Маладзечна

Пераказы і дыктанты

  Час не данёс да нас звестак, хто і чаму даў гораду такую назву – Маладзечна. Вядома толькі, што першае ўпамінанне аб ім адносіцца да 1388 года ў граматах літоўскага князя Дзмітрыя Альгердавіча. Доўгія гады горадам валодалі буйныя польскія магнаты, сярод іх былі і Агінскія, продкі аўтара славутага паланэза.
 Многа пабачыў горад за сваю гісторыю: спусташальныя паходы шведскіх заваёўнікаў і разгром арміі Напалеона, змрок няволі і радасць вызвалення.
 Далучэнне Маладзечна да Расіі ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай паскорыла яго рост, а будаўніцтва чыгункі садзейнічала ператварэнню невялічкага мястэчка ў чыгуначны вузел. Важнай падзеяй у культурным і грамадскім жыцці горада з’явілася адкрыццё настаўніцкай семінарыі.
 У час Першай сусветнай вайны горад знаходзіўся ў цэнтры палітычных і ваенных падзей, якія адбываліся ў краіне. Горад быў акупаваны спачатку кайзераўскімі, а затым белапольскімі войскамі.
 У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны фашысты, захапіўшы горад, ператварылі яго ў канцэнтрацыйны лагер, у якім апынуліся ваеннапалонныя і мірныя мясцовыя жыхары. Адказам на крывавы тэрор з’явілася мужнае супраціўленне гараджан. На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанскія атрады. Незабыўным святам для жыхароў Маладзечна з’явілася 5 ліпеня 1944 года, калі воіны III Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі I. Д. Чарняхоўскага вызвалілі горад ад фашысцкіх захопнікаў. Трынаццаць воінскіх часцей і злучэнняў, якія вызначыліся ў баях, сталі называцца Маладзечанскімі.
 За гады вайны ў горадзе было знішчана дзевяноста працэнтаў жыллёвага фонду, матэрыяльныя страты склалі больш за сто мільёнаў рублёў. Але людзі смела глядзелі ў заўтрашні дзень, адразу ж прыняліся за справу. На дапамогу ім прыйшлі многія рэспублікі Савецкага Саюза. З розных канцоў пацягнуліся ў Маладзечна эшалоны з сыравінай і прадуктамі, абсталяваннем і будаўнічым матэрыялам.
 Ішлі гады. Адбудаваўся, памаладзеў, непазнавальна змяніўся горад. Можна смела сказаць, што ён нарадзіўся другі раз. Дастаткова прайсціся яго шырокімі кварталамі, якія патанаюць у зеляніне дрэў, пабываць у скверах і на бульварах, паглядзець на прасторныя карпусы заводаў і фабрык, жылыя дамы, каб пераканацца ў гэтым.
 Удзячныя нашчадкі шануюць памяць пра тых, хто цаною свайго жыцця адстаяў для іх перамогу. У самым прыгожым парку горада ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў устаноўлены помнік. Ля клуба будаўнікоў, у невялікім скверы, узняўся яшчэ адзін помнік-абеліск. На подзвігах мужных воінаў і партызан, чыя слава адлюстравана ў бронзе і мармуры, у назвах вуліц, выхоўваецца юнае пакаленне.
 Пастаянна пашыраецца тэрыторыя сучаснага горада. Прамысловыя прадпрыемствы, жылыя масівы і аб’екты культурна-сацыяльнага прызначэння ўзводзяць магутныя будаўнічыя арганізацыі.
 Маладзечна – горад юнацтва, вучнёўскай і студэнцкай моладзі. Тысячы юнакоў і дзяўчат атрымліваюць розныя спецыяльнасці. Кожную раніцу сустракаюць юных гараджан выдатна абсталяваныя агульнаадукацыйныя ўстановы. Добрыя магчымасці створаны для заняткаў спортам. У распараджэнні гараджан стадыёны, плавальныя басейны, спартыўныя залы.
 У чалавека ўсё павінна быць прыгожым!.. Словы гэтыя міжволі прыгадваюцца, калі наведваеш канцэртную залу і кінатэатры, бібліятэкі, Дамы культуры. Тут ёсць магчымасць не толькі выступіць у ролі гледача, але і самому далучыцца да мастацкай творчасці, праявіць свае здольнасці ў разнастайных гуртках.
 Многія і многія шляхі вядуць у Маладзечна. Тут сходзяцца аўтамабільныя дарогі і стальныя магістралі, а значыць, тут заўсёды чакаюць гасцей.
(470 слоў)

Паводле Я. Стахоўскага.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий