Людчына хата

Пераказы і дыктанты

 Яна вылучалася з усіх вясковых хат. Дах са шчыльна падагнанай гонты, са шляхетна заламанымі з абодвух канцоў вільчыкамі, ды ўся яна была такая ўтульная, зграбная, усё ў ёй было да толку. Два акантаваныя слупкі высокага ганка падтрымлівалі выгнуты дугой паддашак, падшыты шалёўкай. Адсюль дзверы вялі ў вузкі калідорчык, які дзяліў хату на дзве палавіны.
 Шмат пазней я даведаўся, што Людка з мужам пераехалі ў пасёлак з-за лесу, з хутара. Там у іх была добрая гаспадарка, млын, некалькі коней. Сюды пераехалі яны ледзь не першыя, але ад раскулачвання не ўратаваліся. I млын, і коні, і каровы, і прыбудовы адышлі пад калгас, а самога гаспадара саслалі. Відаць, разумны быў чалавек, шмат што бачыў наперад ці прадчуваў, што так спяшаўся абжыцца на новым месцы: і хату выштукаваў, і хлеў скідаў, і садок насадзіў.
 Садок стаў садам, узняўся, разросся, затуляючы хату ад вуліцы, ад ветру. Яблыні былі розныя, але паўз вуліцу расло некалькі дзічак, бо гаспадар не паспеў прышчапіць нешта культурнае.
 I вось я зноў каля той жа хаты, праз столькі гадоў.
(170 слоў)

Паводле А. Кудраўца.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений