Мядовае знаёмства

Пераказы і дыктанты

  Антосю заставалася служыць у войску лічаныя дні. Сядзела ў салдацкай душы думка, якая не давала спакою. Гэта думка – сястра яго аднапалчаніна Міхася, які звёў праз пошту Антося з Алесяй. Хлопец з дзяўчынай абмяняліся фотакарткамі – вось і ўся немудрагелістая камбінацыя.
 Мястэчка, дзе жыла Алеся, знаходзілася ад Антосевай вёскі не вельмі далёка. Вярнуўшыся дамоў, хлопец прагнуў асабіста пазнаёміцца з Алесяй. Адна справа – фотакартка, другая – жывы чалавек.
 Антось паведаміў маці, што заўтра хоча паехаць да Алесі. Маці захвалявалася, замітусілася і расказала пра ўсё бацьку. Бацька па-мужчынску ўзважыў сітуацыю і заявіў, што ехаць да чужых людзей з пустымі рукамі сорамна, што трэба ўзяць з сабой мёду. А маці дадала, што знаёмства пры мёдзе – добрая прыкмета, якая абяцае салодкае жыццё.
 З першымі промнямі сонца Антось быў на нагах. Бацька паказаў на лаву, дзе стаяла эмаліраванае вядро, акуратна абвязанае прыгожым ручніком.
 – Няхай не думаюць, што мы сквапныя, – сказала маці.
 Антось уздыхнуў, узяў вядро і пакрочыў да аўтобуса. Быў цудоўны восеньскі дзень. Аўтобус хутка прабег дзесяць кіламетраў, і хлопец апынуўся на патрэбнай вуліцы.
 Раптам да Антося радасна падскочыў Толік, з якім разам служылі ў адной роце. Сябры накіраваліся на зялёны выган. Уладкаваўшыся, пачалі мачаць хлеб у мёд. Аднекуль сталі злятацца пчолы. Яны ліплі да вядра, садзіліся на рукі, лезлі ў вочы. Адна пчала ўскочыла нават у рот Антосю і паспела куснуць яго за язык. Гэта перапоўніла чашу цярпення, і хлопцы сталі збірацца. Яны выцерлі травой ліпкія ад мёду рукі і пакрочылі прэч ад гэтага месца. Але пчолы ад іх не адставалі, гулі над галовамі цэлым роем.
 На развітанне Толік чыркнуў на паперы свой адрас, і Антось пайшоў да Алесі. Пчолы, чуючы ў вядры мёд, поўзалі па ліпкай пасудзіне. Антосю раптам падалося, што сонечны дзень паступова пачаў цямнець. Твар гарэў, язык патаўсцеў.
 Вось і патрэбны дом. Хлопец праз туман убачыў прыгожую дзяўчыну, хацеў па-вайсковаму павітацца, але нічога не атрымалася, бо языку было цесна ў роце. Праз расчыненыя дзверы Антось убачыў на стале ў другім пакоі сваю фотакартку. За дзяўчынай выйшаў яе брат Міхась. Антось кінуўся да сябра, але Міхась не пазнаў яго і адпіхнуў. Тут Антось выпадкова зірнуў у люстэрка, якое вісела на сцяне. Адтуль на яго глядзела нейкае страшыдла з апухлым тварам і тонкімі шчылінкамі замест вачэй. Разлахмачаныя валасы зліпліся ад мёду і тырчэлі ва ўсе бакі, па іх поўзалі пчолы.
 Антось кінуўся ў дзверы. На вуліцы падслепаватымі вачыма прачытаў на паперцы адрас Толіка, з цяжкасцю знайшоў яго дом. Толік ляжаў на ложку, апускаў ручнік у халодную ваду, прыкладаў да твару і стагнаў. Толькі цяпер Антось адчуў, як пячэ твар. Хлопец паслухмяна выпіў малака, прынесенага Толікавай маці, лёг, адчуў на твары халодны ручнік.
 Пухліна праходзіла аж два дні. Развітаўшыся і падзякаваўшы маці сябра, Антось падаўся на аўтастанцыю, каб ехаць дамоў. Але вырашыў зайсці да Алесі і папрасіць прабачэння. Раптоўна падумаў, што Алеся і Міхась яго не пазналі. Калі стукаў у дзверы, сэрца вырывалася з грудзей.
 Адчыніў дзверы Міхась, абняў сябра. З другой паловы хаты выглянула тая ж прыгажуня, зачырванелася. Антось на ўсякі выпадак зірнуў у люстэрка. Страшыдлы там ужо не было, на Антося глядзеў прыгожы хлопец. Раптам ён убачыў сваё вядро, якое стаяла ў кутку пад лаўкай. Міхась растлумачыў, што два дні назад да іх заскочыў нейкі дурань, увесь апухлы, з галавы да ног у мёдзе, прынёс за сабой цэлы рой пчол. Пачуўшы гэтыя словы, Антось уціснуў галаву ў плечы.
 Хутка Антось і Алеся справілі вяселле. Няхай ім шчасціць у жыцці! Так яно і будзе, бо знаёмства пры мёдзе – добрая прыкмета.
(566 слоў)

Паводле С. Давідовіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий