Максім Багдановіч — Вераніка

Максім Багдановіч

È un pеnsіеr dеl mіo cаpo.

Gіovаnnі

Яна – выдумка маёй галавы.

Джавані (італ.)

Я на душы ўразлівай маю
Жыцця мінулага пячаць:
Схачу свой вольны верш пачаць, –
I ўраз пра прошлае згадаю;
Удаль вядуць мяне сляды
Да вас, дзіцячыя гады.

Ўстае перад маім паглядам
I вулка, веючая сном,
I ціхі старасвецкі дом
З цяністым, адзічэлым садам;
Над ім шпакоўніца ў гары,
А ўкруг схіліўся тын стары.

Дом гэты да паноў Забелаў,
Суседзяў нашых, наляжаў;
Я змалку там штодзень гуляў,
З дзяцьмі іх лез на дахі смела,
Рваў яблыкі, рабіў садом
I крыкам поўніў цэлы дом.

Вясёла йшлі гулянкі нашы:
Пад шум і гук размах рукі
Збіваў здалёку гарадкі,
Быў чутны смех пры відзе "кашы",
I кожны стрымываў свой плач,
Калі ўразаўся ў плечы мяч.

А вечарком мы выпускалі
Ў паветра белых галубоў.
Зрабіўшы некалькі кругоў,
У вышыню яны шыбалі,
Як чысты снег, кружылі там
I падалі на дахі к нам.

Калі ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх свет праз небасхіл,
I уплатаўся вулак пыл, –
Мы ўсе пяялі каля хаты,
I напаўняў нягучны хор
Маркотнай песняй сціхшы двор.

Так у гулянках пралятала
маё дзіцячае жыццё,
А поруч ціхае дзіцё,
Дачка Забелаў, узрастала.
Яе я мала знаў: яна
Ўсягды была сама, адна.

Жылося цяжка Вераніцы
(Хай так дзяўчыну будзем зваць):
Яе памерла рана маць,
I не было саўсім сястрыцы,
А бацька сэрца хоць і меў,
Ды прытуліць яе не ўмеў.

Таму з маленства палюбіла
Хавацца ў сад стары яна,
Дзе веяла дыханне сна
I цішыня ў паветры плыла,
I нерухомы быў спакой,
Маўляў у глыбіні марской.

Не калыхнуцца лісцяў хвалі,
Ўспляснуўшы пенаю цвятоў
Паверх чарэшнявых кустоў;
Кіпіць шум места дзесь там далі,
А тут і глуха і цямно, –
Не зварухне марское дно.

I забывала Вераніка
Між зёлак з кніжкай аба ўсём,
А ўзгляне, – сад кіпіць жыццём:
Над ёю куст шыпшыны дзікай,
Бруяе блізка сонны шмель,
I горка пахне тонкі хмель.

Iзноў страніца за страніцай
Раскрытай кнігі шалясціць;
Нячутна час кудысь бяжыць,
Раяцца думкі Веранікі, –
Усё расце душа яе
I ў паўнаце красы ўстае.

Калі ж асеннія навіны
Змянялі сад, калі з бяроз
Рваў лісце вецер, а мароз,
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Узрывалі прэлых лісцяў слой,

Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочныя варон
Між голага галля чарнелі,
I грозны вечара пажар
Пылаў між бура-шызых хмар;

Калі асенні вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах, –
Тады да лета Вераніка
Ад нас знікала ў інстытут
I не будзіла згадак тут.

А час усё каціўся далі,
Хаваючы на дне гадоў
I гарадкі і галубоў;
Мы непрыкметна падрасталі,
А іншы ўжо шчыпаў вусы
I лічыў іх гарой красы.

I толькі ўжо тады я ўгледзеў,
Што поруч, як цвяток лясны,
Узрасла ў красе сваёй вясны
Дачка самотная суседзяў.
I – помню я – тады за ўперш
З маёй душы паліўся верш.

Ён там кіпеў струёй жывою,
Праз холад мыслі працякаў
I ў цвёрдых формах застываў,
Як воск гарачы пад вадою,
Каторым трэба вам гадаць,
Аб чым той вершык меў казаць.

Я з вам скажу йшчэ тое толькі,
Што к Вераніцы твор паслаў
I млеў і ўсё адказ чакаў.
Аж вось прайшло маруды колькі
Трывожных дзён, а ўсё няма
Ні Веранікі, ні пісьма.

Калі ж я неяк з ёй спаткаўся,
Загаварыўшы, як у сне, –
Яна зірнула на мяне,
I раптам з вуст яе сарваўся
Такі бязвінны, чысты смех,
Што на яго злавацца – грэх.

Смех гэткі маюць толькі дзеці
Ды людзі з яснаю душой;
I ён, як жаваранак той,
Звінеў і ўжо кахання сеці
Нячутна нішчыў, як ураз
Сарваўся, дрогнуў і пагас.

Накрыла ясны твар дзявочы
Задумы сумныя імгла,
На плечы ручка мне лягла,
Спагадліва зірнулі вочы
I даляцеў к маім вушам
Ласкавы шэпт: "Мо больна вам?"

Не, зорка, мне было не больна,
Бо бачыла адно душа,
Як ты свяжа і хараша,
Як рада ты жыццю нявольна,
Уся пад срэбнаю расой
Са йстужкай скромнай між касой.

I мела дзеўча выгляд маці,
Калі тады ка мне яна,
Трывожнай ласкаю паўна,
Схілілася, як да дзіцяці,
Зіяючы перада мной
У новай пекнасці жывой.

У тэй, што з постаццю дзяўчыны
Злівала мацеры чарты.
О, як прыгожы-дзіўны ты,
Двайной красы аблік адзіны!
Ажыў у ім твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!

I прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланюся я душой маёй,
Натхненнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было,
Там запалілася цяпло.

Дасюль яшчэ яно пылае;
Здаецца – ўмёрла, але ўраз
Праб’ецца зноў, і пройшлы час
Прад ім у згадках праступае,
Як пры агні ці цеплаце
Таемны подпіс у лісце.

I конь крылаты да Парнаса
Мой дух імчыць тады, каб я
Былое апяваў пасля.
Ды як знайсці сляды Пягаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь жа трохі, верны верш!

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий