Нахабная зязюля

Пераказы і дыктанты

  Я ішоў лясной сцежкай.
 Злева пачулася тонкае папіскванне. Я збочыў са сцежкі і асцярожна пайшоў на піск. Непадалёку ўбачыў зязюлю і нейкую маленькую птушачку, якая мітусілася вакол яе. Маленькая птушачка, у якой я пазнаў чаканчыка, абараняла сваё гняздо, спрабавала прагнаць няпрошаную госцю прэч. Зязюля поўзала па зямлі, заглядаючы пад кусцікі і чубчыкі высокай травы. Было відаць, што яна шукала гняздо птушачкі.
 Каля аднаго кусціка чаканчык асабліва трывожна пішчаў і бясстрашна кідаўся на зязюлю. А яна, здагадаўшыся, відаць, аб тым, што менавіта тут дзесьці яго гняздо, тапталася на адным месцы. Каля ямкі пад кустом, быццам з-пад зямлі, нечакана вынырнула другая птушачка, відаць, самачка, якая сядзела на яйках. I яны ўжо ўдваіх населі на няпрошаную госцю.
 Я падышоў да куста, каля якога поўзала зязюля, і пачаў уважліва аглядаць зямлю. Неўзабаве заўважыў вузкую ямачку, якая старанна была замаскіравана травой. Нахіляюся І бачу гняздо, а ў ім пяць блакітных яечак ляжыць. Я адышоў убок і вырашыў пачакаць, ці вернецца зязюля другі раз сюды. Вярнулася! А ўслед за ёю чаканчыкі ляцяць, трывожна папіскваючы.
 Птушка села каля куста, пад якім было гняздо чаканчыкаў, і накіравалася прама да яго. Чаканчыкі каменьчыкамі падалі на зямлю, але яна, не звяртаючы на гэта ўвагі, нахабна села на гняздзечка, высока ўзняўшы ўгору вострыя крылы.
 Нядоўга цягнуўся гэты момант. Секунд пяць-шэсць, не болей. Потым птушка сарвалася з месца і знікла ў балотцы. Чаканчыкі пагналіся за ёю.
 Я другі раз агледзеў гняздо: шэсць яек у гняздзе. I ўсе блакітныя. Толькі шостае крыху большае за астатнія.
(245 слоў)

Паводле Р. Ігнаценкі.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий