Мялецій Сматрыцкі

Іншае

   Бадай, нават чалавеку з багатай фантазіяй складана было б «збудаваць сюжэтны каркас» з дынамікі такіх напружаных, драматычных, а часам і трагічных калізій, якімі напоўнены жыццяпіс архіепіскапа Полацкага, епіскапа Віцебскага і Мсціслаўскага, архіепіскапа Ерапалітанскага, пісьменніка і вучонага, тэолага і палеміста Мялеція Сматрыцкага (свецкае імя Максім Герасімовіч).

   Калі чалавек вымушаны па сваёй віне ці па чужой злой волі, свядома ці пад прымусам адрачыся ад сваіх перакананняў і ўсяго створанага паводле іх, а потым зноў да іх вярнуцца і зноў ад іх адрачыся, то лёс такога чалавека адназначна трагічны.

   Народжаны (каля 1577-1633) ў мястэчку Смотрыч, што на Падоллі, М. Сматрыцкі большую частку свайго жыцця пражыў не на радзіме, а каля Менска, у мястэчку Саламярэчча (дзе быў настаўнікам маладога беларускага магната Багдана Саламярэцкага), а таксама ў Вільні. Геаграфія і вызначыла гісторыю яго жыцця і лёс. Атрымаўшы выдатную адукацыю (закончыў філасофскі факультэт Віленскай акадэміі, два гады слухаў лекцыі ў Ляйпцыгскім, Вітэнбергскім універсітэтах), дасканала авалодаў многімі замежнымі мовамі. Галоўны твор яго жыцця — «Трэнас» (1610), напісаны ў стылі барока, — гэта не толькі факт самага высокага мастацтва, але помнік незвычайнай дасведчанасці, эрудыцыі аўтара. У гэтым творы ён часта і да месца спасылаецца на сярэдневяковых пісьменнікаў, гісторыкаў, філосафаў, багасловаў, грамадскіх дзеячаў Егіпта і Візантыі. Асаблівая яго ўвага — літаратурнай спадчыне еўрапейскага Адраджэння. Да сведчанняў 143 аўтараў звярнуўся М. Сматрыцкі для большай аўтарытэтнасці свайго твора, а пералік выкарыстаных крыніц прыклаў у прадмове да чытача. Трэці і чацвёрты раздзелы «Трэнаса» ўяўляюць сабой своеасаблівую энцыклапедыю выказванняў старажытных філосафаў, пісьменнікаў, багасловаў пра «зверхнасць» рымскага папы.

   Энцыклапедычнымі былі і веды самога аўтара «Трэнаса». Ён абяссмерціў сваё імя і як аўтар першай грунтоўнай у навуковых адносінах «Грамматики словенския правилное синтагма» (1619). Яна мела выключнае культурнае і палітычнае значэнне для свайго часу. Палітычнае, бо занятая барацьба паміж праваслаўем і езуітамі вялася і па праблеме мовы. Езуіты адмаўлялі царкоўнаславянскай мове як «мёртвай» у праве на існаванне. У сваю чаргу апалагеты праваслаўнага веравызнання называлі лацінскую мову сімвалам ашуканства, «паганскай хітрасці» і фарысейства. і менавіта «Граматыка…» М. Сматрыцкага была важкім сведчаннем у той дыскусіі на карысць праваслаўя. Яна стала цэлым этапам у станаўленні славянскага мовазнаўства.

   Амаль паўтара стагоддзя «Граматыка…» Сматрыцкага была агульнапрызнаным школьным падручнікам не толькі ў ВКЛ, але і ў Расіі, дзе двойчы перавыдавалася. Яе адначасова з «Псалтырью рифмо-творной» Сімяона Полацкага і «Арифметикой» Лявонція Магніцкага М. В. Ламаносаў назваў «вратами своей учёности».

   Між тым, як справядліва зазначае вучоны-літаратуразнавец У. Кароткі, постаць М. Сматрыцкага, яго грамадская і царкоўная дзейнасць сталі сімвалам той складанай вірлівай эпохі, у якую ён нарадзіўся, творцам якой у пэўнай ступені сам і з’яўляўся. Штуршком да напісання «Трэнаса», які і прынёс яго аўтару несмяротную славу, і ста ў галоўнай прычынай усіх трагічных калізій яго жыцця, паслужылі драматычныя падзеі 1609 г. у Вільні па віне уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея. Каб канчаткова зламаць супраціўленне царкоўнай уніі, ваяўнічы мітрапаліт, заручыўшыся падтрымкай дзяржаўных улад Рэчы Паспалітай, учыніў пагром праваслаўных манастыроў і цэркваў. Усё гэта выклікала гнеўнае абурэнне з боку праваслаўных і пратэстантаў, у выніку якога Пацей амаль не паплаціўся жыццём. Але і гэта не ўтаймавала хітрага і каварнага мітрапаліта: ён учыніў жорсткую расправу над непакорнымі, а потым выдаў абурэнне гараджан як палітычную акцыю, накіраваную не супраць яго, а супраць дзяржавы і караля. З гэтай мэтай ён і яго хаўруснікі сфабрыкавалі пасквільную брашуру «Рэляцыя», у якой прад’явілі праваслаўнаму брацтву палітычнае абвінавачанне ў здрадзе інтарэсам дзяржавы. і пагромы, і брудны пасквіль вельмі моцна ўзрушылі ўражлівага па характары М. Сматрыцкага, і ён у парыве ахапіўшага яго абурэння стварыў за кароткі час свой «Трэнас» (плач).

   У прадмове да чытача аўтар «Трэнаса» коратка апавядае пра тыя задачы і праблемы, якія хвалююць яго і якія павінны стаяць у цэнтры ўвагі сучаснікаў. Пісьменнік аспрэчваў меркаванне, што непрыманне уніі — гэта ўпартасць праваслаўных і яно не мае пад сабой ніякай глебы. Ён абгрунтоўваў правамернасць існавання праваслаўнай царквы, яе вучэння, абрадаў, прыводзячы вытрымкі з Святога Пісання. Адступніцтва ад праваслаўя трактавалася М. Сматрыцкім як здрада Радзіме. У гэтым палеміст бачыў вытокі дэнацыяналізацыі, акаталічвання беларусаў і ўкраінцаў.

   Кампазіцыя твора даволі складаная. Пачынаецца твор традыцыйна — з эпіграмы на герб Вішнявецкіх, у якой род князёў Вішнявецкіх прыпадабняецца, згодна з беларускай сімволікай, да месяца ў акружэнні зорак. Сярод галоўных заслугаў гэтага княжацкага роду М. Сматрыцкі вылучае адданасць айчыне і непарушнасць бацькаўскай веры. Толькі вернасцю Айчыне, Богу, каралю можна заслужыць вечную памяць нашчадкаў, здабыць бессмяротнасць душы. Калі князь Міхал прачытае гэтую кнігу, лічыць аўтар, ён будзе больш аддана абараняць сваю пакрыўджаную маці-царкву.

   Пасля такога прысвячэння змешчаны 10 самастойных раздзелаў: «У якім заключаецца Плач, або Нараканне святой Усходняй царквы на адступных сыноў», «У якім заключаецца напамін Усходняй царквы сыну, які пакінуў яе разам з іншымі», «Супраць адзінаўладнай вярхоўнасці рымскага епіскапа», «Які ў першым раздзеле заключае трактат пра сённяшні рымскі касцёл, а ў другім — пра святую Усходнюю царкву, падпарадкаваную крыжу», «У якім заключаецца трактат пра зыходжанне Святога Духа», «Аб праснаку і кіслым хлебе Новага Запавету»; «Пра чысцец», «Пра адмаўленне рымскім касцёлам Кубка Новага запавету», «Аб прызнанні святых», «У якім Катэхізіс, што значыць сума ці кароткі збор цырымоній святой Усходняй царквы».

   Сімвалічны вобраз праваслаўнай маці-царквы, ад імя якой М. Сматрыцкі звяртаўся ў «Трэнасе» да народа, і раней неаднаразова выкарыстоўваўся ў палемічнай літаратуры. Аднак толькі ў «Трэнасе» гэты вобраз-алегорыя стаў вечавым звонам, загучаў заклікам да яднання ўсіх сіл у барацьбе з наступам каталіцызму і дэнацыяналізацыі.

   Два першыя раздзелы ўсведамляюцца як мастацкі аповед пра тое пекла, у якім апынулася царква ў Рэчы Паспалітай, пра невыносныя пакуты і гора, у якія яна нізрынута сваімі ж сынамі: «Рукі ў аковах, ярмо на шыі, путы на нагах, ланцуг на клубах, меч над галавою абасечны, глыбокая вада пад нагамі, па баках непагасны агонь… адсюль страх, з усіх бакоў праследавання». і няма нікога, хто б мог прыйсці ёй на дапамогу, выслухаць яе жаласную аповесць.

   Асноўную прычыну такіх пакут, галоўны грэх палеміст бачыць у прадажнасці, адступніцтве, у тым, што сыны і дочкі прамянялі клопат, пяшчоту, увагу маці на спажыву і багацці гэтага свету і пайшлі за «мачахай».

   Галоўнымі віноўнікамі таго, што маці-царква апынулася ў такім гаротным стане, палеміст лічыць беларуска-ўкраінскі епіскапат і святароў-адступнікаў. Замест таго, каб быць настаўнікамі і павадырамі «авечак Хрыстовых, яны першымі паддаліся распусніцтву і здрадзе». «Вы не святары, — звяртаецца аўтар да адступнікаў, — а крыважэрныя ваўкі, не павадыры, а галодныя ільвы, якія адных авечак самі пажыраеце, а іншымі без шкадавання зміевы пашчы затыкаеце».

   Другі раздзел цалкам прысвечаны звароту маці да сыноў-свята-роў, якія разам з іншымі пакінулі праваслаўную царкву. Пісьменнік малюе карціну дэградацыі духоўных настаўнікаў. Фактычна яны ператварыліся ў феадалаў у пастырскіх мантыях. Ад імя маці-царквы пісьменнік-прапаведнік просіць сваіх сыноў: «Вазьміся лепш за навуку, а не за срэбра, імкніся да мудрасці, а не да золата… бо мудрасць вышэйшая за ўсе гэтыя рэчы, і няма на свеце нічога, што магло б з ёй параўнацца».

   Важнае месца ў «Трэнасе» займае крытыка рымскага папы і яго двара. Пісьменнік лічыў, што ўзведзены ў абсалют прынцып непагрэшнасці рымскіх папаў не толькі пярэчыць Святому Пісанню, але і неўласцівы чалавечай прыродзе. Быць абсалютна бязгрэшным — значыць быць вышэй за ўсіх апосталаў, прыраўняць сябе да Ісуса Хрыста. М. Сматрыцкі паказвае папу як сімвал зла і пыхі. Рымскія папы ерэтыкі, распуснікі, язычнікі. З’едлівай крытыцы, саркастычнаму асмяянню падвяргаюцца і езуіты як насаджальнікі «лаціны», «мярзотнай і б язбожнай» філасофіі Арыстоцеля. Гэта яны, зазначаў М. Сматрыцкі, прыгнятаюць і пазбаўляюць вольную шляхту кавалка хлеба, падманам забіраюць маёнткі сіротаў і ўдоў, поўна на іх скаргаў у судах, «бо Рым — усяму галава, а езуіт — вызувіт, што пазбаўляе людзей маёмасці».

   Першы біёграф Сматрыцкага доктар тэалогіі Якуб Суша пісаў: «Ніколі ніхто з ерэтыкоў не рабіў на святы апостольскі сталец такіх злосных нападкаў… Тут што ні слова — то язва, што ні думка — то атрута, пагібельная яшчэ больш ад таго, што аўтар растварыў яе вытанчанасцю слова, як салодкаю прынадаю».

   Больш вычарпальна і трапна пра галоўную мастацкую вартасць шэдэўра і сказаць нельга. Сапраўды, трагічную карціну становішча праваслаўнай царквы таленавіты аўтар намаляваў не сродкамі гісторыка, а як мастак. і тым больш пагібельнай была тая атрута для апанентаў.

   Твор уяўляе рытарычна пафасны, эмацыянальны каскад папрокаў, нараканняў, скаргаў маці-царквы. У свядомасці праваслаўнага чытача таго часу гэты вобраз асацыяваўся з лёсам маці-айчыны, на якую нахабныя прышэльцы з дапамогай мясцовых рэнегатаў імкнуліся надзець цяжкае і ганебнае ярмо рабства. Скаргі адрынутай маці ўсведамляліся як плач і скаргі радзімы і ўсяго праваслаўнага люду Беларусі, што стагнаў пад гнётам сацыяльным, нацыянальным і рэлігійным.

   «Трэнас» — узор паэтычнага красамоўства, пададзенага рытмізаванай прозай. Так пранікнёна, так псіхалагічна абгрунтавана, так ярка, так псіхалагічна вобразна, выкарыстаўшы фальклорныя рэмінісцэнцыі, напісаць мог толькі чалавек высокай культуры мастацкай творчасці, якім і быў М. Сматрыцкі.

   Кароль Жыгімонт III, кіруючыя колы Рэчы Паспалітай жорстка расправіліся з выдаўцамі «Трэнаса». Рэдактар Лявонцій Карповіч два гады правёў у вязніцы. Была закрыта брацкая друкарня пры Святадухавым манастыры, канфіскаваны экзэмпляры выдання, адабраны шрыфты. Паводле загаду караля, кожнаму, хто купляў ці прадаваў «Трэнас», пагражала пакаранне штрафам у пяць тысяч чырвоных залатых. Самому М. Сматрыцкаму напачатку ўдалося пазбегнуць кары, бо ён падпісаў свой твор псеўданімам Тэафіл Арталог. Аднак выступление вядомага езуіцкага пісьменніка Пятра Скаргі са сваёй «Перасцярогай на трэны і лямант Тэафіла Арталога…» стала пачаткам неверагодных выпрабаванняў для М. Сматрыцкага, вынікам якіх былі і ўцёкі на Блізкі Усход (яго аб’явілі галоўным вінаватым у Віцебскім паўстанні 1623 г. і крывавай расправе з фанатычным уніяцкім епіскапам і. Кунцэвічам), і душэўны крызіс, і душэўны злом. Абставіны канчаткова зламалі яго, і ён не толькі адрокся як ад ерэтычных ад усіх сваіх твораў, але нават стаў «уніяцкім Цыцэронам».

   Такі прысуд сваім творам зрабіў М. Сматрыцкі. Але яго прысуд не стаў прысудам гісторыі…

   Для нас яны — і плач, і напамін…

 

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений