Увага!!! Поўны змест
Стальное колца ланцуга лёгка слізгае па туга нацягнутым дроце паміж хлявом і верандай, усяго метраў дзесяць. Ад будкі – да ганка, ад ганка – да будкі…
Здаецца, час прывыкнуць ужо да калянага скуранога ашыйніка – не адзін жа дзень мінуў… Але як тут прывыкнеш? Нібы раз’ятраны драпежнік схапіў мёртвай хваткай за хіб і не адпускае. А тут яшчэ гэты бразгатлівы ланцуг… Вось і сноўдайся туды-сюды, пакуль не надакучыць…
Зрэдку Дружок незласліва пагаўкае, калі ўбачыць за плотам суседскую курыцу, ці паскуголіць, нібыта паскардзіцца на сваю адзіноту. Толькі каму скардзіцца? Хата на замку, гаспадары на працы, а іх сын Кастусь у школе. I калі ўжо ён вернецца дадому? Яго вяртанне – збавенне ад ланцуга і такія вясёлыя хвіліны вольніцы. Хоць і кароткія, амаль што мімалётныя. Прамільгнуць – не заўважыш. Толькі, мусіць, інакш нельга…
Залез Дружок у будку (колькі ж можна бегаць туды-сюды?), прымасціўся ля круглага акенца, каб назіраць за дваром і веснічкамі. Цішыня, лагода. I чаго ўжо тут на сваё жыццё-быццё скардзіцца? Не галодны, і будка зацішная: спачывай сабе ды адно мух адганяй. А там і Кастусь са школы заявіцца і спусціць Дружка з ланцуга, і пабягуць яны разам на прагулку. Як і ўчора, і пазаўчора…
Нуднае чаканне паступова прыжмурвае вочы, навявае дрымоту. Дружка ахінае сон. А ён у тым сне – зусім яшчэ шчанючок, нягеглы і бездапаможны. Побач – мама Пальма і яшчэ трое такіх жа рудавата-бурых маленькіх цюцькаў. Сямейства бяздомнай Пальмы знайшло прытулак у старым стозе саломы, які аж пачарнеў ад часу. Стог стаяў у канцы агародаў, наводшыбе, і там можна было не асцерагацца чужога вока.
Пальма выскубла ў стозе нару, зрабіла мяккае, утульнае гняздо і прывяла на Божы свет чацвёра сабачанят. Яна не думала, што будзе з яе малечай заўтра ці паслязаўтра, не магла яна ўявіць і апошні дзень свайго бадзяжніцтва. Адзінае, што турбавала Пальму, – гэта ежа. Суцішыць хоць крыху свой пастаянны голад, накарміць сваіх прагавітых немаўлят… А яны патрабуюць, жаласліва скуголяць, балюча кусаюць пустыя саскі. Ды адкуль узяцца таму малаку, калі даводзіцца харчавацца рознымі адходамі ля свінафермы ці аб’едкамі на вясковых задворках.
На пошукі ежы Пальма траціла шмат часу: не кожны дзень можна было пажывіцца ля фермы, а ў вёсцы часцей за ўсё бяздомнага сабаку сустракалі ўлюлюканнем і пагрозлівымі вокрыкамі. Іншы раз яна забывалася на асцярожнасць, прабіралася на які-небудзь двор і занадта позна заўважала небяспеку. Яе жорстка дубасілі, стараліся знявечыць, але бадзяжка ратавалася ўцёкамі. Пабітая і зняможаная, вярталася яна да стога, дзе яе чакалі чацвёра галодных шчанюкоў, залазіла ў схованку і адлежвалася да наступнай раніцы.
Малыя высмоктвалі з чэрава маці апошнія кроплі малака, сярдзіта тыцкалі сваімі тупымі мордачкамі ў запалыя, худыя бакі, пакрыўджана скавыталі. Толькі Пальма была безуважная да іх неспакою і крыўдаў, бо ў яе зусім не ставала моцы. Ні на ласку, ні на далікатную строгасць. I што будзе заўтра, як жыць далей?
Мінуў дзень, другі… Пальма па-ранейшаму наведвалася да фермы, кружыла, вынюхвала ля двароў, сёе-тое знаходзіла, нават не грэбавала рознай тухляцінай. Яна трывала, ёй было не прывыкаць… Толькі вось падрасталі шчаняты, ім хацелася есці, яны не маглі змірыцца са сваім жабрацкім лёсам. I іх жаласлівае скавытанне, у якім усё больш чуліся патрабавальныя ноткі, прымушала Пальму вылазіць з-пад стога і брысці куды-небудзь, азіраючыся па баках сваімі слязлівымі, выцвілымі вачыма. Выгляд у яе быў жаласны.
Аднойчы непадалёк ад фермы, за густым кустом лазняку, Пальма ўбачыла старога знаёмага. Ён спрытна распраўляўся са сваёй чарговай ахвярай – тлустай, апетытнай курачкай. Толькі лёгкі пух кружыў у паветры. Так, гэта быў Пірат – паджары, даўганогі і ўкормлены, хаця таксама бяздомны. Ды гэтая бяздомнасць яго ніколькі не трывожыла. Ён з маленства навучыўся жыць па няпісаным правіле: «Голад не дзядзіна, з’ясі і ўкрадзена». Зусім яшчэ зялёным псючком ён злавіў дурное куранятка, асмакаваўся, а потым ужо не ўяўляў сваё бадзяжніцтва без свежай курацінкі. Падрос, стаў хітры, дзёрзкі і няўлоўны. За ім сачылі, наладжвалі засады, але ён нейкім дзівам вылузваўся з самых небяспечных сітуацый. I нават пасля таго як шрот адсек яму правае вуха, ён не адмовіўся ад свайго рызыкоўнага палявання.
Небяспека прывучыла Пірата да дзіўнай хітрасці. Ён на нейкі час пакідаў у спакоі жыхароў адной вёскі і перабіраўся ў суседнюю. А там працягваў свой курыны промысел. Ды з яшчэ большай асцярогай. Але ж, як кажуць, шыла ў мяшку не схаваеш… I аднавухаму даводзілася зноў перабірацца ў іншую вёску. Ён усюды знаходзіў не толькі ежу, але і новую кампанію – такіх жа, як сам, бяздомных сабак. Жыў Пірат, не тужыў, а калі выспявалі непрыемнасці, знікаў у невядомым кірунку. I шукай у полі ветру…
I вось вясновым ранкам Пірат зноў аб’явіўся ля фермы, дзе ён быў апошні раз яшчэ на пачатку зімы. Пальма ўзрадавалася нечаканай сустрэчы, ёй адразу ж успомніўся той вясёлы час, калі яна дружыла з Піратам, а ён частаваў яе курацінай. Сама Пальма не ўмела лавіць курэй, хаця іншы раз і дапамагала аднавухаму даганяць разяваку-пеўня, які раптам станавіўся на крыло. Ды колькі мог праляцець курыны кавалер?! Пірат любіў браць такіх задавак на ляту. Імклівы скачок – і певень нават не паспяваў крыкнуць сваё развітальнае «ку-ка-рэ-ку!». У аднавухага была мёртвая хватка…
Вяртанне Пірата змяніла жыццё Пальмы і яе шчанюкоў. Цяпер яны не галадалі, іх апякун амаль кожны дзень прыносіў да стога спажыўную здабычу.
Дзёрзкасць курынага злодзея ўстрывожыла вёску. I хаця Пірат вельмі асцярожнічаў, яго прыкмецілі, за ім пачалі сачыць. I хутка заўважылі, што кожны раз ён знікае на аселіцы за старым, учарнелым стогам. Там жа прыкмецілі і Пальму…
На аблаву выйшлі перад самым усходам сонца. Чацвёра паляўнічых са стрэльбамі ды яшчэ тры чалавекі з доўгімі жалезнымі кіямі. Камандаваў аблавай калгасны брыгадзір, у руках якога была двухстволка. Гэта ў яго асабістай гаспадарцы недалічыліся аж трох яйканоскіх чубатак. I таму брыгадзір быў вельмі ўзрушаны, прадчуваючы блізкую расплату.
Стог акружылі, наперад выйшлі паляўнічыя са стрэльбамі, сталі раіцца.
– Вунь дзірка, там шэльмы!
– Трэба выкурыць іх з логава…
Вясковы бабыль Саўка, які быў верным брыгадзіравым служкам, паволі пасунуўся да стога, трымаючы доўгі кій напагатове.
– Асцярожна, я страляю першы, – сказаў брыгадзір.
– Толькі мяне не падстрэльце, – азірнуўся Саўка, бліскаючы соннымі вачыма з-пад брыля скураной кепкі.
Ён спыніўся крокі за чатыры ад стога, прысеў і скіраваў кій у лаз. Было далекавата, давялося ступіць яшчэ бліжэй.
– Эй, дыверсанты! – крыкнуў Саўка і смалянуў кіем пад стог. – Вылазьце, дагуляліся!
Але з нары ніхто не выскачыў, не пачулася адтуль таксама ніякіх гукаў.
– Ваўкалакі ноччу ўцяклі, – сказаў Саўка, пратыкаючы кіем салому вакол дзіркі. – Пажыравалі і зніклі…
– Не, яны дзесьці тут, – усумніўся брыгадзір, усё яшчэ трымаючыся воддаль, – Сёння мы не выпусцім іх жывымі.
Пірат пачуў галасы занадта позна. Ён падпоўз да выхаду, але каля стога прама перад сабой убачыў чалавека, які трымаў у руках доўгі кій. Пірат хуценька адпоўз назад, дзе спала Пальма са сваімі шчанюкамі, і затаіўся. Была надзея, што бяда абміне іх начлежку, што гэта дарэмная трывога…
Але галасы не заціхалі, не аддаляліся, а яшчэ больш пазванчэлі, наблізіліся. Раптам штосьці зашархацела ў зляжалай саломе, і ў той жа момант Пірат аж сцяўся: у яго бок упіўся востры канец кія. Боль быў пякучы, ды аднавухі стрываў, не кінуўся на свайго крыўдзіцеля. Ён адразу ж адчуў знаёмы халадок блізкай небяспекі, калі трэба шукаць паратунак…
Толькі як выскачыць з гэтай пасткі? Ёсць адзін выхад, але ён перакрыты людзьмі, з якімі ў Пірата заўсёды былі варожыя адносіны. Аднавухі разумеў: яго не памілуюць, яму не даруюць… А як жа Пальма са шчанюкамі, няўжо ім таксама няма збавення? Пракляты стог, праклятая начлежка… Яшчэ ні разу Пірат не трапляў у такі безнадзейны пераплёт.
Прахапілася Пальма, цяўкнула спрасонку, яе таксама дастаў кій. Толькі малыя па-ранейшаму спакойна пасопвалі, прыгрэўшыся ля матчынага жывата. Ды гэта былі апошнія хвіліны спакою.
Другі ўдар, рэзкі і балючы, прымусіў Пальму раз’ятрана забрахаць і кінуцца да выхаду. Яна не ўцякала, не думала ратавацца, бо ёю кіраваў не страх, а імкненне абараніць сваіх шчанюкоў, выбавіць іх з нечаканай пасткі. Гэта там, ля вясковых двароў, Пальма пачувала сябе баязлівай папрашайкаю, асцярожнай шукальніцай аб’едкаў. і А тут было яе жытло, тут яна магла і агрызнуцца, паказаць свае вострыя зубы.
Саўка, пачуўшы люты брэх, імгненна адскочыў ад стога, пакаўзнуўся, няўклюдна бразнуўся вобзем і на карачках папоўз прэч. Усе загалёкалі, сёй-той падаўся назад. Тут ужо было не да смеху, калі з-пад стога вынырнула аскаленая сабачая галава з шалёнымі вачыма. Усё вырашала імгненне…
Брыгадзір стрэліў дуплетам, амаль не цэлячыся. Дымны рой карцечы сустрэў Пальму ў скачку. Яна кульнулася ў паветры і цяжка звалілася на росную вясновую траву. Паспрабавала падняцца, хрыпла захлынаючыся крывёю, гаўкнула, але прагучалі яшчэ два стрэлы, якія прымусілі яе заціхнуць назаўсёды.
– Ну што, наелася курацінкі? – зларадна сказаў брыгадзір. – Дзе яшчэ адзін зладзюга? Іх жа было двое…
– Хаваецца ў стозе… Глядзіце, каб не ўцёк. Колькі ўжо ён водзіць нас за нос…
– Нічога, гэта яго апошняя гастроль, – сказаў брыгадзір, зараджаючы двухстволку.
Мажны, шыракаплечы, з адкрытым, бронзавым ад загару тварам, які прыцяняў шыракаполы капялюш, ён быў падобны на каўбоя з прыгодніцкага амерыканскага фільма. Побач з ім Саўка выглядаў проста хлапчуком.
– А калі ў логава даць дымку? – спытаў Саўка.
– Не-е, мы пачастуем нягодніка шротам, – адказаў брыгадзір і падвёў да лаза дула стрэльбы.
Спачатку ён націснуў на адзін курок, праз якую хвіліну – на другі. Першы зарад секануў па Піратавых вачах (ён якраз залёг у праходзе), другі ўпіўся ў шыю…
Пірат, аслеплены і акрываўлены, ужо ў агоніі выпаўз са схованкі, і тут яго дабілі жалезнымі кіямі. Гэта было страшэннае відовішча, асабліва раз’юшыўся Саўка, нават брыгадзіру давялося супакойваць свайго служку.
– Хопіць, ён ужо не пабяжыць… Потым, Савось, возьмеш рыдлёўку, трэба будзе закапаць…
– Добра, Адамавіч, зраблю ім паніхіду, – памяркоўна згадзіўся Саўка.
Яны ішлі да вёскі, калі сонца ледзь вызірнула з-за лесу і ўсё навокал запалымнела нейкім злавесным барвовым святлом. Быццам толькі што ў свеце адбылося непапраўнае ліхадзейства.
Пра расправу з курынымі злодзеямі брыгадзіраў сын Кастусь даведаўся ад захмялелага Саўкі, які дапамагаў ладзіць у агародзе парнік і спачатку хваліў бацьку за трапны дуплет, потым казаў, што маглі абысціся і без страляніны: трэба было закрыць уваход у логава і падпаліць стог струхлелай саломы.
– Паліць жыўцом? – усумніўся бацька. – Не-е, гэта не па-людску…
– Нічога страшнага… Там жа яшчэ было трое сабачанят, з-пад стога павылазілі. Такія лупатыя, пузаценькія… Ля мёртвай сучкі поўзалі… Давялося рыдлёўкай, адным ударам… Нават не піскнулі. Распладзіліся!
– А ты, Савось, азвярэлы бязбожнік, малых не пашкадаваў, – асуджальна вымавіў бацька. – Шчаняты не вінаватыя, як тыя царскія дзеці…
– Дык я іх ад галоднай смерці выратаваў, дапамог…
– Пашкадаваў воўк авечку…
Кастусь стаяў у двары і добра чуў размову бацькі з Саўкам. Пачутае вельмі ўстрывожыла хлопчыка, прымусіла пайсці на аселіцу. Якраз пачаліся вясновыя канікулы, і час быў вольны.
Там, на аселіцы, Кастусь і ўбачыў рудаватага шчанючка, які поўзаў каля стога ўчарнелай саломы і жаласліва скуголіў.
– I як гэта цябе не заўважыў Саўка? – хлопчык з трывогай назіраў за бездапаможнай істотай. – Шчасліўчык!
Сабачка адразу ж спадабаўся Кастусю, абудзіў у яго далікатнай душы спагаду і шкадаванне.
Успомніліся Саўкавы словы, яны прымусілі Кастуся больш пільна агледзецца наўкола. Ён убачыў каля стога шмат слядоў, утаптаную ў гразь зялёную траву, заўважыў шырокую цёмна-бурую пляму, а крыху воддаль – грудок свежай зямлі… Яму зрабілася зябка і няўтульна, нібы раптоўна падзьмуў халодны, сіберны скразняк.
Кастусь расшпіліў балонневую куртку, прытуліў да сябе сабачку, каб суцішыць і сагрэць яго.
I той амаль што адразу перастаў скуголіць і дрыжаць, потым даверліва лізнуў Кастусёву руку цёплым вільготным язычком.
– Што будзем рабіць, Дружок? – неяк адразу знайшлося імя. – Цяпер ты адзіны сведка злачынства, і цябе таксама могуць забіць. Яны не паглядзяць, што ты яшчэ зусім маленькі.
Хлопчык гаварыў абачліва. Яму ўяўляліся злыя, нядобрыя людзі, якія нікога не пашкадуюць і не памілуюць, а разам з імі яго, Кастусёў бацька. Гэта ён за курэй адпомсціў, даўно ўжо гразіўся расквітацца з курыным злодзеем. Ды што куры…
Бацька ва ўсім паважае парадак і суровасць. Ён і сына павучае, яму не падабаюцца Кастусёвы рахманасць і далікатнасць.
– I ў каго ты такі ўдаўся? Хіба ж можна ў наш час расці размазнёй? Каму патрэбна твая сляза? Бачыце, яму разбуранага гняздзечка шкада, ён гатовы кінуцца ў бойку за мураша, а за сябе пастаяць не можа…
Апошнім часам Кастусь не дзяліўся з бацькам сваімі сакрэтамі, ён не хацеў выслухоўваць розныя папрокі і павучанні… Лепш ужо прамаўчаць, перапакутаваць сам-насам, знайсці суцяшэнне ў самім сабе. А хто цябе зразумее, хто паспачувае? Так думаў трынаццацігадовы Кастусь Пташук. I здарэнне на аселіцы ля стога толькі пацвердзіла яго сумненні.
Хлопчык прынёс Дружка дадому з вялікай перасцярогай, каб ніхто не ўбачыў. Цішком прабраўся ў пуню, у кардоннай скрынцы зрабіў з сена і рознай старызны ўтульнае гняздо і замаскіраваў яго. Нават маці нічога не сказаў: тайна ёсць тайна.
I надалей Кастусь вельмі асцярожнічаў. А як даводзілася хітраваць, каб тайком накарміць свайго гадаванца і прагуляць па свежым паветры! Добра яшчэ, што напачатку быў вольны канікулярны тыдзень. Пойдуць бацькі на працу, а Кастусь – у пуню. Вынесе Дружка ў сад, пусціць яго на зялёную траўку, а таму – радасць і ўцеха. Ён і бегае, і куляецца, і ганяецца за якой-небудзь мушкай ці чмялём. Любата!
Радаваўся хлопчык разам са сваім чацвераногім сябруком, цешыўся яго гарэзлівасцю, але гэтую радасць азмрочвала неадступнае пачуццё трывогі. Ён заўсёды быў напагатове, чуйна прыслухоўваўся да гукаў з вуліцы. Праўда, яго заспакойвала тое, што рокат бацькавага матацыкла чуўся здалёку. I пакуль «Ява» падлятала да двара, Кастусь паспяваў схаваць Дружка ў пуні. Ды колькі магла доўжыцца гэтая гульня ў хованкі?
Закончыліся вясновыя канікулы, а з імі – вясёлыя Кастусёвы прагулкі з сабачкам. Дружок сядзеў у кардоннай скрынцы цэлымі днямі, чакаў, пакуль Кастусь вернецца са школы і пачастуе малачком ці якім-небудзь булёнчыкам. Але што пачастункі?! Псючок ірваўся на волю, ён хацеў бегаць, куляцца, даганяць… I крыўдаваў, і жаласна скавытаў, калі зноў заставаўся ў цёмнай схованцы. Дружку надакучыла патаемная цямніца, цяпер ён быў не тым бездапаможным і баязлівым шчанюком, якога хлопчык знайшоў ля стога.
Неяк апоўдні Кастусь адчыніў пуню і раптам убачыў ля дзвярэй Дружка, які сам вылез са сваёй схованкі. Сабачка так нечакана кінуўся пад ногі, што хлопчык не паспеў злавіць яго. Уцякач каціўся па двары на кароценькіх ножках і весела падбрэхваў ломкім галаском. Быццам дражніўся з Кастусём, які бег следам за ім, спрабуючы прадухіліць бяду.
Але было позна. Насустрач, ад брамы, ішоў бацька і здзіўлена назіраў за гэтай камічнай сцэнкай.
– Ого, што бачу! Адкуль у нас госць?
Кастусь дагнаў Дружка ля плота, падхапіў яго на рукі і прыкрыў крысом балонневай курткі.
– Гэта мой сабачка, я знайшоў яго, – дрыготкім голасам сказаў Кастусь, не гледзячы на бацьку. Ён гатовы быў заплакаць, адчуваючы ўласную бездапаможнасць. I трэба ж было Дружку выбегчы з пуні…
– Кажаш, знайшоў? – даволі спакойна перапытаў бацька. – Цікавая знаходка, пашанцавала табе…
Здаецца, упершыню (ва ўсялякім разе як помніць Кастусь) бацька не стаў дакараць і пацвельваць. Ці настрой у яго быў лагодны, ці няшчасны выгляд сына, худзенькага і безабароннага, прымусіў змілавацца, пашкадаваць. Навальніца, я кую з такой трывогай чакаў хлопчык, прайшла міма, без грымотаў і бліскавіц. Не ведаў Кастусь, што на яго жыццёвым небасхіле клубіцца іншая хмара, больш страшная і злавесная, якая і паспрыяла бацькавай лагоднасці…
Адам Адамавіч толькі што вярнуўся з раённай бальніцы, дзе яму паведамілі аб выніках медыцынскага абследавання яго сына Кастуся. Размова была несуцяшальная: у хлопчыка аслаблены арганізм, малакроўе. Яму патрэбны станоўчыя эмоцыі, спакой. Асабліва супрацьпаказаны розныянервовыя стрэсы. Бяда ў тым, што Кастусь вельмі ўражлівы, далікатны, як не з нашага часу…
Так нечакана закончылася нелегальнае жыццё Дружка. Яму зрабілі будку, ён стаў паўнапраўным жыхаром на брыгадзіравым падворку.
Мінула вясна, наступіла лета. Дружок рос, набіраўся моцы. У ім не было нічога пародзістага, самы звычайны дварняк рудавата-бурай масці, з абвіслымі вушамі і тоўстымі крываватымі лапамі. I хвост у яго абаранкам. Вось толькі вочы нейкія зусім несабачыя: уважлівыя і разумныя.
Усё лета Кастусь з Дружком былі разам. На беразе возера, у лодцы, па дарозе ў лес, на сунічнай палянцы… Дружок быў кемлівым вучнем, Кастусёвы каманды лавіў на ляту, стараўся заўсёды пацешыць свайго гаспадара, зрабіць яму прыемнае. Але аднойчы перастараўся: злавіў на вуліцы суседскае куранё і пачаў яго душыць… Кастусь ледзьве адратаваў разяваку, нават агрэў Дружка дубцом. Выпадковае здарэнне? А можа, гэта праявіўся Піратаў паляўнічы азарт?
Калі неўзабаве Кастусь убачыў, як Дружок накінуўся на параненага дзікага голуба, ён зразумеў: нападзенне на суседскае куранё не было бязвіннай дураслівасцю. I каб не наклікаць бяду, хлопчык больш не адпускаў ад сябе Дружка ні на крок. Для прагулянак давялося зрабіць ашыйнік з сырамятным павадком. Не спадабалася гэта Дружку, а што зробіш? Трэба змірыцца…
– Хопіць Дружку гультаяваць, – сказаў у апошні дзень лета бацька. – Пакуль ты, сын, у школе, ён будзе ў нас вартаўніком.
Кастусь пагадзіўся: не запіраць жа Дружка ў пуню. Ды і чужак пабаіцца заходзіць на двор, калі пачуе раз’яраны брэх і ўбачыць, як сабака апантана кідаецца на прывязі.
Нацягнулі дрот паміж хлявом і верандай, знайшоўся новенькі ланцужок. Змацавалі ланцужок з ашыйнікам сталёвай зашчапкай.
– Ну вось, цяпер мая душа будзе спакойная, – задаволена прамовіў гаспадар.
Тое, што ўзялі на ланцуг, вельмі пакрыўдзіла Дружка. Ён схаваўся ў будку і не вылазіў да позняга вечара, пакуль не прагаладаўся. Нялёгка было
Дружку развітвацца са сваёй вольніцай, нават Кастусёвы суцяшэнні спачатку не памагалі. Але, як вядома, час – лепшы лекар…
Мімалётны сон перапыніў лёгкі стук веснічак. Дружок схамянуўся, выскачыў з будкі і са звонкім брэхам кінуўся да веранды. Сустрэча была шумная і радасная. Кастусь абдымаў Дружка за шыю, прытульваў да сябе, гладзіў па галаве, спіне, а ён стараўся лізнуць яго ў твар.
– Ну, як ты тут, зачакаўся? Ага… Не крыўдуй, сёння ў мяне было шэсць урокаў, а потым я заглянуў у бібліятэку. Нічога, зараз паабедаем і адразу ж пойдзем на сенажаць. Ведаеш, там з’явіліся шампіньёны. Дзед Антось казаў, я толькі што сустрэў яго з поўным кошыкам. Паможаш мне збіраць, добра?
Неўзабаве яны спяшаліся да сенажаці, што разлеглася каля возера, за які кіламетр ад вёскі. Дружок так і рваўся наперад, і Кастусь ледзьве стрымліваў яго. Як толькі завярнулі за крайнюю хату, хлопчык выпусціў павадок з рукі, і сабака паляцеў па знаёмай сцежцы да возера. Гэта былі непаўторныя імгненні імклівага бегу і радаснага адчування свабоды. За Дружком бег Кастусь, размахваў над сабою сінім поліэтыленавым пакетам, і настрой у яго быў цудоўны.
Тое, што шампіньёны выскачылі на сенажаці, не было вялікай нечаканасцю. Бо яшчэ летам, пасля цёплых ліпеньскіх дажджоў дачнік дзед Антось выпадкова натрапіў на грыбны неруш. Дзіва дзіўнае, раней жа шампіньёны ніколі не раслі тут. А можа, ніхто з вяскоўцаў не звяртаў на іх увагі? Гэта ўсё дачнікі – яны і порхаўкай не грэбуюць…
Вось дачнік дзед Антось (ён у вялікай дружбе з брыгадзірам) і падахвоціў Кастуся збіраць шампіньёны. Некалькі дзён імі ласаваліся. Падсмажыш са смятанкай – пальчыкі абліжаш! I ў лес далёка не трэба ісці…
З’яўленне шампіньёнаў у верасні здзівіла Кастуся і ўзрадавала. Трэба толькі паспець на сенажаць, пакуль навіна пра грыбы не абляцела вёску.
На гэтым поплаве ўжо не адзін год не касілі траву, тут ад самай вясны таўкліся коні, зрэдку пасвіліся каровы. Сенажаць была куп’істая, занядбаная, парослая драсёнам ды шчаўлюком, але вось жа гэтую зямлю, утаптаную конскімі капытамі, чамусьці ўпадабалі шампіньёны.
– Шампіньёны-шпіёны, – прыгаворваў Кастусь, пільна гледзячы пад ногі. – I дзе вы тут пахаваліся?
Дружок усё ніяк не мог уціхамірыцца і з вясёлым брэхам кружыўся па сенажаці. Ён падбягаў да Кастуся, спыняўся на хвілінку, рабіў перад хлопчыкам стойку і зноў кідаўся прэч.
– Грыбы шукай, грыбы! – крычаў Кастусь услед.
Але Дружок якраз падняў з травы шпачыную чараду, і яго ўвага адразу ж пераключылася на чорную птушыную хмарку, што праз колькі метраў ізноў апусцілася на сенажаць.
«Я даганю вас!» – брахаў Дружок і прыпускаўся наўздагон за шпакамі. Яму было ўсё роўна, каго даганяць і куды бегчы. Вольнаму – воля!
Кастусь звярнуў налева, да возера, і праз некалькі крокаў утрапёна спыніўся. Ля шырокай купіны сядзелі шампіньёны. Цэлая сямейка!
– Тры, пяць, сем, дзевяць!
Хлопчык, усхваляваны і радасны, кінуў вачыма па баках і заўважыў зусім побач яшчэ дзве купкі белагаловых грыбоў, якія схаваліся за шырокае лісце чамярыцы. Ён, не спяшаючыся, дастаў з кішэні складанчык, адкрыў вострае лязо, яшчэ раз агледзеўся наўкола і толькі тады прысеў на кукішкі. Гэта была яго звычайная манера «ціхага палявання», калі побач нікога няма і можна не асцерагацца, што твае грыбы трапяць у чужы кошык. Вострае лязо сцізорыка лёгка зразала белыя карані шампіньёнаў, і Кастусь асцярожна складваў грыбы ў пакет, загадзя заслаўшы дно зялёным аеравым лісцем, якое нарваў каля возера.
– Ну што, нашпіёніліся? – пытаўся хлопчык, перабіраючыся да новай купкі. – Думалі, я не знайду вас? Не на таго натрапілі…
А Дружок працягваў пераследаваць шпачыную чараду, якая быццам дражнілася з ім. Адлятала на колькі метраў, садзілася, а калі Дружок падбягаў бліжэй, ізноў падымалася ў паветра. Маўляў, паспрабуй дагані! I гэтая гульня ў даганялкі адводзіла Дружка ўсё далей і далей, аж да дарогі, што аддзяляла сенажаць ад узаранага ржышча.
Збіраючы шампіньёны, Кастусь не бачыў, дзе Дружок. Ды і што за ім сачыць – не маленькі, пабегае і назад вернецца. Не бачыў хлопчык і машыну з жалезнай будкай, што паціху пыліла па дарозе ад райцэнтра. I ці мала іх праносіцца па бальшаках і гравійках?
Ля дарогі шпачыная чарада крута паднялася ў неба і імкліва панеслася да возера, а Дружок нарэшце спыніўся і ў апошні раз гаўкнуў ёй услед. Добра такі забегаўся, аж высалапіў язык. Адвёў душу пасля ланцуговай няволі. Цяпер можна і адсапціся.
I тут якраз насупраць спынілася машына-будка, на якую Дружок нават не павёў вухам. Не насцярожыла яго і тое, што з кабіны выскачыў чалавек са стрэльбай. Паміж Дружком і машынай было метраў сорак…
Кастусь пачуў стрэл і аж злякнуўся. Ён падскочыў як уджалены і ўтаропіўся туды, дзе спынілася машына. Хаця да дарогі было далекавата, Кастусь адразу ж убачыў Дружка, які чамусьці круціўся на адным месцы, быццам хтосьці ўчапіўся ў ягоны хвост. Убачыў ён і чалавека са стрэльбай, які цэліўся ў Дружка.
– Э-эй-й! – хлопчык закрычаў нема і адчайна, на колькі ў яго хапіла духу. – Мой Дружок, мо-о-й! Не чапайце-е-е!
Раскацістым рэхам прагрымеў другі стрэл. Нейкая нябачная сіла падкінула Дружка ўгору, перакуліла яго цераз галаву і бразнула вобзем…
– Мо-ой Дру-ж-о-о-к!
Чалавек са стрэльбай заўважыў хлопчыка і адразу ж кінуўся да машыны, якая амаль што імгненна сарвалася з месца, узняўшы за сабой густы шлейф шэрага пылу.
Кастусь бег да дарогі, плакаў і крычаў, пакуль не ахрып і не страціў голас. Ды колькі мог прабегчы Кастусь Пташук, якому забаранялася гуляць нават з мячом? А тут жа на яго вачах, сярод белага дня, калі яшчэ вераснёўскае сонца лагодна высвечвала засмужаны далягляд, адбылося штосьці страшнае і дзікае. Ён не мог паверыць у гэта, не мог падумаць.
– Дружок, даражэнькі мой, пачакай, я зараз… Я дапамагу табе, па-ча-ка-а-й!
Кастусь спатыкнуўся, упаў, паспрабаваў падняцца і не змог: ногі не слухаліся яго. Ён тыцнуў тварам у сухі калючы дол і заплакаў горка і безнадзейна. Яго калаціла нібы ў ліхаманцы. Мусіць, ва ўсім белым свеце ў гэтую хвіліну ён быў самы няшчасны і адзінокі.
Праз колькі хвілін Кастусь усё ж прыўзняўся на локцях і затуманенымі вачыма пачаў узірацца ў касагор ля дарогі.
У самотным позірку хлопчыка яшчэ цеплілася спадзяванне, якое крыху супакойвала, суцішвала пякучы адчай.
Раптам ён убачыў Дружка, але зусім не там, дзе хацеў убачыць. Сабака поўз на жываце, няўклюдна заграбаючы па зямлі пярэднімі лапамі, раз-пораз знясілена тыцкаючыся пысай у жухлую траву. Ён быў ужо блізка, хаця не настолькі, каб Кастусь мог разгледзець акрываўленую галаву Дружка, убачыць яго перабітыя заднія лапы, пачуць жаласлівае скавытанне параненай істоты.
– Дружок, я тут! – усклікнуў Кастусь і з вялікім намаганнем, адштурхоўваючыся ад зямлі каленямі і локцямі, папоўз насустрач. Ягонае цела аж трымцела ад знямогі.
Гэта былі цяжкія, пакутныя метры. I для Дружка, і для хлопчыка. Адлегласць паміж імі паволі скарачалася, яны збліжаліся. I ўжо нішто не магло спыніць іх.
…А ці не тая далёкая вясновая раніца, калі на аселіцы каля стога ўчарнелай саломы прагрымелі стрэлы, адгукнулася гулкім рэхам у ціхім асеннім дні? I прынёс гэтае рэха Дружок – адзін з чатырох шчанюкоў бяздомнай Пальмы?
Хто ведае, хто адкажа…
Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.