Партрэт сонца і мора

Пераказы і дыктанты

  Сонца падымалася з мора – ён глядзеў, і гэта яму ніколі не надакучала.
 Сонца заходзіла ў мора – ён глядзеў, і гэта таксама яго заварожвала, нібыта вось-вось павінна была раскрыцца нейкая таямніца.
 Ён даўно думаў пра гэтую далікатную еднасць – святла і вады, – хацеў зразумець, ахапіць яе розумам, а потым калісьці, можа, і ўвайсці ў яе, стаць пасярод: з аднаго боку мора, з другога – сонца.
 I яшчэ яго даўняю і ці не заўсёднаю мараю было напісаць партрэт сонца і мора – разам: спасцігнуць іхнюю еднасць і паказаць яе іншым.
 Таму ён і прыехаў сюды, на поўдзень, на паліняла-жоўты і ў той жа час сакавіты, зялёна-магнолісты поўдзень, падоўгу сядзеў ля мора, глядзеў, як нібыта самі сабою коцяцца спакойныя і, адчуваў, дужа пругкія, быццам рыбіны, хвалі, слухаў іх уніклівы шум, калі яны, дасягнуўшы берага, абмывалі і так ужо мокрыя каменьчыкі, робячы іх яшчэ прыгажэйшымі, і думаў, што, мусіць, яму і на гэты раз не ўдасца здзейсніць сваю мару – напісаць партрэт хоць бы, да прыкладу, аднаго мора.
 Хіба можна намаляваць жывое мора?
 Яно такое ж няўлоўнае, як, скажам, трымценне пальмавага лісця ад дотыку лёгенькага-лёгенькага ветрыку, – якім ён заўсёды захапляўся, заўсёды дзівіўся, але ніколі не браўся гэта маляваць, – хто адважыцца паспрабаваць спыніць такі момант, перанесці яго на паперу, але так, каб лісце, і намаляванае, трымцела на аркушы без ветру.
 У простым і зразумелым часам месціцца ўсё складанае і невымоўнае.
 Неяк, лежачы на пляжы, вачыма да пяску, ён глыбока выдыхнуў паветра і, убачыўшы, як ад нейкага невядомага цэнтра вельмі ж прыгожа, веерам пабеглі ва ўсе бакі пясчынкі, здзівіўся, узрадаваўся нечаканаму адкрыццю, але тут жа і засмуціўся: гэта ж таксама нельга намаляваць. Такі рух непадуладны фарбам, словам, нават гукам: перад нейкаю пясчынкаю бездапаможнае ўсё: мастацтва, літаратура, музыка.
 Аднойчы на марскім беразе надвечар ён застаўся адзін.
 Стаяў і ўсё, як фотамайстар, хацеў з’яднаць у адзін кадр мора і сонца. Чамусьці ведаў, што гэта яму сёння ўдасца, і аж трымцеў ад нецярплівасці.
 Садзілася сонца, і мора чакала яго і ў нястрыманасці сваёй аж прыпадымалася, здаецца, над небасхілам, хоць само было надзіва ціхае і звонку выглядала зусім спакойным.
 Сонца паволі ўваходзіла ў мора. I мора з радасцю і ласкаю прымала яго ў сябе, лашчыла, атуляла, гладзіла і, нецярпліва выгінаючыся ўсе бліжэй і бліжэй, хавала ў свае воды, у свае глыбіні.
 Ён ведаў, што ўсё гэта міраж, што так не можа быць – сонца ж на самай справе заходзіць зараз вельмі далёка і ад мора, і ад самой зямлі. Але гэта было наяве, і ён нават не сумняваўся, што насуперак усёй логіцы і сусветнай практыцы, насуперак усім законам сонца вось зараз заходзіла менавіта ў мора!
 Стала ціха-ціха і дрымотна: нідзе нічога не варушылася. Мора, схаваўшы ў сабе сонца, ляжала ціхае, маўклівае і стомленае – яно, здаецца, засынала…
 I тады ён пачуў нейкі выразны голас – нібыта нехта плыў да яго з боку мора.
 – Ты ўбачыў тое, чаго нельга бачыць людзям. Напішы гэта альбо забудзься зусім. Але калі зможаш напісаць адчутае, звар’яцееш ці памрэш. Памрэш геніем.
 Аднак чалавек быў проста баязлівы.
 Ён нічога не напісаў, а хуценька выкінуў усё, што ўбачыў, з галавы, вызваліўся ад нейкіх міжвольных думак, якія трывожылі яго, і не звар’яцеў.
 I застаўся жыць. I звычайна, як і раней, працаваць.
 Вечным няўдачнікам.
 Бо ўся звычайная праца чалавека, як сказаў прапаведнік, для рота яго, а душа гэтым не насычаецца.
(532 словы)

Паводле Я. Сіпакова.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий