Навальніца на возеры

Пераказы

   Надвор’е на возеры няўстойлівае. Яно часта змяняецца. То цёпла, то холадна. То свеціць сонца, то пахмурна. То ціха, то рэзкі вецер.
   I ў адпаведнасці з надвор’ем, гэтак жа часта змяняе свой колер і возера.
   То яно блакітнае, то цёмна-сіняе, то зялёнае, то шэрае,сярдзітае і непрыгляднае…
   Раптам у ясным небе з’явіліся белыя воблачкі. Іх становіцца ўсё больш.
   Сярод белых воблачкаў можна цяпер заўважыць і цёмна-шэрыя.
   Сонца схавалася.
   Дзесьці ўдалечыні пачуліся глухія раскаты грому. Неўзабаве яны наблізіліся, зрабіліся больш гучныя і працяглыя.
   Птушкі недзе пахаваліся. Няма над возерам ні ластавак, ні чаек…
   Неба тым часам зусім пацямнела, завалаклося цяжкімі і змрочнымі хмарамі. Яны праглынулі апошні невялікі прасвет і цяпер непадзельна пануюць над возерам.
   У паветры павеяў аднекуль лёгкі струменьчык холаду.
   Дрэвы зашамацелі.
   Наляцеў нечакана шалёны парыў ветру.
   Сосны пахіснуліся і застагналі. Па зямлі імкліва пакаціліся, абганяючы адна адну, сасновыя шышкі.
   Суціхнуўшы на хвіліну, вецер накідваецца на дрэвы з новаю сілай, яшчэ больш злосна і непрымірыма.
   Пайшоў дождж, спачатку быццам неахвотна, невялікі і рэдкі, асобнымі кроплямі. Потым усё часцей і мацней. I раптам страшэнны ўдар скалануў неба і зямлю.
   Змрок згусціўся.
   Цёмнае неба над возерам прарэзала ад краю да краю доўгая і няроўная агністая лінія маланкі. За ёю бліснула другая, трэцяя.
   Гром грымеў амаль безупынна, не змаўкаючы ні на хвіліну.
   Дождж перайшоў у лівень.
   Нядаўна яшчэ лагоднае, блакітнае возера зрабілася змрочным, цёмна-шызым, пакрылася высокімі, сярдзітымі хвалямі, якія бясконцымі радамі, з шумам і грукатам кідалі і кідалі на бераг свае белыя пеністыя грабяні.
   Шумелі патокі вады, якія ліліся цяпер з неба суцэльнай заслонай. Шумеў лес, шумела возера. Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны.
   Парывы ветру, адзін аднаго мацнейшыя, зрывалі лісце з кустоў і дрэў, то ярасна падкідаючы яго высока ўгору, то гонячы між ствалоў па мокрай зямлі. Уся дарога ўздоўж берага была ўсыпана зламаным голлем.
   Над хвалямі змагалася з ветрам адзінокая чайка, але вось і яна знікла кудысьці.
   З жудасным трэскам і грукатам грымнула на пясок вялікая разгалістая сасна, што расла на самым беразе. Навальніца вырвала яе з карэннем, і вось ужо цераз вяршаліну звергнутага старога дрэва перакочваюцца хвалі…
   Тым часам ярасць ветру пачала слабець.
   Праз гадзіну вецер суціх, гром змоўк, маланкі перасталі разрываць цёмнае неба.
   З правага боку выступілі з-пад шэрай заслоны дажджу абрысы касы. Потым заслона перамясцілася на сярэдзіну возера, пасунулася ўлева. I адразу сталі відаць узгоркі за рыбгасам.
   Цяпер і сярэдзіна возера вызвалілася ад заслоны, і вада зазіхацела серабрыстай рабізной.
   Выглянула сонца, неба ачысцілася ад хмар.
   Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла вясёлка, але радасны, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў.
   Нарэшце і ён спыніўся.
   Возера зноў зрабілася ціхае і спакойнае, а вада чыстая і празрыстая.
   Пацяплела, хоць у паветры ўсё яшчэ крыху адчуваўся халадок. Улагодненыя берагі дыхалі свежасцю.
   Вечар непрыкметна перайшоў у ноч.
   На цёмна-сінім, амаль чорным небе ярка свяціў поўны месяц. На такой жа цёмна-сіняй, як і неба, вадзе струменіла серабрыстая дарожка халоднага святла. Над возерам панавала цішыня.
(470 слоў)

Паводле В. Вольскага.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий