Зазвані моцна, звон, загудзі,
Каб пачулі цябе на ўвесь край,
Беларуса хутчэй разбудзі,
Хоць цяпер яму спаць ты не дай!
Прыйшоў час, калі сорамна спаць;
Усе так шчыра за працу ўзялісь,
Ўсе жыццё пачалі будаваць,
А ты спіш… Хоць ад звону праснісь!
Паглядзі, як сусед пачаў жыць,
Што нядаўна нявольнікам быў.
Ён не спаў, — і цяпер ён не спіць,
Усім кажа, што ён яшчэ жыў.
А чаго, беларус, ты маўчыш?!
I табе годзе, братку, драмаць:
Калі можна гукаць — ты маўчыш,
Каб пасля не прыйшлось шкадаваць…
Кінь саромецца мовы сваёй,
Зваць сябе беларусам пачні,
Папрацуй над сялібай сваёй,
А пасля з ціхатой адпачні!..
Дык звані моцна, звон, і гудзі,
Сваім гукам глушы увесь край!
Хто шчэ спіць — ты таго разбудзі,
Хто не спіць — тых да працы збірай!
1918