Лясны волат

Пераказы і дыктанты

  За паваротам цямнее ў вадзе нешта вялікае. Я схапіўся рукою за сцябліны, спыніў байдарку і прыглядаюся ўважліва. Гарбаносая галава быццам ляжыць на вадзе, цямнее маленькім астраўком загрывак. Вочы заплюшчаны, вушы зрэдку варушацца, а вакол галавы незлічоным роем кружацца камары, мушкі, авадні, сляпні.
 Не адрываючыся, гляджу я на цудоўны малюнак: жоўта-зялёная сцяна чароту, а ў вадзе, пасярод жоўтых гарлачыкаў і белых лілей, цёмная галава лася з вялізнымі раскідзістымі рагамі.
 Неўзабаве лось цяжка ўзняўся. Ён шумна ўздыхнуў і выбраўся на мелкае месца. Вада сцякае серабрыстымі струменьчыкамі з губастай пысы, з шырокай шыі, з мокрых бліскучых бакоў, асветленых сонцам. Магутны лясны волат быў так удала ўпісаны ў навакольны пейзаж. Ён здаваўся жывым увасабленнем самой прыроды ва ўсёй яе красе і сіле.
 Лось выйшаў з вады на бераг пратокі. Падмінаючы кусты лазняку і алешніку, ён рушыў скрозь густое спляценне зараснікаў.
 Калі ісці далей будзе немагчыма, ён ляжа на жывот і асцярожна папаўзе па дрыгве. Лось – вялікі майстар прабірацца па балоце. Ён лёгка пройдзе там, дзе ніколі не зможа прайсці чалавек.
(169 слоў)

 

Паводле В. Вольскага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий