Мікола Чарняўскі — Захварэў аднойчы леў

Мікола Чарняўскі

Леў
Ангінай захварэў.
Стаў нервовы,
Пазвярэў.
Люта шчэрыцца,
Хрыпіць.
А звяры ўсе:
– Што рабіць?

Воўк вярнуўся
З пахадзі:
– Годзе выць на ўсе лады!
Годзе нам
Варон лічыць –
Трэба льва
Хутчэй лячыць!

І пайшлі да Льва звяры,
Па адным,
Па два,
Па тры:
– Што турбуем –
Не сярдуй,
Лекаў нашых паспрабуй.
– Будзе скончана з ангінай,
Як пап’еш
Чайку з малінай.

– Памагае – не сакрэт –
Ад прастуд
Ліповы цвет…
– Залатога мёду сподак
Ад любой хваробы –
Сродак…

Леў крывіўся,
Зіркаў злосна:
– Мне ад вашых лекаў млосна.
Мяса мне
Далі б з паўпуда –
І прайшла б даўно
Прастуда!..

Дзік стары
Здзівіў нямала –
З бульбай кадку прывалок.
Бульба густа паравала –
Леў
Ажно ступіў убок.

– Ты не хмурся,
Ты не чмыхай –
Парай цёплаю падыхай,
І за дзень
Твой хрып міне,
Век удзячны будзеш мне…

Леў
З дзіком згадзіўся хутка,
Сеў над бульбаю
Ціхутка.
Потым піў
Адвар маліны,
Каштаваў
Мядок пчаліны.
Лекі ўсе
Прыняў ахвотна,
Спаць улёгся
Бесклапотна…

Пелікан –
Прызнаны фельчар –
Завітаў да Льва
Пад вечар.
Добра выслухаў яго,
Добра выстукаў яго,
Загадаў:
– Скажы мне «а-а-а»…
Леў сказаў
І раз, і два…

Але раптам як зароў:
– Ды які ж я цар звяроў?!
Я ж не львом
Ужо зрабіўся!
Дзе мой грозны
Хрып згубіўся?
Хто ж мяне
Баяцца будзе?
Хто ж паклоны
Біць мне будзе?

Больш лячыцца
Не згаджуся.
Лепш хрыпатым
Застануся!..

Каб ізноў ахрыпнуць,
Леў
Порцый сем
Пламбіру з’еў.
Ходзіць хмуры,
Ходзіць злосны,
Голас –
Грубы,
Невыносны.
Чорнай хмарай –
Поўсць на карку.
– Што мне зёлкі і прыпаркі?!

Лепш
З ангінаю бадзяцца,
Лепш
Няхай мяне баяцца!..

Можа,
Чулі рык яго вы?
Леў
І праўда ж
Нездаровы?

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий