— Ах ты, рагатун пракляты! Адлезь, табе кажу, а то, брат, поўху зловіш, ці ведаеш!
— А стой, не спужаліся. Дый не карожся дарма, пакуль з табой як з добраю. Не хочаш з ласкі, будзе без ласкі!
— Уцякай, падла стары. Мяшок бяры, хустку бяры, абдзірай, сабака папскі, а гэткія жарты пакінь, поскудзь ты!
— А мы во як…
— Ы-ы, не чапай…
Хрась! Хрась!
Забаўтаўся стары ляснік, пахіліўся, раскірэчыў ногі і саўсім непрыгожа асеў к зямлі.
Дрыгнуў шабадранымі ботамі, пацягнуўся.
Чорная, гідкая, страшная кроў паплыла ў яго з галавы, пэцкала новы жупан, стрэльбу.
Маладуха астаўпянела, з жахам вытрашчыла вочы, тупы шчапель, што карэнне капала, шмякнуў з рук на зямлю.
Ой! Тошна, дрэнна… Няма як аджывіць. Тое ўжо павекі.
Бежч… бежч… О-ё-ё-ёй… Што гэта?
Дрэвы нядобра заківалі макаўкамі, прытулілася трава, ледзьве трэснуў сучок, лёгкая болачка ўцякла з аднаго боку неба па другі.
Бегла, як шалёная, маладуха.
Ляжаў, як калода, стары ляснік.