраіне горада Мінска, дзе зліваюцца рэкі Лошыца і Свіслач, ёсць таямнічае, авеянае паданнямі і легендамі месца – Лошыцкі парк. Мы прыязджаем туды паглядзець, як ладзяцца рыцарскія турніры, паблукаць па прысадах з магутнымі старымі дрэвамі. Усё тут дыхае даўніной: сядзібны дом, у якім захаваліся ляпная столь, старажытная кафля і нават сцяна з чырвонага дрэва з патаемнымі дзверцамі, будынак вінакурні васямнаццатага стагоддзя, руіны млына і капліцы.
   Першая сядзіба з’явілася тут яшчэ ў пятнаццатым стагоддзі. А напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя сядзіба перайшла да Яўстафія Любанскага. Гэта быў чалавек перадавы. Менавіта ён паспрыяў таму, каб у Лошыцкім парку з’явіліся саджанцы рэдкіх раслін. Паколькі ён быў натурай дзейнай, любіў усё новае, то захапіўся апошняй тэхнічнай навінкай свайго часу – веласіпедам. Любанскі ўзначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў і ладзіў у сваёй сядзібе іх выступленні. Ажаніўся ўладальнік Лошыцы пазнавата, у трыццаць сем гадоў, а за жонку ўзяў юную прыгажуню, дваццацігадовую Ядвігу, якую кахаў і песціў незвычайна. Напрыклад, спецыяльна для яе прывёз з Японіі рэдкае дрэва – магнолію, якая і дасюль цвіце ў Лошыцкім парку.
   У 1905 годзе святкаваўся дзень нараджэння пані Ядвігі. На пышны баль з’ехаліся госці, і аднаму з іх удалося завалодаць сэрцам пані. Яна пачала сустракацца з прыгожым юнаком. Каханне не схавалася ад цікаўных вачэй. А праз два месяцы знайшлі цела Ядвігі ў Свіслачы каля перакуленай лодкі. Нібыта ноччу па сцежцы спусцілася яна з крутога берага, села ў лодку і… Але ніхто не ведае, як адбылася трагедыя.
   Яўстафій Любанскі страшэнна гараваў. Ён чамусьці загадаў закласці цэглай акно ў пакоі памерлай жонкі і з’ехаў на Каўказ, дзе хутка памёр.
   Свінцовая труна з целам пані Ядвігі захоўвалася ў Лошыцкай капліцы. У 1935 годзе новыя гаспадары сядзібы ўзарвалі непатрэбны будынак. Але гісторыя на гэтым не закончылася. Кажуць, калі прыйсці ў Лошыцкі парк з дзесяці да адзінаццаці гадзін вечара ў час цвіцення маньчжурскага абрыкоса і пры гэтым будзе свяціць поўня, то на яе фоне можна разгледзець выразны сілуэт жанчыны ў белым адзенні. Бачылі нібыта ў гэты час жаночы сілуэт і над вадой, дзе зліваюцца Свіслач і Лошыца. I кожны год прывезеная Любанскім з Японіі магнолія расцвітае ў дзень нараджэння пані Ядвігі.
   Расказваюць страшныя гісторыі і пра разваліны лошыцкіх млыноў. Млыны заўсёды лічыліся прытулкам нячыстай сілы. Асабліва небяспечна прыходзіць туды ўночы, калі свеціць поўня. Кажуць, і цяпер некаторыя небаракі сустракаюцца там з цёмнымі сіламі.
   Але звязаны з Лошыцай і рамантычныя павер’і. Напрыклад, пра заручальны дуб, да якога на працягу многіх гадоў хадзілі прасіць дапамогі ў каханні. I не дзіва: расліны тут сапраўды нібыта напоўнены незвычайнай сілай. Травы ў парку вышэйшыя за чалавечы рост, дрэвы – па тры-чатыры ствалы. Нездарма тут праводзілі свае эксперыменты з раслінамі навукоўцы. Калі адну старую ліпу, паваленую ветрам, распілавалі і палічылі кольцы, то аказалася, што дрэву дзвесце сорак гадоў.
   Сёння Лошыца аднаўляецца і робіцца адным з любімых месцаў прагулак гараджан. Галоўнае для нас – помніць, што не страшныя гісторыі мінуўшчыны, а наша безадказнасць і неахайнасць губяць прыгажосць таямнічых месцаў.
(469 слоў)

Паводле Л. Рублеўскай.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий