Міхась Кавыль — Просьба

Міхась Кавыль

Каля Слуцку ёсць адно сяло,
Невялічкае, двароў з дзесятак.
Калі-б вас туды як завяло,
Пашукайце, калі ласка, хату.

Паміж хат яна адна, бадай,
На страсе гадуе мох зялёны,
На двары красуе лебяда,
Ля варот сумуюць ціха клёны.

На кале пузаты дрэмле гляк,
Ля хлява цабэрак у мякіне.
На градзе цвітуць півоні, мак,
Па сяброўках журыцца вярбіна.

Вы напэўна знойдзеце, і вас
Прывітаюць хлебам чорным з соляй,
I сцюдзёны спрагу ўтоліць квас,
Пачастуюць бульбаю з фасоляй.

Папытайцеся тады у той,
Што спаткае і адчыніць дзверы,
Ці чакае скуль-небудзь сватоў,
Ці не страціла надзею й веру.

I адкажа: “Як-жа, абяцаў…
Толькі, мо, нямашака на свеце …”
Не чакайце сумнага канца
I маёй пакутніцы скажэце,

Што жыву, кахаю і прыйду,
Як зямлю маланкі зноў ахрысцяць.
Хай прадзе пачынкі светлых дум,
Тчэ сузор’і радаснага прыйсця.

1952

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий