На беразе возера

Пераказы

   Якуб Колас любіў пасядзець на беразе возера, асабліва ля цяпельца. Прыслухоўваючыся да ціхага шолаху хваль ці да шумлівага прыбою, ён расказваў нам шматлікія гісторыі са свайго жыцця. Гутарка зацягвалася.
   На прыбярэжны лес паволі апускалася сонца. У залацістай чырвані зіхацела неба, а ўся вялізная прастора вады быццам была заліта расплаўленымі меддзю і срэбрам. Яны не змешваліся, а пераліваліся ў такт ціхаму пагойдванню хваль. Уся далеч губляла свае абрысы і нібы танула, расплывалася ў бледна-сіняй смузе. Здавалася, разгарнулася перад табой дзівосная карціна геніяльнага мастака. Ішлі хвіліны. Змяняліся фарбы. Над галовамі праносіліся з мяккім посвістам крылаў чародкі качак, якія спяшаліся з возера на гняздоўі. Ускрыквалі неўгамонныя чайкі. Сонечныя фарбы дагаралі, зрэдку ўспыхваючы ў вышыні пунсовай зоркай. Нарэшце згаслі ўсе фарбы, і паступова шэры змрок ахутаў ваду і зямлю.
   Возера амаль што не відаць. Яно адчуваецца па ціхіх усплёсках: гуляе рыба, шэпчацца хваля з прыбярэжным пяском.
(145 слоў)

Паводле М. Лужаніна.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий