Машэка

Пераказы

   На тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца Магілёў, стаяў цёмны, непраходны лес, які не прапускаў нават сонечных промняў. Ад яго і Дняпру было цесна, а Днепр у той час быў шырокі і сярдзіты. У тым лесе жыў страшны разбойнік, якога звалі Машэкам. У яго была такая вялікая сіла, што адною рукою спыняў экіпаж з васьмёркай коней на ўсім скаку, ухапіўшыся за кола, і адным разам вырываў з карэннем высокія сосны. Хадзіў гэты разбойнік у мядзведжай шкуры, накінуўшы яе поўсцю ўверх. Не такі тады быў народ, як цяпер, многа было асілкаў, але ўсе дрыжалі перад Машэкам, і пяць дзясяткаў нічога не маглі зрабіць супраць аднаго. Машэка наводзіў жах на ўсе навакольныя селішчы. Нягледзячы на тое, што людзі жылі тады вялікімі сёламі, ён, не баючыся, прыходзіў у кожнае сяло і браў тое, што яму было трэба. Усюды людзі самі адчынялі яму вароты, абы толькі пакінуў жывымі. Не раз выходзілі супраць Машэкі цэлымі палкамі, але ён жыў у такой непраходнай пушчы, што ніхто не знаходзіў не толькі яго бярлогі, але і дарогі назад.
   Але і на Машэку прыйшла пагібель. Чаго не маглі зрабіць сотні людзей, тое зрабіла адна жанчына.
   Раз па дарозе праз лес ехала плеценая брычка, запрэжаная васьмёркай коней. У ёй сядзеў малады мужчына з прыгожай жанчынай. Тут з’явіўся Машэка з-за агромністай елкі, мігам спыніў брычку і ўраз скінуў кучара, той не паспеў нават азірнуцца. А пан, які сядзеў у брычцы, убачыў, што тут кепскія жарты, выхапіў шаблю і з усяго размаху ўдарыў Машэку па галаве. Але шабля зламалася, а мужчына прырос да свайго месца ад аднаго ўдару разбойніка. Глянуўшы на жанчыну, Машэка раптам стаў як укопаны: ён пазнаў у ёй старую знаёмую. Гэта яна, адхіліўшы яго каханне, прымусіла Машэку пасябраваць з буйным ветрам.
   Ачуняўшы пасля здзіўлення, Машэка ўзяў у свае лапы паўмёртвую ад перапуду прыгажуню і аднёс у сваю бярлогу. Тут яна апрытомнела і, адразу зразумеўшы сваё незайздроснае становішча, пачала складаць планы, як ёй загубіць разбойніка, а самой вырвацца з яго лап. Прыкінулася яна лагоднаю, паслухмянаю, і разбойнік зусім ёй даверыўся. I вось раз, калі ён бяспечна заснуў пры ёй моцным сном, яна асцярожна дастала вялізны нож і забіла разбойніка. Учыніўшы гэту справу, прыгажуня неяк выйшла на дарогу, прыйшла да сваіх і паказала ім тое праклятае месца, дзе людзі і закапалі разбойніка, а месца, дзе ён загінуў, назвалі Магілаю Льва.
   Недалёка ад таго месца знайшлі высокую гару, якая ўся была ўсыпана касцямі нявінных ахвяр Машэкі. Гэта гара і цяпер называецца Машэкаўкай, на ёй знаходзяцца гарадскія могілкі.
   Пасля Машэкі тут жыло яшчэ шмат разбойнікаў, для знішчэння якіх улады краю прызначылі гэта месца для ссылкі злачынцаў.
   Ссыльныя памалу высеклі лес і прагналі разбойнікаў. Пазней на тым месцы заснавалі горад, які ці ад магіл забітых разбойнікамі людзей, ці ад магілы самога Машэкі быў названы Магілёвам.
(451 слова)

Паводле легенды.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий