Павел Місько — Каляндар сумлення

Павел Місько

1

  Як прайшло ўжо колькі ўрокаў малявання, настаўніца сказала:
 – Сама лепш малююць Толя Васільеў і Сцёпа Мармышка…
 Усе вучні раўніва паглядзелі на Толю і Сцёпу. А Коля падумаў: «А мяне не назвала… Я ж Толеў брат».
 – Для вас будзе дамашняе заданне: намаляваць класны каляндар надвор’я. Во, на гэтай паперы намалюеце. Дзяжурны будзе кожны дзень адзначаць тэмпературу паветра, ападкі… – Валянціна Іванаўна падняла папяровую трубку, загорнутую ў газету. – Сядайце, сядайце! – спыніла яна Мармышку і Толю, бо тыя ўжо навыперадкі памкнуліся да стала. – Тут я прыкінула, як трэба расчарціць, намаляваць, дзе што напісаць, – яна падняла і паказала маленькі лісток, вырваны са сшытка. – Калі надпісы самі не зможаце зрабіць, папрасіце тату або маму.
 Коля крыўдліва ўнурыўся: «А чаму не Толю і мне даручыла? Нам жа лепш каляндар рабіць, мы ў адной кватэры жывём». З-за гэтай крыўды ён нічога не чуў і не бачыў на ўроках. Толя таксама ўвесь чацвёрты ўрок думаў пра каляндар, пра важнасць даручэння.
 Дадому ішлі разам з Мармышкам. Бабуля, якая прыйшла сустракаць, забрала ў іх ранцы і ішла памалу ззаду. Коля маўчаў, а Толя і Сцёпа трашчалі, як галкі на коміне: «Мы такое намалюем! Такое!» – «Лепш за ўсіх!» – «Вучні чацвёртага «Б» класа лопнуць ад зайздрасці!»
 – Ваш каляндар не будзе прыгажэйшы, чым у першым «Б»! – не стрываў Коля. – Там каляндар бацька аднаго вучня намаляваў. Ён мастак, во!
 – А вось і будзе! А вось і будзе! – адказалі Толя і Сцёпа, і можна было падумаць, што гэта два вялікія сябры.
 – Я, калі захачу, у сто разоў лепшы намалюю! – крычаў Мармышка. – Я, калі захачу, бацька мне такія акварэлькі купіць! У-у-у… Я, калі захачу…
 

2

  Маляваць рашылі ў Толі. Па дарозе Мармышка заскочыў дадому, кінуў сумку.
 Прыйшлі, разгарнулі трубку… У ёй былі два аркушы, а не адзін. Нашто два? Настаўніца ж гаварыла намаляваць адзін каляндар.
 Палеглі на падлозе жыватамі наўкола аркуша. Пакрычалі, паспрачаліся, каму чарціць, каму расфарбоўваць. Хацеў нешта параіць і Коля, але на яго так дружна накінуліся, што ён змоўк і пайшоў ад іх. Урэшце малявальшчыкі дамовіліся: Толя расчэрчвае і малюе літары простым алоўкам, а Сцёпа расфарбоўвае.
 Колю было не ўцярпець, і ён зноў прыйшоў да хлопцаў. Узяў у рукі падшыўку «Вожыка», усеўся на крэсла і пачаў гартаць. «Падумаеш… Ёсць там у іх што глядзець! От у часопісе намалёвана дык намалёвана… Жывоцік надарвеш ад смеху!» – думаў ён.
 І знарок моцна хіхікаў, пасмейваўся, чмыхаў, потым рагатаў на ўвесь голас, а на малявальшчыкаў не глядзеў.
 – Выйдзі адсюль, ты нам перашкаджаеш! – крычаў на яго Толя.
 – А кватэра ўсіхная, не толькі твая! Дзе хачу, там і рагачу! – адрэзаў Коля.
 Сцёпа не вытрываў, устаў з падлогі і таксама ўсунуў нос у «Вожык». Рагаталі ўжо ўдвух, а Толя маляваў адзін, лаяўся, гразіў паскардзіцца бабулі.
 Бабуля ўрэшце паклікала Колю на кухню. Патрэбна была Колева дапамога: яна накупляла пластмасавых дзіцячых кубікаў і зараз адпілоўвала нажом у кожнага адну сценку. Атрымліваліся чатырохвугольныя вазончыкі. Маленькія, акуратныя, рознакаляровыя… Добра прыстаўляюцца адзін да аднаго, мала займаюць месца.
 – У іх пасадзім кактусы і кактусяняты… – сказала бабуля.
 Праз паўгадзіны Коля заглянуў у пакой. Мармышка сядзеў у крэсле з часопісамі і гыгыкаў над малюнкамі. А Толя кончыў чарціць і расфарбоўваў вялікія літары загалоўка.
 Заглянуў яшчэ праз гадзіну: Толя ўжо канчаў расфарбоўваць загаловак, а Сцёпа ўсё рагатаў над малюнкамі ў часопісах, дрыгаў нагамі.
 Яшчэ раз заглянуў: Сцёпа ляжаў з «Вожыкам» на падлозе, а Толя прымяркоўваў па кутках календара – ужо гатовага! – паштоўкі з малюнкамі.
 – Э, у мяне лепшыя ёсць! – усхапіўся Сцёпа, адсунуў падшыўку ад сябе.
 – Бяжы прынясі, прыклеім, – сказаў Толя.
 – А нашто насіцца сюды-туды! Я прыклею дома, а заўтра прынясу ў школу.
 Толя згадзіўся, і Сцёпа згарнуў каляндар у трубку, пайшоў.
 

3

  Праз гадзіны паўтары, ужо цямнела, бабуля пайшла ў гастраном. Вярнулася і гаворыць:
 – А Сцёпа яшчэ і не заходзіў дадому. Мяч ганяе з хлапчукамі, а каляндар пад пахаю…
 Толя хацеў бегчы на двор сварыцца са Сцёпам. Але бабуля не пусціла:
 – Ты сваё зрабіў? Зрабіў! Нават больш, а вам жа даручылі абодвум. Калі што, то заўтра паглядзіш. А цяпер рабі ўрокі. Коля вунь ужо два зрабіў…
 Раніцаю Сцёпа прынёс Толю каляндар. Завэдзганы, скамечаны. Паштоўкі прыляпіў так, што з-пад іх расцякліся ў бакі струмені клею.
 – Нічога, добра будзе… Мы ж не мастакі. Гэта ў «Б» класе дык бацька-мастак ёсць, – апраўдваўся Сцёпа.
 Толя знямела глядзеў на каляндар: ён быў падобны да бруднай анучы.
 – Ну, я пабег. Трэба яшчэ ўрокі рабіць, – Сцёпа крутнуўся і ўцёк.
 Добра, што настаўніца дала запасны аркуш паперы! Добра, што заняткі ў іх пачынаюцца ў другую змену! Добра, што Коля парабіў урокі і бабуля дома была – памаглі!
 Зноў Толя пластом ляжаў на падлозе, размячаў, расчэрчваў. Коля перабіраў навагоднія паштоўкі, падшукваў малюнкі. Бабуля выстругала з тоўстага сырога дубца лапатачку-пяро, роўненька падрэзала. I хвілін за дзесяць чырвонай тушшу напісала гэтай лапатачкай прыгожы загаловак – «Каляндар надвор’я».
 – Засохне, дык ты яшчэ алоўкам дай каляровыя цені літарам. Сняжынкі сям-там раскінь, воблачкі, сонейка… Назвы месяцаў і лічбы я напішу…
 Праз гадзіну новы каляндар быў гатовы. Асцярожна загарнулі ў газету…
 У клас убеглі Толя і Коля тады, як празвінеў званок.
 – Пакажы каляндар, – адразу выхапіў Мармышка трубку з рук Толі. Тр-р… Ж-жых… Парваў газету, разгарнуў паперыну.
 А тут і настаўніца зайшла ў клас.
 – Добры дзень, дзеці!
 – Валянціна Іванаўна! – кінуўся Мармышка да настаўніцы. – Во, я зрабіў «Каляндар надвор’я».
 – Добра, дзякую. Пачнём урок, – сказала настаўніца.
 Толя аслупянеў ад такога нахабства Мармышкі. I не знайшоў, што сказаць. У вачах закруціліся слёзы.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий