Максімка

Пераказы і дыктанты

  На другі дзень, калі бацька і маці сядзелі на канапе, да іх падбег Толя, вясёлы, шчаслівы. Ён праціснуўся паміж каленяў бацькі, прытуліўся да яго і сказаў:
 – А веласіпед сапраўды мне купіш?
 – Куплю, сынок, куплю. Толькі пакуль што няма дзе купіць, – адказаў бацька, а потым звярнуўся да жонкі: – Акурат таксама той хлопчык прытуліўся да мяне і прасіў машыну. Ён так быў упэўнены, што перад ім яго татка…
 Маці сказала:
 – Ведаеш, што я думаю: ці мае права наш Толя быць такім шчаслівым, калі столькі дзяцей засталося без бацькоў?
 – Чаму ж не? – адказаў бацька. – Ён нічыё месца не займае. А вось мы займаем месца забітых бацькоў, таму не маем права забываць пра іх дзяцей.
 Так Максімка, сам таго не ведаючы, увайшоў у жыццё гэтай сям’і. Увайшоў і заняў пэўнае месца ў сэрцы не толькі бацькі, але і маткі, якой часта здавалася, нібы яна сама прысутнічала пры той сустрэчы: пры кожным выпадку яны з замілаваннем успаміналі незнаёмага, далёкага хлопчыка Максімку.
 …Была ўжо восень. Дрэвы вакол дзіцячага дома пажоўклі. Апусцелі пясчаныя распрацоўкі. Пранізлівы вецер без перашкоды гуляў па пералесках і ўзгорках. З зачыненага дома ішоў гул, як з устрывожанага вулля.
 Малыя перанеслі сваё будаўніцтва ў памяшканне. Замест пяску ў іх цяпер былі бярвенні, фермы, блокі, кубікі. Як і раней, яны чакалі, што заўтра прыедзе татка і прывязе нешта такое, такое…
 – А мой татка прывязе мне сто кубікаў!
 – А мой татка прывязе мне поўны дом кубікаў!.. Раптам падышла цёця Каця:
 – Максімка, ідзі сюды! Да цябе татка прыехаў!
 Нельга сказаць, каб Максімка вельмі здзівіўся: ён і без таго ведаў, што калі-небудзь ды татка прыедзе. Але ўсё ж такі ён захваляваўся і пачырванеў.
 Цёця Каця ўзяла яго за руку і павяла. А ззаду ніхто не звяртаў увагі. Хутка Максімка ўбачыў высокага дзядзьку і адразу пазнаў, што гэта той самы татка, які прывёз яму машыну, але тады чамусьці не захацеў узяць яго з сабой. Затое цяпер ён сам падышоў да Максімкі, узяў яго на рукі і сказаў:
 – Ну, Максімка, збірайся: едзем дадому, мама чакае.
 I зноў Максімка ўбачыў той самы светлы, прыемны твар, зноў адчуў цеплыню на сэрцы і зноў шчыра прытуліўся да грудзей таткі.
 Але адно вока яго глядзела на таварышаў хітра-хітра…
(355 слоў)

Паводле Я. Маўра.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий