Максім Танк — Конь і Леў

Максім Танк

Працаваў буланы Конь
У гаспадара,
З году ў год вазы вазіў
І зямлю араў.
А калі ён пастарэў
Ды нядужым стаў,
Гаспадар яго з двара
Праганяць пачаў.
Уздыхнуў і кажа Конь:
– Ці-ж, за шмат гадоў,
Я ў цябе не зарабіў
Чатырох падкоў? –
Гаспадар жалеза ўзяў,
Падкаваў Каня.
І пайшоў буланы ў даль
На сустрэчу дня.
Ён ідзе, мурог скубе,
Ліст духмяны з дрэў.
Раптам бачыць: перад ім
Сам магутны Леў.
– Што-ж не кланяешся мне? –
Грозна Леў спытаў.
– Ах, даруй мне, цар звяроў…
Конь так адказаў. –
Выгнаў гаспадар мяне
Ў гэты ранні час.
Я, галодны, скуб траву,
Не заўважыў вас.
– Усё роўна вінават
Ты перада мной.
Паглядзі, – гаворыць Леў, –
Што зраблю з табой. –
Глыбу з крушні ён схапіў
Ў кіпцюры свае
І так сціснуў, што вада
Пырснула з яе.
– Ну, вядома, ў камні ёсць
Ад дажджоў, снягоў
Шмат вады, што цярушаць
Хмары на яго.
Дзіва большае было-б, –
Кажа гэтак Конь, –
Каб з гранітнай глыбы мог
Высекчы агонь! –
Кажа Леў Каню:
– Што мне значыцца дастаць
Нейкага агню! –
Спрабаваў Леў высякаць
Іскры, ды дарма,
Толькі кіпцюры ступіў,
А агню – няма.
– Ну, цяпер твая чарга! –
Кажа цар звяроў…
Тут у глыбу ўдарыў Конь
З чатырох падкоў.
Пад аблокі іскраў сноп
З громам паляцеў.
Аж не знаў, як уцякаць,
З перапуду Леў.
Вось ляціць ён, ледзь жывы,
А настрэчу Воўк.
Той пачаў цару звяроў
Кланяцца здалёк.
– Перастань ты, – кажа Леў, –
Кланяцца да ног.
Я не цар, бо Конь мяне
Сёння перамог. –
Воўк не верыць: – Як, скажы,
Ты паддаўся, Леў,
Бо асілкаў гэткіх я,
Пэўна, з сотню з’еў.
Толькі мне ты пакажы
Гэтага Каня. –
Ад яго на’т і касцей
Не пакіну я.
– Не хваліся, – кажа Леў, –
І не смейся лепш:
Як убачыш ты Каня,
З страху сам памрэш.
Хочаш, я табе яго
Пакажу здалёк… –
І пайшлі глядзець яны –
Леў і шэры Воўк.
Толькі лес прайшлі, тут Леў
Кажа: – Бачу я
За пагоркам, на лугу,
Гэтага Каня.
Ты ніжэйшы ростам, Воўк,
Можа не відаць?
Дай спрабую я цябе
Ды вышэй падняць. –
І хоць асцярожна Леў
Друга ў лапы згроб,
Але зіркачы ў таго
Вылезлі на лоб.
– Што-ж ты дыхаць перастаў? –
Запытаўся Леў. –
Перш хваліўся, а цяпер
З страху анямеў!..
Тут Леў бразнуў аб зямлю
Шэрага Ваўка
І да логвішча свайго
Кінуўся ўцякаць.
Гэта бачыў Гаспадар.
Рад быў дужа ён,
Што ад ворагаў яго
Выратаваў Конь.
Ён буланага вярнуў
Зноў у стайню – ў дом
І ўвесь век яго карміў
Сенам ды аўсом.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий