Максім Гарэцкі — Апостал

Максім Гарэцкі

Увага! Поўны змест

Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі…

 

  Гарачы камуніст, а даўнейшы прыхільнік беларускага руху таварыш Курапа (партыйная клічка Жабін) з агідаю пакінуў клумнае, пыльнае і галоднае места і паехаў усведамляць вёску.
 Ён заўсёды казаў на мітынгах і на розных зборках, што не вёска вінавата, а той, хто мала рупіцца аб яе ўсведамленні.
 — Дык трэба, таварышы, ехаць на вёску!
 Курапа добра ўмеў па-беларуску, вось жа, як толькі Чырвоная Армія дала магчымасць ізноў раз абвесціць незалежную Савецкую Беларусь, ён зараз апынуўся інструктарам аддзела так званага «ўпраўленія» і дастаў камандзіроўку на правінцыю.
 Набраўшы чырвонае літаратуры на ўсіх краёвых мовах, апрача беларускае, бо літаратура ў гэтай мове яшчэ лічылася да той пары контррэвалюцыйнай выдумкай беларускіх нацыяналістаў, разлёгшыся на пахучым, але запыленым сене з дзікай сенажаткі беднага гаспадара, ехаў ён на парцы стайковых коней па Ашмянскім тракце і любаваўся на прыгожую, ціхую, задуманую прыроду беларускага лета.
 Каб развеяць думкі, камуніст звярнуў увагу на свайго вазніцу.
 Той маўкліва кіраваў коньмі і часам неяк дзіўна чмыхаў, як бы нездаволены, але не аглядаўся на свайго простага пана.
 «Якая, аднак, чыста буржуазная чырта ў спосабе рассаджвання фурмана і падарожнага,— падумаў з знаёмым асадкам ёлкасці таварыш Жабін. — Ён, як быццам якое ніжэйшае стварэнне, сядзіць спераду, а я, камуніст, быццам які пан, сяджу адзаду…»
 — Давайце, таварыш, сядзем побач! — крыкнуў ён фурману, але той сярод грукату калёс не пачуў і толькі лішні раз, як здалося камуністу, дзіўна, па-свойму чмыхнуў.
 Тады Курапа ізноў аддаўся развагам. Спачатку ён троху ўсцешыўся, што ў яго голаў прыйшла такая важная ідэя — садзіцца на фурмапцы побач з фурманам. Але радасць была нядоўгая. «Гэта ж я мог сесці побач яшчэ ў месце, адразу»,— сцяміў ён.
 Нудна.
 Ужо месяц, як Курапа кінуў курыць дзеля страшэннай дарагоўлі на табаку і дагэтуль даволі стойка цярпеў і не паддаваўся спакусе, добра знаёмай толькі адным курцам. Аж тут, сярод бязлюднага, ціхога, задуманага поля, на вялікай пыльнай дарозе, папіроса і дымок ад яе стаялі ўваччу як здань незвычайнай прыемнасці.
 — Таварыш, вы курыце? — троху мацней крыкнуў Жабін, каб на гэты раз хурман пачуў яго. Потым паправіўся і паўтарыў цішэй: — Вы, таварыш, паліце?
 Селянін не пачуў і на гэты раз. Ён узноў па-свойму чмыхнуў, але назад не павярнуўся.
 — Як вашая фамілія? — яшчэ мацней запытаўся ў яго камуніст і, узняўшыся на руцэ, другою крануў яго за плячо ў шэрай густа запыленай світцы.
 — Я адзінокі, — адгукнуўся ўрэшце хурман і збоку паказаў сваю даўна няголеную сівую шчаціну і падрэзаны, сіва-жоўты пад носам вус.
 — А як прозвішча?
 Хурман памаўчаў, быццам муліўся: казаць ці не, але ізноў павярнуў трохі галаву і пад сціхаючы грукат воза адказаў:
 — Я пішуся без прозвішча, па бацьку… Янучонак. А людзі празываюцца: Шашок.
 — Каталік ці праваслаўны?
 — Мы польскія.
 I ўзноў чмыхнуў.
 Заглядаючы на хурмановыя вусы, Курапа ўпэўніўся, што той займаецца курэннем. Дык падзівіў, чаму так доўга ён не курыць, але папрасіць табакі саромеўся і хаця з вялікаю натугаю, а змоўчыў.
 — А як пана назвіска?
 Крыху падумаўшы таксама, камуніст каротка й без асаблівае прыемнасці назваўся:
 — Жабін… інструктар.
 Хурман добра пачуў і весялейшы адгукнуўся:
 — Струкар — то, пэўне, імя рускае, бо ў нас гэткіх няма. А пан Жабінскі быў у нас…
 Курапа счырванеў.
 — Далоў паноў! Іх трэба біць, як сабак. Правільна, таварыш? — крыкнуў ён над самым вухам хурману і з палёгкаю падумаў: «Ланцуг пррыкррасці тррэба рра-здзі-рраць адрразу».
 — Правільна, — пакорна згодзіўся хурман.
 На гэты раз Курапа не ўцерпіў, дастаў з кішэні кавалак змятай паперкі з газеціны, нацёр з лісткоў сена дроныай цяртухі і стаў круціць цыгарку.
 Коні неўспадзеўкі смарганулі, і ўсё рассыпалася.
 Селянін быццам духам чуў, што той робіць. Аглянуўся, нявідна ўсміхнуўся над нос сабе і палез у кішэню, перастаўшы кіраваць коньмі.
 — Я дам пану закурыць.
 — Будзьце ласкавы, таварыш! Хоць дарма вы зневажаеце мяне панам. Я такі ж самы пралетарый, як і вы. I наагул слова «пан» цяпер зусім непатрэбнае.
 — Выбачайце: вядома, як мы цёмныя…
 Адзін конь меў патрэбу стаць і на нейкі час стануў, і яны круцілі кручонкі з фурмановага кісета. Селянін маўчаў і перастаў чмыхаць.
 Калі ж коні рушылі, а яны з салодкасцю задымілі, селянін падсеў бліжэй да падарожніка, павярнуўся бокам і, не гледзячы на яго, без асаблівае на від увагі загаманіў сам:
 — Нам бы, таварыш, ксяндза скуль параілі. Ксяндзы з палякамі паўцякалі. Людзі родзяцца, уміраюць, а мы не ведаем, што з імі рабіць.
 «Вось яна, справядлівасць маіх думак і паглядаў на вёску. Места арганізуецца. Людзі таўпесяцца па розных новаспечаных установах. Робяць «работу» — пустую, непрадуктыўную… Пагнаў бы ўсіх іх, чарцей, на вёску, усведамляць яе, рэвалюцыянізаваць…»
 Так разважаў Курапа, мяркуючы: ці дужа войстра, ці мякчэй троху сказаць пра ксяндзоў.
 — Цяпер можна і без ксяндзоў, таварыш.
 Той злёгку і з невыразным змыслам усміхнуўся, адвярнуўся болей да коні, чмыхнуў на іх. Калі пабеглі трухам, ён, дакурываючы, сказаў:
 — Без іх няма як… вядома, людзі родзяцца, уміраюць, што з імі рабіць?
 Камуніст з жаласцю і пагардаю паглядзеў на пахіленае тулава гаспадара і нічога яму не запярэчыў.
 Уз’ехаўшы на ўзгорак, увідзелі ў лагчыне хаты й хлявы сярод зеляніны дрэў. Селянін уздыхнуў, а Курапа абдумываў, што зараз будзе казаць сабраным людзям.
 Вёска не праяўляла ніякіх знакаў жыцця. Яна, яе драўляныя, нізкія, пад саламянымі стрэхамі будынкі, таксама, як і поле, былі ціха-задуманыя ці нават бяздумныя, маўклівыя, шэрыя.
 Пуста й бязлюдна было на вуліцы. Вось нехта вытыркнуўся з-за рога пуні на грукат хурманкі і ўзбіуся вачыма на яго, чужога, у чорным, мястовага. Боўць! — адным махам знік за пуняй і прапаў там бясследна.
 Супроць адной з лепшых на пагляд хатаў хурманка па загаду Жабіна станула. Камуніст выскачыў і хадзіў ля плоту, каб размяць замлелае цела і лепей разгледзець, што дзеецца ў канцах вуліцы, ці збіраюцца людзі. Хурман, зачапіўшы повад за кол у тым жа плоце, пайшоў на двор — аправіцца і папрасіць вядро. Як толькі ён зачыніў за сабою фортку, з хлева высунуўся дзед і маніў яго да сябе рукою.
 — Шашок! Шашок! — шаптаў дзед.— Ідзі сюды, каб на цябе трасца, якога там чорта камуністага прывёз?
 — Hex бэндзе пахвалёны… — падаў дзеду руку невясёлы Шашок.
 — На векі векаў, — адказаў дзед і той час прыстаў ізноў з дапытамі: — Ну, ну?
 Шашок, схаваўшыся ў пуню, пераказаў усё, што ведаў.
 — Якісь камітэт хоча рабіць, — скончыў ён.
 — А каб іх паляруш з камітэтамі, — вохаў дзед, — зраквізавалі й майго каня з мальцам у работу. Два тыдні ганяюць, а тут жніво, касавіца. Палякі заганялі…
 — Папросту гаворыць, — усміхнуўся Шашок.
 — Каб не пазналі, падлу, — злаяўся дзед.
 Калі хурман выйшаў на вуліцу з вядром, Жабін нездаволена кінуў скрозь зубы:
 — Дзе вы столькі прападалі?
 — Шукаў, шукаў, няма нікога, усі ў полі.
 Як коні былі напоены, Жабін неўспадзеўкі для хурмана скамандаваў: «Вязі на поле!»
 Толькі яны завярнулі за гумно, нейкі верхавы на злом карку кінуўся з-за стога саломы к лесу. Камуніст інстынктыўна схапіўся за похву рэвальвера.
 — Хаваюць коні ад «учоту» ў лес, а я вазі ды вазі, — бурчэў невясёлы Шашок.
 — Вязі на дарогу, я ім пакажу! — крыкнуў раззлаваны Жабін, і фурманка завярнулася назад.
 Нечыя вочы глядзелі скрозь шчэлку ў гумне, як яна запыліла на дарозе.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий