Мікола Мятліцкі — Дыпціх чакання

Мікола Мятліцкі

1.  Вёска

Не паверу: ніхто не жыве
У хатах тваіх астыглых.
Крокі зноў чую – гэта
Вяртаюцца дадому з кладоў
Дзяды.
(Мулка ў магілах ім стала,
Гукаюць мёртвыя хаты.)
Бабуля мая Аксіння
Гоніць перад сабой
Чароды аблок –
З белага небнага раю.
Бацька з касой на плячы
(Вырваў з рук чорнае смерці)
Ідзе поплавам.
Маці…
З чым, мама, ты крочыш
На гэтым перасяленні памяці?
Што ў руках? Калыска
Маленькай памерлай дачкі…

Жывіце!
Гэта вашая вёска.
Паспяшаліся выпісаць вас
У сельсавеце.
Я не магу бачыць вёску пустою –
Жывіце!

…Час пашырае жылплошчу
Смерці.

2.  Прыпынак

Каторую ноч
Я выходжу на прыпынак аглухлы
За вёску і бачу адно:
Кроячы фарамі цемрадзь,
Гойдаючы на шыбінах водсветы,
Паяўляюцца з лясістай смугі
Аўтобусы,
I яркі агонь
Высвечвае шыльды-пазнакі:
«Чамкоў – Хойнікі»,
«Уласы – Хойнікі»,
«Масаны – Хойнікі»,
«Пагоннае – Хойнікі»,
«Аравічы – Хойнікі»…

Яны скрыпуча тармозяць
На прыпынку сярэдначы,
І ўсё,
Гарбацячыся ў цемрыве ночы,
Спалошліва мкнецца ў раскрытыя дзверы –
Хаты і дрэвы,
Калодзежныя жураўлі і хмары,
Тарфяныя бугры
I ржавая каналаў вада…

Пусткаю чорнай
Робіцца Бабчын.

Аўтобусы,
Пускаючы дым,
Далей імкнуцца.
Ім багата каго падабраць
На гэтай дарозе…
А я адзін застаюся
Сярэдначы
Пасярод самай жудотнай
Пустыні свету,
Каб дачакацца,
Калі ж яны
Рушаць назад
З перавернутымі шыльдамі:
«Хойнікі – Чамкоў»,
«Хойнікі – Уласы»,
«Хойнікі – Масаны»,
«Хойнікі – Пагоннае»,
«Хойнікі – Аравічы»…
Калі высадзяць
I на гэтым прыпынку
Усё,
Што забралі, павезлі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий