Замірае,
Сціхае
Мая залатая дуброва,
Асыпае,
Скідае на дол
Свой задумлівы ўбор.
Не звініць і не льецца
Раздольна-вячыстая мова,
Толькі шорхат сухі пад нагамі,
Як скарга-дакор.
А нядаўна ж яшчэ —
На пачатку нядоўгага лета —
Што рабілася тут,
Што за дзіўнае свята было!
Як усё бушавала,
Буяла лістотай і цветам,
Як усё гаманіла,
Спявала,
Гукала,
Гуло!
Колькі радасці чулася
Ў кожным разбуджаным гуку!
Колькі сілы ўкладалася
Ў сокат
І строкат,
І свіст!
Кожны парастак прагнуў
Узвысіцца дрэвам магутным,
Кожны лісцік хацеў
Разрасціся ў агромністы ліст.
Дзе ж падзелася ўсё,
Што заместа вячыстага слова
Толькі шорхат сухі пад нагамі
Як скарга-дакор?..
Замірае,
Сціхае
Мая залатая дуброва,
Асыпае,
Скідае на дол
Свой задумлівы ўбор.
1966