Мікола Гіль — Маміна казка

Мікола Гіль

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  – Мама, раскажы казку! – просіць Максімка.
 – Якую ж табе расказаць? – пытаецца мама.
 – Самую-самую новую!
 Лёгка сказаць – новую! А дзе яе ўзяць, гэтую новую? Усе казкі, якія толькі ведала, мама ўжо расказвала Максімку. Хіба самой прыдумаць?
 – Добра, – усміхаецца мама. – Раскажу табе казку – не казку, быль – не быль, а што – сам здагадайся. Слухай!
 Жыў-быў хлопчык, і было ў яго шмат розных цацак. Але вось бяда: не шанаваў, не бярог іх хлопчык. Дзе гуляў, там і кідаў. Псаваў, ламаў іх, калечыў. Уначы, калі ў хаце ўсе засыналі, цацкі часта ўсчыналі між сабою гаворку, скардзіліся на хлопчыка, жаліліся адна адной на свой лёс.
 – Любы Слонік, – казаў плюшавы Мішка, – каб ты ведаў, як я пакутую, як мне балюча. Калі мяне прынеслі сюды з крамы, быў я здаровы і прыгожы. Я ўмеў сядзець, умеў, калі мяне пераварочвалі на спіну, радасна бурчаць. А цяпер? Цяпер я не магу ні сядзець, ні вымавіць свайго гучнага і радаснага «бэ-э-э…». Гэты нягодны хлопчык адарваў маю правую заднюю лапу, нечым вострым распароў мне спіну, папсаваў мае галасавыя звязкі, і я зрабіўся нямым калекам…
 – І мне не лягчэй, – цяжка ўздыхаў гумавы Слонік. – Мой гаспадар паабгрызаў мне вушы, адарваў хобат. Ён упадабаў браць мяне з сабою ў ванну. Я ведаю, купацца трэба ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам, але навошта браць у ванну і мяне? Праз дзірку ў жываце ў мяне набіраецца поўна вады, і я ляжу днямі мокры. Я хоць і гумавы, але ж дзе тут вытрываеш?
 – Найбольш, сябры, папала, мусіць, мне, – падаў голас Зайчык. – Напачатку хлопчык быццам любіў мяне. Нават спаць браў з сабой. А потым… Што было потым, нават цяжка і ўспамінаць! Аднойчы мой гаспадар пакінуў мяне на балконе. Пайшоў дождж, з маланкамі і громам, і я цалюткую ноч праляжаў пад ліўнем. Назаўтра, калі ўзышло сонца, ад майго мяккага пушыстага футра не засталося і следу, я набрыняў вадой. А калі высах, дык увесь зморшчыўся, злямчыўся і ператварыўся ў брудны, бясформенны шэры камячок…
 – Усё гэта так, – раптам скрыпуча загаварыў Трактар, – але мне не так шкада сябе, як той працы, што была затрачана на мяне. Адзін рабочы выразаў і габляваў драўляныя брускі, з якіх зроблены мае рама, матор і радыятар. Другі штампаваў з пластмасы мае колы, трэці высякаў з дроту восі, чацвёрты рабіў з бляхі сядло, руль і фары, пяты мяне склейваў, шосты кляпаў, сёмы фарбаваў… Колькі людзей стараліся, каб я быў прыгожы і цешыў дзяцей, а гэты хлопчык узяў ды паламаў мяне…
 – Доўга яшчэ гаманілі вось так між сабою цацкі. Толькі хлопчык, які так моцна пакрыўдзіў іх усіх, нічога гэтага не чуў. Была ноч, і ён соладка спаў, – сказала мама, уздыхнула і змоўкла.
 – І ўсё? – спытаў Максімка.
 – Усё, – адказала Мама.
 – Гэтая казка без канца? – сказаў хлопчык.
 – А ты прыдумай канец сам, – адказала мама і паднялася, бо ёй трэба было спяшацца на работу.
 А калі яна вярнулася дадому і зазірнула ў Максімкаў пакой, дык убачыла, што ўсе цацкі прыбраны, а на паліцы, на самым прыкметным месцы, стаяць плюшавы Мішка, гумавы Слонік, Зайчык і Трактар. Убачыла ўсё гэта мама і ўсміхнулася. Значыцца, прыдумаў Максімка канец да яе казкі. Значыцца, здагадаўся сын, пра якога хлопчыка яна расказвала яму сваю казку.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий