Мікола Чарняўскі — Ліса-калядоўшчыца

Мікола Чарняўскі

Ноч не спалася Лісе –
Есці ўсё хацела.
А кладоўка пакрысе
Раптам апусцела.

– Што мне бегаць, мышкаваць?
Лепш пайду калядаваць
Без Ваўка:
Такі кумок,
Каб пасля ўсё не звалок.
Мне адной пры калядзе,
Што збяру, –
Перападзе!

Маску хуценька зрабіла,
Каб казою выглядаць,
Рогі з сучча начапіла:
Хто пад маскай –
Не пазнаць.
Бо Лісу-зладзейку ў вёсцы
Зналі не па пагалосцы.

Адшукала кажушок,
Зношаны, казіны,
Узяла кіёк,
Мяшок
Аж на дзве карзіны.
I – да першага двара,
Да гаспадара.

– Го-го-го, я – каза,
Го-го-го – шэрая!
Хто сказаў, што каза
Не вячэрае?
Гаспадар, зрабі мне ласку,
Дай ці сала, ці каўбаску.
А я гэту каўбасу
За тры горкі панясу,
Да лясной паветкі,
Там чакаюць дзеткі,
Казляняткі родныя,
Як і я,
Гаротныя!

Гаспадар зірнуў з усмешкай:
– Дзе, якой блукала сцежкай?
Чуць не чуў,
Што так прыспела,
Каб каза каўбасы ела.
Сена маю, муражок,
Падстаўляй, каза, мяшок…

З хаты выбегла Ліса –
Толькі ў думках каўбаса.
Да суседняга двара
Падышла, спеў завяла:

– Го-го-го, я – каза,
Го-го-го – шэрая!
Хто сказаў, што каза
Не вячэрае?
Гаспадарык-гаспадар,
Маеш дзетак –
Божы дар.
Пакладзі ў мяшок паўкуркі –
Пагуляю з дзецьмі ў жмуркі.
А падорыш каўбасу –
Запляту малой касу.
Потым гэту каўбасу
За тры горкі панясу,
Да лясной паветкі,
Там чакаюць дзеткі,
Казляняткі родныя,
Як і я,
Гаротныя!

Гаспадар зірнуў з хітрынкай
Ты з мяшком,
А не з карзінкай?
Чуць не чуў,
Што так прыспела,
Каб каза ды курку ела.
Канюшыны ёсць стажок,
Наскубі сабе ў мяшок…

З хаты Ліска вылятае –
Толькі ў марах курка тая!
I – да трэцяга двара,
Да яго гаспадара:

– Го-го-го, я – каза,
Го-го-го – шэрая!
Хто сказаў, што каза
Не вячэрае?
Каб вялося ўсё ў аборы,
Прынясі кумпяк з каморы.
Будзе і за ласку,
Як дасі каўбаску.
Нават студню міску –
Дзеткам на аблізку.
Будзе не ў нагрузку,
Як дасі мне гуску.
Прынясеш смятанку –
Спяю ўнуку Калыханку,
Будзе спаць пасля да ранку!

Гаспадар зірнуў з развагай:
Што ж адна ты, бедалага?
Дзе ж твой кум,
Напарнік твой?
Што матляеш галавой?
Чуць не чуў,
Што так прыспела,
Каб каза ды скорам ела.
Ёсць у склепе качанок,
Можа, кінуць у мяшок?
А чаму ў цябе, казы,
Гэткі ж хвост,
Як і ў лісы?
Ды і голас не казіны,
А ліслівы,
Як лісіны.
Можа, нам Барбос падкажа?
На лісу ён злы за кражу:
Звалакла гуся з-пад носа.
Я ж не пахваліў Барбоса…
Ды не бойся,
Не трымці,
Пакаштуй маёй куцці.
Як-ніяк усё ж Каляды,
А ў Каляды –
Госцю рады!
Гэй, Барбос,
Цю-цю, цю-цю,
Прынясі хутчэй куццю!

Дзе ўжо тут куцця ды куры!
Не застацца б хоць без шкуры!
Сіганула Ліска –
Да нары не блізка!
У нары шукала косці,
Пышны хвост кусала ў злосці:
З-за цябе, паганы хвост,
У мяне –
Калядны пост!

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий