Па якіх законах жылі нашы продкі

Пераказы і дыктанты

  У свеце існуюць самыя розныя законы. Галоўныя сярод іх не падуладны чалавеку. Гэта законы прыроды. Сапраўды, чалавек не можа спыніць дождж ці снегапад, загадаць землятрусу не разбураць гарады, а бурам не хваляваць акіянскія прасторы. Гэтыя законы нельга змяніць.
 Людзі прыдумалі свае законы. Гэтыя законы штучныя, але без іх нельга абысціся. Бо ўсе людзі розныя, займаюцца рознымі справамі, па-рознаму думаюць і жывуць. Каб не ўзнікала марных спрэчак паміж імі, войнаў паміж дзяржавамі, і былі створаны законы, унутраныя і міжнародныя.
 Першыя беларускія дзяржавы паўсталі ў далёкім дзясятым стагоддзі. Гэта былі Полацкае і Тураўскае княствы. У тыя часы ўжо існавалі пісаныя законы ў Грэцыі, Рыме і іншых паўднёвых краінах. Але яны былі далёка, і нашым продкам давялося прымаць свае законы. Гэтыя законы заснаваны на так званым «звычаёвым праве», іншымі словамі – правілах штодзённага жыцця. Напрыклад, вы і сёння ведаеце, што старэйшых трэба паважаць, трэба любіць і шанаваць сваіх бацькоў, дапамагаць ім. А гэта і ёсць «звычаёвае права», якое выпрацавала само жыццё. Па такім праве паважаны чалавек той, хто больш працуе, а ў старажытнасці – здабытчык-паляўнічы. Ён і меў у сям’і, абшчыне, племені права галоўнага голасу. Чым больш паважалі чалавека, тым больш меў ён і правоў. Зразумела, што і адказнасці таксама.
 У часы, калі на чале нашых старажытных дзяржаў стаялі князі, яны ўсталёўвалі свае законы. Але гэтыя законы князі прымалі не аднаасобна, а разам з баярамі і старэйшынамі. Акрамя таго, са старажытных часоў захаваўся агульнанародны збор – веча. У вялікіх гарадах людзі розных прафесій і рознага дастатку збіраліся на галоўнай гандлёвай плошчы, каб разам прыняць закон ці важнае дзяржаўнае рашэнне. Замест галасавання рукамі проста крычалі. Хто меў мацнейшы голас, той і перамагаў.
 Законы раней не запісваліся. Дастаткова было валадару прысягнуць ці даць абяцанне – і гэтым гарантавалася выкананне права, усталяванага на вечы ці князем з баярамі. Першыя пісаныя законы мелі форму дамовы.
 У 1529 годзе ў Беларусі з’явіўся адзін з першых у Еўропе збор законаў – Статут, які дапаўняўся і перавыдаваўся тройчы. У ім вызначаліся правы і абавязкі ўсіх жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, ад вялікага князя да залежнага ад пана селяніна. Асобныя артыкулы вызначалі законы аб судах, аб правах гандлю, аб грабяжы і злодзеях, аб нявесціным пасагу, спадчыне, аб тым, што займаць дзяржаўныя пасады мелі права толькі грамадзяне сваёй краіны. Статут дзейнічаў у Беларусі больш за два з паловай стагоддзі, пакуль наша краіна не была падзелена паміж Нямеччынай і Расіяй.
 З канца васямнаццатага стагоддзя ў Беларусі дзейнічалі законы Расійскай імперыі. Беларускія дваране – шляхта – страцілі амаль усе свае правы, а сяляне трапілі пад прыгнёт.
 З часам з’явіліся новыя законы. Але нам трэба ганарыцца тым, што і цяпер Статут Вялікага Княства Літоўскага вывучаецца ва ўсіх навучальных установах свету. А Беларусь сёння вольная і незалежная краіна. Мы маем свой асноўны закон – Канстытуцыю, у якой гарантаваны нашы грамадзянскія правы і запісаны абавязкі. Калі ўсе будуць шанаваць і выконваць Канстытуцыю, то мы будзем жыць у міры і суладдзі.
(470 слоў)

Паводле С. Тарасава.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий