Павел Місько — Добры чалавек

Павел Місько

  Шмат у лесе дзічак – і груш, і яблынь. Ідзеш-ідзеш, і раптам стомленае вока як не ўзрадуецца. Без усякай маскіроўкі, не трэба і прыглядвацца, ляжаць пад дрэвам яблыкі…
 Сустракаю ў лесе знаёмую бабулю Веру. Нагрузілася, як мурашка: у адной руцэ кіёк і торбачка, а ў другой – перагароджаная папараццю на дзве палавіны лубянка. У адной палавіне грыбы, у другой – грушы і яблыкі. На спіне напакавала нечым заплечны мяшок. Не бабуля – турыстка!
 – А-а, і ты тут, – узрадавалася яна, убачыўшы мяне. – Не трэба з лесу ісці з пустымі рукамі. От я і нясу ўсяго… Давай пройдзем крыху ды сядзем, адпачнем.
 Ідзём, гамонім. Бабуля азіраецца кругом, нешта ўсё выглядае.
 – Ну, вось тут і прысядзем, – гаворыць яна і апускаецца на траву. – На, пакаштуй… Не махай рукамі, не аднеквайся: ты такія не еў… – і падае яна мне дзве грушы.
 Смакую. I праўда, адна лепшая за другую. I сок смачны, і каменьчыкаў амаль няма.
 – А паляжыць – за вушы не адцягнеш. Ого – грушка-гнілушка, ды яшчэ лясная… Унукі мае прыгаршчамі іх цярэбяць. Іх і сушыць можна. А які кампот смачны з яблык-дзічак! I павідла з іх, і варэнне можна рабіць. Ну, а цяпер пакаштуй во гэту…
 Трэцяя груша была як садовая. Мо бэра, мо вінёўка.
 – А цяпер во гэты яблычак… – падала мне бабуля вялікі, з курынае яйка, яблык.
 – Штрыфель?! – пазнаў я па смаку. – Але пахне незвычайна, як мёдам. На дзічку і не падобны.
 – А гэта і не дзічка. Быў такі чалавек у нашым сяле – Захарка. Капаў у лесе дзічкі, у сады пераносіў, прышчэпліваў. Вельмі смачныя яблыкі, калі прышчэпліваць да лясных. А потым стаў па лесе хадзіць, дзе маладзенькую грушу ці яблыньку сустрэне – зрэжа, прышчэпіць. Дзе старэйшую – то галінку ці дзве прышчэпіць. Знойдзеш цяпер такое дрэўца – як падарунак на свята.
 – Помнік сабе чалавек зрабіў… – кажу я.
 – Але, каторы год, як яго няма, а людзі ўсё дзякуюць чалавеку. Дабро – яно жывучае. А цяпер паглядзі назад!
 Я азірнуўся. На паляну схілілася Захаркава яблыня. Дзве галіны на ёй былі незвычайныя – на адной яблыкі былі белыя, як папера, на другой – жоўта-аранжавыя, сплюшчаныя, як рэпкі.
 Мы падышлі бліжэй.
 – Як сонца… Налілася проста… Залаты ранет, – сказала бабка Вера.
 Твар яе свяціўся, нібы не Захарка, а яна стварыла гэты цуд.

Сказать спасибо
( 6 оценок, среднее 4.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий