Паляванне на Апошняга Жураўля. Мастацкія асаблівасці

Алесь Жук

  Алесь Жук у аповесці «Паляванне на Апошняга Жураўля» паказвае неперспектыўную вёску, якіх шмат знікла з аблічча зямлі ў 70-80-я гады. Аднак пісьменнік не проста аплаквае паміраючую вёску. Ён гаворыць пра маральны і духоўны заняпад, пра страту павагі да зямлі-карміцелькі, да сялянскай працы.
  Калгасу «Інтэрнацыянал», часткай якога пасля чарговага ўзбуйнення сталі Альховыя Крыніцы, на добрае кіраўніцтва не пашанцавала. Прысланаму новаму старшыні, галоўнаму аграному, перажыўшаму ўжо некалькі начальнікаў, мала клопату, што I як сеецца, жнецца, косіцца. «Работу калгасную не пераробіш, як ні рвіся. Быў калгас і будзе, усім яго хопіць. Трэба ўмець самому жыць» — вось іх жыццёвае крэда. Старшыня ў аповесці мае трапнае прозвішча-характарыстыку — Прымачак. Сапраўды, на зямлі ён не гаспадар, а прымак, якому вакол усё чужое і часовае.
  Самае ж страшнае ў тым, што супрацьстаяць Прымачаку ў вёсцы няма каму. Тыя, хто там жыве, сёння ці заўтра назаўжды развітаюцца і з Альховымі Крыніцамі, і з усім белым светам. Толькі чатыры двары з усёй вёскі не пенсіянерскія. Але ўзрост адна з прычын, чаму ніхто з аднавяскоўцаў не ўступіўся за Сцяпана Дзямідчыка, нават не абазваўся на сходзе, хоць усе добра разумелі, што праводзіны на так званы заслужаны адпачынак — расправа над брыгадзірам. Другая прычына — у тых зменах, што адбыліся ў чалавечых душах.
  Сцяпан Дзямідчык у творы выразна трагічная постаць. I не толькі таму, што гіне ад кулі браканьера. Герой аповесці адзін супрацьстаіць рапартаманіі, дэмагогіі, хлусні начальства і абыякавасці, карыслівасці аднавяскоўцаў. Ён шукаў праўду, справядлівасць і сярод сваіх людзей, і ў раёне, і ў сталіцы, а натыкаўся на чэрствасць, незацікаўленасць, абыякавасць, што ўрэшце і прывяло падзеі да трагічнай развязкі.
  Дзямідчык — натура дзейсная і актыўная. Яму баліць і за вырашчанае збожжа, і за алешнік каля вёскі, і за невялікую калонію баброў, што вярнулася на спаконвечнае месца свайго існавання, за курапатак і зайцоў… Сцяпану не ўсё роўна, чым будуць жыць людзі пасля яго, якое месца ў іх жыцці зоймуць праўда, справядлівасць, сумленнасць. Усяго Дзямідчыку хапіла за доўгія гады, «але ён ведаў, што мяняецца час, ды не праходзіць на зямлі праўда, чэснасць чалавека, не прападае бясследна тое, чаму навучыў яго бацька, што спасціг сам ён…»
  У сваім імкненні да парадку, да справядлівасці Сцяпан бывае рэзкім, уедлівым, гарачлівым. Аднак рэзкасць, непрымірымасць з’яўляюцца рэакцыяй на паводзіны, на жыццёвую пазіцыю іншых, блізкіх і знаёмых яму людзей. «Чаму, калі адзін дурань камандуе на увесь калгас, усе маўчаць і слухаюць? » — задае ён сам сабе пытанне. Дзямідчык з нейкага часу перастаў паважаць нават Жоглу, які ў партызанах выратаваў яму жыццё. Міліцыянер Жогла, якога пасля вайны баяліся навакольныя злачынцы, п’яніцы, самагоншчыкі, неўпрыкмет «аброс мохам, стаў тоўсты, мяккі, добры для ўсіх — і для начальства, і для людзей. I адразу ж выбудаваў хату, купіў сабе машыну і сядзеў на сваёй участковай пасадзе, як на цёплай купіне».
  Праз успаміны Дзямідчыка і некаторых іншых герояў твора паўстае мінулае народа — рэпрэсіі 30-х гадоў, вайна, жыццё у калгасе, якім кіравалі вельмі далёкія ад зямлі людзі. Такім кіраўніком паказваецца ў аповесці Наронскі. Ад яго ў вёсцы засталася вясёлая прыказка: «Адкладзі, Маруська, на заўтра, сёння мне на бюро трэба» — нібыта так чалавек сказаў сваёй жонцы, калі ёй прыйшоў час нарадзіць. Але пісьменнік пры абмалёўцы характараў унікае чорна-белых кантрастаў. Наронскі зусім не ведае сялянскай працы, у кожным гатоў бачыць «гідру контррэвалюцыі». Разам з тым гэта шчыры, адкрыты, адыходлівы чалавек, які любіў сваю працу (да калгасаў ён працаваў на шклозаводзе). У гады Вялікай Айчыннай вайны Наронскі ўратаваў ад расстрэлу многіх вясковых мужчын, узяўшы на сябе адказнасць за смерць трох немцаў.
  Не быў палахліўцам, прыстасаванцам і Іван Яновіч. У час блакады партызанскі камандзір не падпусціў карнікаў да лагера, дзе былі жанчыны і дзеці, вадзіў немцаў крутавым боем. Калі атрад выбілі больш чым напалавіну, Яновіч забраў з лагера старых і трынаццаці-, чатырнаццацігадовых хлапчукоў, сам быў цяжка паранены,
  Экскурсы ў мінулае значна ўзбуйняюць узноўленую ў творы карціну народнага жыцця. Алесь Жук досыць шырока выкарыстоўвае таксама сімволіку і алегорыю. Гэта вобраз Апошняга Жураўля — казачнага, пра якога расказвае ўнуку Дзямідчык, і рэальнага, забітага нейкім Віктарам Антонавічам і Мішам. Пошукі старым бабром радзімы, таго месца, дзе ён з’явіўся на свет. Сон Дзямідчыка, які сніўся яму ўсё пасляваеннае жыццё і які разгадаў ён толькі ў апошнія хвіліны перад смерцю.
  Напісаная на пачатку 80-х гадоў аповесць Алеся Жука не страціла сваёй актуальнасці, надзённасці і сёння. Аўтар узняў важныя праблемы народнага жыцця ў другой палове XX стагоддзя, змог па-мастацку спалучыць у творы балючую сучаснасць з агульначалавечым і вечным.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений