Мікола Лупсякоў — Дняпроўская чайка

Мікола Лупсякоў

  Мы вудзім з Казімірам рыбу, час ад часу перамаўляючыся. Раніца. З гадзіну як паднялося сонца, і раса на траве і кустах прыкметна высыхае. Мы паспелі ўжо выцягнуць па добрым акуню, не лічачы драбязы. Над намі, і над ракой, і пад кустамі ўвесь час лётаюць чайкі-рыбаловы. Казімір паплёўвае на чарвяка і закідвае вуду далёка ад берага. Відаць, ён спадзяецца, што павінна хапіць буйная рыбіна, бо шырока расстаўляе ногі, увесь нацэлены на тое, каб цягнуць яе. У мяне пакуль што не клюе, і я толькі гляджу. Вось Казіміраў паплавок пайшоў убок — рыба вядзе яго. Вось ён нырнуў раз і раптам спыніўся. Ён не кранаецца з хвіліну і вось ужо зноў слаба пачынае торгацца. Зноў нязначны нырок, і зноў паплавок замірае на месцы. Так клюе і буйны лешч, і буйная плотка, так клюе і драбяза. Але Казімір спадзяецца на буйную рыбіну і ўвесь як не ўрос нагамі ў бераг. Раптам нязначнае трапятанне, і паплавок пасля гэтага дае нырца. Увесь і адразу. Казімір робіць рывок на сябе. У паветры мільгае срэбрам невялікая рыбка, хутчэй за ўсё гэта пячкур. Рывок такі моцны, што рыбка разам з кручком і з лёскай залятае далёка за лазовы куст.
  — А, ч-чорт! — лаецца Казімір. — Такі я яе залішне пацягнуў.
  У паветры, над кустом, раптам паяўляецца чайка-рыбалоў.
  — Кыш! — махае на яе рукамі Казімір. — Цябе не было яшчэ тут.
  Але чайка, раптам склаўшы крылы, куляю падае ў траву. Момант, і яна ўжо зноў у паветры. У яе дзюбе трапеча рыбка, а да рыбкі ад Казіміравага вудзільна цягнецца лёска. Казімір, забыўшыся пра ўсё, махае рукою і крычыць:
  — Кідай, кідай, кажу табе! — быццам чайка можа зразумець, што ён кажа.
  Яшчэ момант, і лёска нацягваецца. Чайка праглынула рыбку і цяпер сама пачапілася на кручок. Яна лётае па крузе над кустом, адчайна ўзмахваючы крыламі, а разгублены Казімір трымае вудзільна ў руках, не ведаючы, што далей рабіць.
  — Цягні яе да сябе, — раю я. — Чуеш, цягні! Казімір пачынае цягнуць лёску да сябе, але чайка, змораная барацьбой і болем, сама садзіцца на траву і зашываецца ў густы корч травы, так што мы ледзь дастаём яе адтуль. У яе распушчаны крылы, дзюба разяўленая і ўся ў крыві. Вушка кручка ледзь відаць у самым горле.
  — Ай-яй, — стогне Казімір, трымаючы ў руках птушку. — Ну, што цяпер рабіць?
  — Не ведаю, — кажу я. — Выцягнуць кручок нельга — яго не дастанеш. Значыць, птушка загінула.
  — Шкада, — уздыхае Казімір, і вочы яго пахмурнеюць.— Шкада,— яшчэ раз кажа ён. — I як жа гэта я не паспеў яе адагнаць?.. А ў яе там, у траве, дзе-небудзь гняздо і малыя птушаняты. Самы той час, калі яны выводзяцца. Вось, значыць, і птушаняты загінулі. А яна, відаць, матка — няйначай. Ах я, стары дурань!
  — Птушаняты не загінуць, — кажу я. — Іх будзе самец карміць, калі толькі гэта самка.
  Чайка ў гэты час уздрыгвае, спрабуючы вырвацца з Казіміравых рук.
  — Ах ты, небарака, — уздыхае Казімір.
  Кроў ідзе і ідзе з разяўленай дзюбы. Яна кроплямі капае на Казіміравы рукі. Раптам твар старога Казіміра яснее. Гледзячы на мяне сваімі прыжмуранымі вачыма, ён раптам загадвае:
  — Перарэзвай лёску. Ды хутчэй жа! Гэта ж у нас у мястэчку ёсць ветурач. Калі ўжо ён з жывата ў майго парасяці цвік выцягнуў, дык гэты кручок ураз дастане. Во пабачыш! Яму гэта — раз плюнуць. Пакуль там яе дзеці будуць падрастаць, мы яе вылечым і зноў да іх выпусцім. Вось толькі не здохла б яна ў дарозе.
  Я перарэзваю лёску, потым шпарка зматваю вуды, бяру і свой і Казіміраў улоў, і вось ужо мы ўдвух прабіраемся лугам да мястэчка. Яно кіламетры за два ад нас, на супрацьлеглым стромкім беразе. Адсюль відаць канцавыя дамы, высокія бярозы ў парку і макаўкі царквы, якой гэтым летам, кажуць, споўнілася аж трыста год. Трава густая, высокая, ісці па ёй вельмі цяжка. Чайка раптам пачынае вырывацца з Казіміравых рук, і з яе дзюбы ліецца кроў. Нарэшце мы выбіраемся на лугавую дарогу. Узыходзім на ўзгорак і бачым: нам насустрач ідзе бабулька з кошыкам у руцэ. Твар яе падобны на ссохлы памідор—так многа на ім маршчын і маршчынак. Старэчыя вочы выцвілі, бровы ледзь прыкметны. Параўняўшыся з намі, яна кідае нам кароткая "дзень добры" і ўжо шыбае далей, як раптам яе вочы спыняюцца на акрываўленых Казіміравых руках.
  — Што гэта з ёю? — пытаецца бабулька спыніўшысл.
  — Ды так што няшчасце, — хмурыцца Казімір і пачынае расказваць, як усё здарылася.
  — Та-ак, — цягне бабулька, і вочы яе раптам гнеўна ўспыхваюць. — Ах ты, нягоднік! — кажа раптам яна, гледзячы на Казіміра. — Бач, бараду адгадаваў як не да пупа, а ў галаве — адна мякіна. Дзе ж гэта твае вочы былі, калі яна над той рыбінай лётала? Трэба было пужнуць як след.
  Твар у Казіміра прыкметна чырванее ад сораму. Сорамна яму, і асабліва мне, бо, як ні кажыце, а я прыезджы, дый з цэнтра. Што ж гэта я скажу пра гэта там, у Мінску, сябрам-рыбакам? Што ён, Казімір, не карыстаецца ніякім аўтарытэтам?
  — Не паспеў, бабулька, — кажа Казімір і вінавата апускае вочы на свае гумавыя, шмат дзе патрэсканыя боты.
  — Не паспеў! — дакарае бабулька. — Такая прыгожая птушка і памрэ ў такіх пакутах. То ж не жартачкі — рыбалоўны кручок у самае горла засадзіць. Няма на цябе, барадатага д’ябла, управы. Вунь, бач, колькі чаек — глядзець хораша! А ты… Ну, чаго, чаго буркалы нацэліў, ідзі хутчэй, калі ўжо да ўрача!
  Мы ідзём далей адны.
  — Ну ж і старая, — кажа Казімір, папраўляючы ў руках птушку. — Гэта Параска Гайнава, са скепнянскага калгаса. Такая вострая на язык — страх! Яе там усе баяцца — і старшыня і брыгадзіры. Самой як не семдзесят, а ходзіць на працу ў поле, ударніца, летась нават у Маскву на выстаўку ездзіла. На слова — як тая брытва. А ля ракі, бачыш, ля ракі колькі народу? — кажа раптам ён. — Ну, цяпер мы не так хутка на той бок пераправімся. Глядзі, што здохне чайка, — ён прытульвае і хукае ёй на галаву. — Птушкі цеплыню любяць.
  Крыху дзівіць, што гэты пажылы сталы чалавек, з чорнаю барадою, з вусамі, у салдацкай шапцы яшчэ часоў імперыялістычнай вайны, які мае ўжо нават унукаў, шкадуе гэтай птушкі, як малы. У яго нават і ў вачах поўна смутку.
  — Куды ж гэта вы несяце яе, дзядзька Казімір? — пытаецца адзін з касцоў каля лодкі.
  Дзядзька Казімір уздыхае і расказвае ўсё па парадку.
  — Правільна, нясіце да ўрача,— падтрымліваюць касцы. — На тое ён вучыўся, на тое яму грошы плацяць.
  — Дык вы, можа, хлопцы, прапусціце нас у лодку паперадзе?
  — Што ж, шыбай, дзядзька, — спагадліва адгукаецца адзін касец. — I ты таксама, — кажа ён да мяне.
  Пакуль мы ідзём па мястэчку, нас акружае цэлы натоўп падлеткаў, часам сустракаюцца знаёмыя Казіміру пажылыя людзі, і ўсе пытаюцца — што такое? Дзеці адстаюць ад нас толькі ля двара ветбальніцы.
  Двор ветбальніцы шырокі і прасторны. Ля канавязі стаяць коні, паныла апусціўшы галовы. З хлява даносіцца бляянне ягнят, рыканне кароў і цялят. Гэта — хворыя, пакінутыя на стацыянарнае лячэнне. Ля ганка бальніцы стаіць некалькі дзядзькоў, адзін — з бізуном у руках, твар, боты, адзенне на ім запыленыя — па ўсім відаць, што чалавек толькі што прыгнаў сюды хворага каня.
  — Каго гэта нясеш? — пытаецца ў Казіміра чалавек з бізуном. — Чайку? Хм. Бач, уся дзюба ў крыві. Што гэта з ёю?
  Зноў трэба тлумачыць.
  — Дадумаўся, — кажа чалавек з бізуном. — Ну, здохла б яна — вялікае няшчасце. Якая з яе карысць? — ён прыглядаецца да чайкі, бачыць, як тая сутаргава ўздрыгвае, выплёўваючы з дзюбы згустак крыві.
  — А дзе ўрач? — пытаецца тым часам Казімір.
  — У сябе ў кабінеце,— неахвотна адгукваецца чалавек з бізуном. — Ідзі, ідзі хутчэй, чаго марудзіш? — раптам нездаволена бурчыць ён. — Або не бачыш — здыхае твая чайка.
  Чайка і сапраўды захлынаецца, галава яе прыкметна чарнее, вочы падкочваюцца, якраз як у курыцы на седале. Мы заходзім у прыёмны пакой, у якім зусім пуста, і Казімір адразу накіроўваецца да дзвярэй з надпісам: "Урач". Я іду следам за ім. У пакоі за сталом сядзіць пажылы, старанна паголены мужчына ў белым халаце і з круглымі бліскучымі акулярамі на носе.
  — Добры дзень, — кажа Казімір.
  Мужчына адрываецца ад папер, кладзе ручку на чарнільны прыбор і адразу нацэльваецца вачыма на чайку.
  — Кгм, — чмыша ён. — Та-ак! Ну, што скажаце? Казімір таропка растлумачвае. I чым больш ён гаворыць, тым больш на твары ва ўрача расплываецца дабрадушная здаволенасць.
  — Та-ак, — кажа ён — Гэта добра, што вы яе да мяне прынеслі.
  Ён бярэ чайку, разглядае яе.
  — Табе што ж, знелюбела над Дняпром лётаць, што ты на вуду кінулася? — гаворыць ён, разглядаючы разяўленую яе дзюбу. — Чайка — гэта паэзія мораў, рэчак, азёр. Пра яе нават песня складзена вельмі жаласлівая. А цяжкавата табе, мілая мая. Ну нічога, выратуем. Давядзецца аперацыю зрабіць. Будзем, мілая, горла табе рэзаць, кручок дастанем, а тады зноў горла зашыем. Табе яшчэ пашанцавала: кручок не закрануў дыхальных шляхоў. Феня!—гукае раптам ён.
  Чутны крокі, і з бакавых дзвярэй выходзіць медсястра.
  — Зараз жа на аперацыйны стол, — падае ён ёй нашу чайку. — А вы, таварышы, пабудзьце ў прыёмным пакоі, пачакайце там.
  У прыёмным пакоі мы з Казімірам садзімся на лаўку. У вокны пакоя свеціць сонца, залатыя зайчыкі гуляюць то па падлозе, то па сцяне, то па плакатах. Гудзе чмель на акне. За акном паціху і заўзята шапочуць пра нешта маладыя бярозкі. Падзьме ветрык, і туляцца тады галіны адна да адной, і трапеча, трапеча, як бы спяшаючыся расказаць пра нешта запаветнае, лісце.
  — А цікава ўсё ж, — раптам кажа Казімір. — Ці выратуе ён гэтую чайку? Урач, скажу табе, талковы. Яго тут усе паважаюць. Бруцэлёз — і той выгнаў з раёна. Да яго ўжо і катоў носяць і сабак водзяць. Нядаўна сустракаю адну тут жанчыну. Нясе пеўня пад пахаю, таксама лячыць. Чакайтка! — і мы сцішаемся і прыслухоўваемся. З кабінета ўрача даносяцца галасы. Потым дзверы расчыняюцца і, трымаючы ў руках чайку, выходзіць урач.   Знізу на шыі ў чайкі выстрыжана пер’е і на тым месцы наклеены бінт. Крылы і ногі птушкі звязаны бінтам. Следам за ўрачом выходзіць сястра Феня. Напалоханая чайка ўвесь час варочае галавою і разяўляе дзюбу, але адтуль ужо не цячэ, як нядаўна, кроў.
  — Прымайце хворую, — кажа ўрач і падае чайку Казіміру. — Сёння гэтая прыгажосць Прыдняпроўя есці не будзе, але затое заўтра, згаладаўшыся, пачне каўтаць. Давайце ёй дробную рыбу — найлепш малькоў. Праз шэсць дзён прынясіце — я здыму ёй шво, — і ён пачынае падрабязна растлумачваць, як даглядаць нам чайку.
  Сястра Феня між тым працягвае да мяне сваю прыгожую руку і ўсміхаецца прыязна.
  — Вазьміце, — кажа яна. — Гэта ж ваша.
  Толькі цяпер я заўважаю, што ў яе ў руцэ Казіміраў рыбалоўны кручок з кароткай лёскай…
  Пад вечар цэлым гуртам прыходзяць малыя.
  — Дзядзька Казімір, — крычаць, — мы прынеслі малькоў! Во яны, у бляшанках.
  Казімір збірае бляшанкі, устаўляе імі ўсе падаконнікі.
  Нельга бадай і расказаць, як жывём мы з Казімірам усе гэтыя шэсць дзён. Ля нас увесь час як бы экскурсіі, і найбольш дапякаюць нас малыя. Мы ўпрыкмет худнеем, і нашы галасы хрыпнуць, бо амаль няспынна трэба расказваць, як чайка трапіла на кручок, як мы яе ратавалі. А чайка дзесяткамі глытае малькоў, запівае іх вадою і адчувае сябе выдатна. Яна нават пачынае падаваць голас — працяглы, прарэзлівы крык. Потым яна, на радасць усім, з’ядае ладнага шчупака, потым яшчэ аднаго, а там пайшло і пайшло.
  — Папраўляецца? — пытаюцца ў нас суседзі.
  — Папраўляецца, — адказваем мы хрыпатымі, як прастуджанымі, галасамі.
  На сёмыя суткі мы забіраем яе з клеткі і нясём да ўрача. I вось — шво знята.
  — Куды вы яе цяпер дзенеце?
  — Як гэта куды! — адказвае барадаты Казімір. — Вядома куды — занясём на той самы бераг і выпусцім. Там у яе блізка гняздо.
  — Вось і добра, — кажа ўрач.
  — Уладзіслаў Цярэнцевіч,— гаворыць раптам сястра Феня.— Дазвольце і мне пайсці з імі.
  Уладзіслаў Цярэнцевіч маўчыць, нейкі час раздумваючы. Потым пазірае на пачырванелы Фенін твар і дазваляе:
  — Што ж, ідзіце…
  Мы выходзім на вуліцу. Тут Казімір раптам спыняецца і аддае мне чайку.
  — А я і забыўся, — кажа ён. — Мне там жонка па гаспадарцы загадала сёе-тое зрабіць. Я праз гэтую чайку ўсю гаспадарку запусціў. Дый чаго мне ісці туды? Смяяцца пасля будуць… Вы ўжо без мяне выпусціце яе, толькі ж каб абавязкова на тым месцы.
  — Добра, — кажа Феня.
  Мы з ёю садзімся ў лодку і пераплываем на той бок. Доўга ідзём, размаўляючы пра нязначныя рэчы.
  У лузе пачаліся сенакосы. Там, дзе сем дзён назад стаяла, як не ў рост, трава, цяпер усюды ляжаць пакосы. Гудуць трактары, і сакочуць сенакасілкі. Мы даходзім да таго самага берага, на якім вудзілі разам з Казімірам, і Феня пачынае развязваць бінт, якім звязаны чайчыны крылы.
  Нарэшце бінт развязаны. Феня падымае чайку на сваёй прыгожай далоні. Нейкі час птушка стаіць, не разумеючы яшчэ як след, што гэта такое з ёю робяць. Прыдняпроўе вабіць і кліча яе. Раптам яна моцна ўзмахвае крыламі і падымаецца высока над ракой. Робіць круг, другі, кідае нам на развітанне радасны крык і, знізіўшыся, ляціць у лугі.
  — I гняздо знойдзе, вось пабачыце, знойдзе,— кажа мне Феня, быццам я і сапраўды магу пасля даведацца — знойдзе яна сваё гняздо або не.
  — А можа, у яе і гнязда не было, — кажу я.
  — Ну, што вы!.. — палохаецца Феня, і на яе прыгожым тварыку відаць хітрая ўсмешка.
  — А вы прыгожая, Феня, — раптам кажу я і пачынаю ўпрыкмет чырванець. — Чэснае слова.
  Чайка між тым адлятае ўсё далей і далей і вось ужо і зусім знікае за лазнякамі.

1956

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий