Лялечка

Пераказы і дыктанты

   Ліда помніла сябе з той шчаслівай пары ранняга маленства, калі яна чатырохгадовай дзяўчынкай лавіла ў садзе стракатых матылёў. У блакітнай сукенцы, з чырвонай стужкай у кучаравых валасах, чысценькая і беленькая, яна нагадвала прыгожую ляльку. Маці так і клікала яе: «Лялечка, не спяшайся! Лялечка, не разбі носіка!» Мама заўсёды была на варце яе здароўя і спакою.
   Тата прыходзіў дамоў пад вечар. Ён насіў Ліду на руках, падкідаў угору, гойдаў на каленях, і яна часта засынала, прытуліўшыся да яго грудзей.
   Тады яны жылі ў Сібіры. Лідзіна радзіма, якой яна не памятала, ляжала ў руінах і папялішчах. На свеце была вайна. Тата працаваў у леспрамгасе. Ён часта гаварыў маме:
   – Трэба, Ганна, аддаць нашу Лідачку ў дзіцячы садок. Там і харчы добрыя, і догляд нядрэнны.
   – Што ты, Васіль! Каб аддаць яе ў чужыя рукі! Наша Лідачка вунь якое мілае дзіця, а зірні на суседскіх! Такія распусты! I мурзатыя, і абарваныя, і заўсёды з сінякамі ходзяць.
   Бацька ўздыхаў, і на тым гаворка канчалася. Як толькі Ліда стала вучаніцай, маці не магла нарадавацца. Дачка прыносіла дамоў адны пяцёркі.
   – Вельмі разумная дзяўчынка, – сказала на бацькоўскім сходзе настаўніца. – У яе добрыя здольнасці, але мне здаецца, што яна занадта ўжо высакамерная. Падумайце пра гэта.
   Маці выслухала гэта моўчкі, а дома пры Лідзе сказала бацьку, што настаўніца першага класа не разумее, якое адоранае дзіця Лялечка.
   I вось дзяўчынка вырасла, ужо канчае школу. Цяпер з ёю нават маці няпроста. Сёння Лідачка ўвайшла ў хату, кінула паліто на матчыны рукі, а партфель з падручнікамі ў кут і, не спяшаючыся, падышла да люстэрка. Адтуль на яе зірнуў прыгожы круглы тварык з ямачкамі на шчоках, з пагардлівай усмешкай на вуснах. Блакітныя вочы выглядалі з-пад доўгіх веек, як расцвіўшыя пралескі. Позірк гэтых вачэй быў малады і свежы, але нейкі халодны. Так бывае ранняй вясной, калі здаецца, што на дварэ цёпла і радасна, бо так ясна свеціць сонца і зелянее траўка, а як толькі выйдзеш за парог, цябе нечакана праніжа халодны вецер. Такая была і Лідаччына прыгажосць – заманлівая і халодная.
   Наглядзеўшыся ў люстэрка, дачка села за стол і гукнула:
   – Ну, ці скора там?
   – Нясу, нясу, Лідачка! – азвалася з кухні маці.
   Праз некалькі хвілін яна падала полудзень, але Лідачка пакаштавала, скрывілася і, адсунуўшы ўбок талерку, пачала разглядаць малюнкі ў новым часопісе для жанчын.
   – Еш, Лідачка, хутчэй, а то суп астыне, – сказала маці.
   – А ён у цябе халодны ці гарачы – бурда бурдой.
   Ліда цяпер амаль заўсёды была нечым незадаволеная. Усюды яна знаходзіла нешта такое, што псавала настрой. Добрая адзнака, якую атрымлівала не яна, новая сукенка ці туфлі ў аднакласніцы, няўвага з боку настаўнікаў – усё атручвала яе жыццё. Ёй здавалася, што яе абкрадваюць і з яе смяюцца.
   Сябровак яна не мела. Дакладней, з ёй, Лялечкаю, ніхто не мог сябраваць. Знаходзіліся сяброўкі, але ненадоўга. Варта было дзяўчыне быць чым-небудзь лепшай, і Ліда лічыла яе сваім ворагам. Адным словам, яна ўсюды і заўсёды хацела быць першай і шукала вінаватых, бо думала, што нехта ёй замінае. Сёння для злосці было шмат прычын. Асноўная з іх такая. Хутка экзамены на атэстат сталасці, і яна не была ўпэўнена, што будзе лепшай.
(498 слоў)

Паводле А. Чарнышэвіча.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий