Максім Багдановіч — Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог…

Максім Багдановіч

Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,
Улажылі спаць мяне вы на зямлі.
Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,
Ў небе месяца праглянуў бледны рог,
Ў небе ціха зоркі расцвілі.

Знічка коціцца агністаю слязой,
Прашумела мякка скрыдламі сава;
Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.
 

 

Адказы на пытанні:

 1. Наступныя радкі найярчэй перадаюць злітнасць чалавека з прыродай:

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.

 Лірычны герой прылёг вечарам адпачыць у свежым стозе і адчуў моцнае яднанне з навакольным светам, адчуў самыя патаемныя рухі прыроды. Ён адчувае гармонію прыроды і злітнасць з ёю.
  2. Калі ўначы бачыш, як падае знічка з неба, за ёю цягнецца невялікі залацісты шлейф, таму можа ўзнікаць асацыяцыя знічкі з агністаю слязой.
 3. Паўтарэнне зычных гукаў "ц – ц – ц – с – с" перадае нам гукі надыходзячага вечара – ціхі вецер, цырканне цыкад, мяккі шум травы і дрэў, прырода сцішваецца, засынае.
 У наступнай страфе ідзе працяг павольнага сцішвання прыроды: "З-ч-ц-с-с", "ш-с-с", "ч-з-ш" і г.д.
  4. Мелодыя верша ствараецца наступнымі мастацкімі сродкамі:
 Аўтар выкарыстоўвае яркія эпітэты: ціхі вецер, светлы пыл, бледны рог, агністая сляза.
 Метафары: месяца праглянуў бледны рог, знічка коціцца агністаю слязою, ціха зоркі расцвілі, дрыжаць зоркі.
 Танальнасць верша задуменная, сцішаная, спакойная. Такі ж і рытм. Верш напісаны харэем, які надае гучанню спеўнасць, задумлівасць, мілагучнасць, павольнасць.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий