Пасадка

Пераказы і дыктанты

   Першую палескую вясну сустракаў тут Лабановіч. Вясна была ранняя, як і звычайна на Палессі. Снегу ўжо не было ў палях. Ажылі балоты. Жаласна стагналі кнігаўкі, цяжка лятаючы над вадою. Высока ў небе звінелі жаваранкі. Абсохлая зямля пачынала іскрыцца зялёным аксамітам кволай, пахучай траўкі. То той, то другі з вучняў пакідаў школу.
   – Вось што, дзеці, – сказаў раз вучням настаўнік, – сёння на абедзе прыходзьце з рыдлёўкамі. Будзем капаць ямкі, заўтра пойдзем у лес, прынясём маладых дрэўцаў і абсадзім нашу школу.
   Дзеці адзін перад другім спяшаліся запэўніць настаўніка, што яны прынясуць рыдлёўкі, і з вясёлым дзіцячым гоманам, як пчолкі з вулля, высыпалі са школы на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі галасамі.
   Пасля абеду дзеці весела беглі з рыдлёўкамі ў школу. Нават Паўлюк Рылка, самы меншы ў школе, горда нёс рыдлёўку, згінаючыся ад яе цяжару.
   Настаўнік прыйшоў у школу і павёў дзяцей на двор. Разам з вучнямі размеркавалі месца для ямак, потым настаўнік пазначыў работу вучням, падзяліўшы іх на гурткі, і сам выкапаў першую ямку, каб паказаць дзецям, як гэта трэба рабіць.
   – Што гэта вы робіце?
   Панна Ядвіся непрыкметна падышла да Лабановіча. Гэты так добра знаёмы яму голас прывёў яго ў нейкае трапятанне. Сэрца затухкала мацней.
   – Хачу па сабе вам памяць пакінуць.
   Праз нейкі час два старэйшыя вучні сказалі настаўніку, што ўсе ямкі пакопаны. Настаўнік пахваліў дзяцей за работу і сказаў ім:
   – Заўтра ўжо кніг не прыносьце. Вазьміце колькі рыдлёвак (ён назначыў большых вучняў) і збярыцеся тут. Пойдзем у лес, накапаем дрэўцаў і пасадзім іх у ямкі, якія вы сёння прыгатавалі. А цяпер ідзіце дамоў!
   Назаўтра Лабановіч прачнуўся позна. Ён устаў, калі ўжо ў школе чуліся дзіцячыя галасы. З вясёлым шумам ішлі дзеці ў лес са сваім настаўнікам, збіўшыся вакол яго цеснаю грамадкаю.
   Настаўнік спыніўся з вучнямі на сухім месцы ў лесе і вёў з імі размову аб тым, што бачылі перад сабою, і аб значэнні тае справы, дзеля якой яны прыйшлі.
   Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго крыкам і шчэбетам. Лабановіч доўга шукаў маладую грушку. Ён хацеў знайсці прыгожанькае дрэўца і пасадзіць яго на памяць аб сваёй каханай. Знайшоўшы маладое, крэпенькае і стройнае дрэва, ён доўга і асцярожна капаўся каля яго, пакуль акуратненька не было яно выкапана разам з зямлёй. Сам нёс яго дамоў, пасадзіў у куточку на школьным двары, дзе найбольш свяціла сонца, і два разы паліў вадою ў гэты дзень. Пасля агарадзіў гэту грушку высокімі коллямі, каб не патаптала ці не паламала жывёла.
   На кожнае дрэва вызначыў настаўнік вучняў, даручыўшы ім догляд за выхаванцамі.
   – Ну, а цяпер, дзеткі, ідзіце абедаць. Па абедзе збярыцеся і прынясіце свае кнігі.
   Прыняўшы па абедзе кнігі вучняў, Лабановіч выйшаў на двор, абышоў пасаджаныя дрэвы, над некаторымі затрымліваўся даўжэй. Вельмі хацелася пабачыць Ядвісю і паказаць ёй гэту слаўную грушку, якую пасадзіў на памяць пра яе.
(450 слоў)

Паводле Я. Коласа.

Оцените содержание
( Пока оценок нет )
Не жмись, поделитесь с друзьями, одноклассниками! Да пребудет с тобой сила Джедая.
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий