Мікола Гусоўскі — Урывак з паэмы «Песня пра зубра» (Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы…)

Мікола Гусоўскі

Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы
Росквітам княства Літоўскага, нашага краю,
I называюць той век залатым. Разбяромся:
Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай
Век той названы па простай прычыне: дзяржаўца
Перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна
Ставіў багацце духоўнае — злата дзяржавы.
Ён быў набожны, і першы з народамі княства
Сам ахрысціўся, прызнаўшы, што з верай паганскай
Повязі ўсе парывае, а ідалаў веры
Ён загадаў пазбіраць і панішчыць, і цэрквы
Богу адзінаму скрозь будаваў, і надзелы
Служкам духоўным адвальваў з угоддзяў не скупа.
Славу і ўхвалу вялікаму князю аддаў я
Поўнаю мерай, хаця і зусім не сумысля
Ратныя справы яго абышоў. Адчуваю:
Гледзячы доўга назад, я паглыбіўся ў нетры
Даўняе даўнасці, збіўся з напрамку, а трэба ж
Брацца па сцежцы на поўнач, да свойскага лесу,
Ды і пара б мне дапець сваю песню пра зубра. 

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий