Настасін гай

Пераказы і дыктанты

  У вёсцы бываю рэдка. Нікога там з родных не засталося.
 У нашай хаце даўно жывуць чужыя людзі. Хата стаіць у самым садзе. Ля дарогі сад абсаджаны рабінамі. Вельмі любіла маці рабіну. Ні аднаму дрэву яна так не пакланялася, як гэтаму.
 Неяк восенню маці сказала мне: «Сынок, я ў лесе надта харошую рабінку напаткала. Сходзім, выкапаем яе».
 Назаўтра раніцою мы падаліся з маці ў лес. Выкапалі там рабінку, якая так спадабалася маці, і пасадзілі яе на рагу саду, каля самай хаты. Дрэўца прыжылося, і рабінка праз чатыры гады зрабілася сапраўднай прыгажуняй – стройная, крона пышная, кучаравая.
 На пачатку лета, калі рабіна апранула ярка-ружовы вэлюм, маці сядзела на ганку і слухала, як бзумкаюць у голлі дрэва чмялі і пчолы, як радасна і галасіста спяваюць птушкі.
 – Дрэвы, сынок, – гаварыла маці, – упрыгожваюць наша жыццё, дораць чалавеку радасць, робяць яго шчаслівейшым.
 Чалавек, які пры сваім жыцці не пасадзіў ніводнага дрэва, лічы, марна пражыў свой век.
 Я слухаў маці і моўчкі згаджаўся з ёй.
 Неяк нядаўна мне давялося пабываць у роднай вёсцы. Стаяла восень. З невясёлымі думкамі апынуўся ля сваёй хаты. Гаспадароў дома не было. Я ў сад. Яблыні стаялі зажураныя, стомленыя. Толькі рабіны, як тыя асілкі-дубы, цешыліся сваімі пышнымі пазалочанымі кронамі, голле якіх аж згіналася пад цяжарам ярка-ружовых гронак. Падышоў да яблыні, страсянуў яе, падабраў з пульхнай раллі дзве антонаўкі і паціху падаўся з саду.
 На аўтобусным прыпынку паглядзеў на расклад руху: аўтобус павінен быў з’явіцца праз дваццаць хвілін. Я прысеў на невялікую лавачку і пачаў чакаць.
 – Цётка Лявоніха! Дзе вы столькі грыбоў назбіралі! – раптам пачуў я тоненькі дзявочы галасок і павярнуў галаву.
 – У Настасіным гаі, Марынка…
 Я сціснуў рукамі галаву, прымусіў сябе супакоіцца. Але супакаенне не прыходзіла. Памяць уваскрашала цяжкія, самыя першыя пасляваенныя гады вясковага жыцця.
 Прыпомнілася, як у адзін з пасляваенных гадоў на збавенне людзям вельмі добра ўрадзілі грыбы. Поўнымі кошыкамі цягалі з лесу баравікі і падасінавікі, бралі лепшыя падбярозавікі. Сушылі, марынавалі і салілі іх, але і мянялі на хлеб. Вазілі прадаваць грыбы ажно ў Маладзечна. Кожны тыдзень насіла прадаваць грыбы ў гэты, для мяне тады яшчэ зусім незнаёмы горад і маці. Збывала на рынку грыбы, на выручаныя грошы купляла найперш некалькі буханак хлеба, яшчэ тое-сёе і зноў жа пехатою спяшалася назад. За дзень – семдзесят кіламетраў.
 У тую нядзельку маці таксама збіралася ў горад. Але вечарам да нас завітаў ляснік Базыль.
 – Знаю, Настася, што любіш лес, таму і прыйшоў да цябе, – сказаў ён, як толькі пераступіў парог хаты. I расказаў стары, без нагі, ляснік – дзядзька Базыль быў у партызанах, нагу яму перабіла нямецкая аўтаматная чарга, калі яны вярталіся з чыгункі, – што заўтра ў яго абход прывязуць многа бярозак-саджанцаў, а садзіць іх прыйдуць пакуль што ўсяго дзве жанчыны – Ліда Чарнецкая і Зося Сцепанюк…
 Маці адразу дакляравала, што яна прыйдзе садзіць маладыя бярозкі.
 – Мама, а як жа грыбы? – спытаў я.
 – Нічога, сынок, грыбы яшчэ будуць расці. Пачакаем да наступнай нядзелі. Як-небудзь абыдземся, а бярозкі трэба абавязкова пасадзіць, у першую чаргу…
 Пасадзіць бярозкі – адна справа, толькі пачатак. А вось вырасціць іх – куды цяжэй. Гэта добра разумела маці і таму два гады запар прыходзіла на палянку, даглядала іх, як малых дзетак.
 Бярозкі тыя раслі, з кожным годам дужэлі, але маці ўжо ніколі не забывалася пра іх. Людзі так і назвалі гэты бярозавы гай – Настасіным гаем.
 Калі аўтобус наблізіўся да матчынага гаю, я папрасіў шафёра спыніцца і ступіў на зямлю. Я глядзеў на стройныя, дужыя бярозы і як бы чуў жывую маці: «Чалавек, які пры сваім жыцці не пасадзіў ні аднаго дрэва, лічы, марна пражыў свой век, сынок ».
 «Мабыць, і памяці пасля сябе ніякай не пакінуў», – хацелася дабавіць мне да матчыных слоў.
(588 слоў)

Паводле Я. Галубовіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий