Шлях да Беларусі
За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем… I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!
Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але –
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.
А можа быць, яна – міраж,
I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?
Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..