У спратах папараці – во дзе! –
Між каранёў-пляцёнак хвой
Лясны закінуты калодзеж
Вадой калышацца жывой.
Старая конаўка збурэла,
Бяросты лушчыцца луска.
У хваляванні як нясмела
Бярэ цяпер яе рука.
Ручэй – гарэзны сын крынічкі –
Ад зруба булькае ў траве.
I толькі восы, быццам знічкі,
Лятаюць-зумкаюць: – Жыве!
Адбіўшы пасму аблачынкі,
Ты згадак пырскамі абдаў.
Мне не забыць тае дзяўчынкі,
Якой, было, вады падаў.
Гарэлі сонечныя промні
На вуснах кроплямі святла.
Чароўны міг трапётка помню,
Як з белай конаўкі піла.
Дзяркач пытае на балоце
Дзяркатым голасам бяды:
У лета ядзернай спякоце
Хто сёння ёй падасць вады?