Павел Місько — Салодкія карасі

Павел Місько

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 У Шушкі вялікі сакрэт. Казаць ці не казаць пра яго сябру Трамбону? Не скажаш – пакрыўдзіцца, прамаўчыш – сам разарвешся на кавалкі. Бо сакрэт як жывы – так і расце недзе ўнутры, нібы на дражджах, перапаўняе ўсяго. Ажно трасуцца рукі, свярбяць вушы, высоўваецца кончык языка. Аднаму бегчы па той сакрэт – сумна. Удвух – шкада дзяліцца.
 Уздыхаў Шушка, пакутаваў, месца сабе не знаходзіў. I рашыўся…
 – Слухай, што я чу-у-у-уў… – Шушка так доўга цягнуў гэтае сваё «у-у-у», нібы вучыўся выць на месяц. – Дзед Патап казаў – карасі ў сажалцы выраслі, у садзе. Іду, кажа, а яны – плюх-плясь, гляджу, а там рыба. Гэта ён сваёй бабе Ганне казаў, а я падслухаў.
 – Мо якая жаба скокнула. Ніхто ж туды малькоў не запускаў, – спакойна сказаў Трамбон.
 – Не пляці абы-што! Ды яны самі заводзяцца, абы вада была! От вазьмі вялікія начоўкі або цэбар, патрымай ваду ўсё лета, паглядзі – а там рыба!
 – Ха-ха-ха! Мо акула? Сам ты пляцеш, – не вытрываў Трамбон.
 – Каб я так жыў! – Шушка пастукаў сабе ў грудзі мурзатым кулачком – Ніхто пра рыбу яшчэ не ведае, ух і хапанём!
 – Давай заўтра раненька, да кароў, скокнем туды, праверым. У мяне вудачка ёсць.
 – Не-е, ты і праўда Трамбон, а не Антон… мяне мо дзесяць вудачак, ну і што? Да заўтрага дзед Патап павылоўлівае. Апярэдзіць трэба! Сёння давай! Зараз жа!
 – Удзень рыба не бярэцца. Дый у школу трэба – праз дзве гадзіны наша змена.
 – Падумаеш, школа… У школу і спазніцца можна. Школа не рыба, у лес не ўцячэ.
 Трамбон зарагатаў з Шушкавай прымаўкі і… згадзіўся.
 Праз колькі хвілін хлапчукі прабіраліся ўжо да калгаснага саду. Па нізовіне, абыходзячы кругам, хаваючыся за кусты прысадаў, каб не заўважыў дзед Патап – вартаўнік.
 – I вудаў набраў, і кош валачэш, – не ўцерпеў Трамбон.
 – А як ты думаў! Пакуль ты будзеш драмаць над адной, я – хап-хап-хап. Трыма вудачкамі – у тры разы больш шанцаў. А не будзе брацца, з кашом залезу. Каб без промаху! Каб не вяртацца з пустымі рукамі! Карасі такія салодзенькія – у-у-у-у… – завыў Шушка, склаўшы губы трубачкай. Заплюшчыў вочы, аблізнуўся.
 – Любіш паесці, а худы, як ражон.
 – Тата кажа, што гэта ў мяне ад прыроды. Каб быць спраўнейшым, больш рухавым. А таўсцялю нікуды не хочацца, ён толькі чэрава пагладжвае. Як ты, напрыклад.
 – Знайшоў таўсцяля. Я нармальны… Ой, ціха!.. Дзяцел вунь, у кустах. А я думаў, што яны толькі ў лесе.
 – Знайшоў дзіва! Хадзем хутчэй, разявіў рот… – Шушка апярэдзіў Трамбона, першы пабег да сажалкі.
 Антон выбраў месцейка між кустоў на беразе, разматаў вудачку, начапіў хлебную гарошынку і закінуў лёску. Чуў, як цераз куст ад яго ўспамінае ўсіх чарцей і блытаецца ў сваіх вудачках Шушка. Нарэшце ў яго гучна свішча вудзільна, пляскае па вадзе. Пасля чуецца і другі свіст, і трэці. Шушка нервова тупае па беразе, папраўляе то адну, то другую вуду, крышыць і кідае ў ваду хлеб.
 – Ты на што ловіш? Таксама на хлеб? – крычыць ён з-за куста. – А паплёўваеш на яго?
 – На хлеб пляваць грэх… Ой, у мяне такія жучкі-бліскучкі… Балет на лёдзе паказваюць.
 – Не будзеш пляваць на насадку, то рыба плюне на цябе, – не сціхае Шушка, і Трамбон не вытрымлівае:
 – Ды памаўчы ты! I не скачы як на вуголлі.
 Але Шушку не сядзелася і не стаялася. Увесь хлеб скрышыў на падкормку, а карасі не хацелі падплываць.
 – Эй, – зноў паціху паклікаў ён Антона. – Ты які хлеб узяў?
 – Белы, – адказаў шэптам Трамбон і зняў маленькага, як два пятакі, карасіка.
 – Ах, ах… А я, дурань, чорны. Чуеш? Кінь мне кавалачак батона!
 Антон перакінуў цераз куст кавалачак.
 – У-у-у, скнара. Гэта ж усяго на раз у рот.
 – Каму? Табе?
 – Рыбе! Што, мо сам утрамбоніў увесь, што шкадуеш даць больш?
 Трамбон нічога не адказаў, ён у гэты час здымаў другога, на паўдалонькі, карасіка.
 – У-у-у, хітранькі, – завыў Шушка. – Выбраў сабе лепшае месца.
 – Хочаш, давай памяняемся.
 – Ага! Я тут прыкарміў, а ты на гатовенькае прыйдзеш.
 – Ну то сядзі і маўчы.
 – Ага! Дык рыба ж не ловіцца… Эх, трэба было лепш на рэчку ісці! Там рыба дык рыба, а тут… пятакі! Праўда, каб лавілася, то… Пятак да пятака, пятак да пятака, глядзіш – і рубель!
 Антон маўчаў, сядзеў нерухома. Рука з вудачкай ажно занямела. Паплавок у яго ківаўся, ківаўся і… зноў коса нырнуў пад ваду.
 – Эй, чуеш? – крыкнуў у гэты час Шушка.
 Трамбон паспяшаўся тузануць вудачку, і рыба сарвалася.
 – Чаго цябе зноў дрэнчыць? – ён ужо раззлаваўся на Шушку.
 – Давай памяняемся месцамі. Толькі дай у прыдачу двух сваіх карасёў. Я ж месца прыкарміў!
 – Каб цябе… Бяры!.. Ідзі!.. Карасі во, у траве.
 Антон падымае вуду, ловіць леваю рукою кручок з нажыўкаю і пераходзіць на месца Шушкі.
 А той згроб свае вудачкі ў прыгаршчы, задраў іх як мага вышэй, каб не ўчапіцца кручкамі за куст. Але ўсё роўна ўчапіўся, пераходзячы: адным кручком за галінку лазы, другім – за свой каўнер. Пакуль адчэпліваўся (давялося скідваць рубашку), пакуль разблытваў лёскі, закідваў вудачкі, Антон аднаго за адным выцягнуў яшчэ двух карасёў – большых, чым тыя два. Шушка так разнерваваўся, што соп, чмыхаў, кідаў на сябра касыя, злосныя позіркі. А Трамбон яшчэ і Цвяліў:
 – Бачыў? Хто мяняе, у таго хамут гуляе. Ух, і карасішчы! Падраслі на тваёй падкормцы.
 Зацяўся Шушка – ні гуку. Але доўга не ўседзеў.
 – Слухай, я ўторкну вудачкі, а сам палезу з кашом. А ты паглядвай і на мае паплаўкі.
 – Няма дурных, – адрэзаў Антон.
 – Дык ты ж усё роўна будзеш сядзець!
 – Сядзець буду, а скакаць туды-сюды не хачу і не буду.
 – Тады хоць адну папільнуй, а я тыя павыцягваю. Во гэтую… Бліжэй да цябе закіну.
 Антон прамаўчаў, толькі губы падціснуў. Шушка вуды павыцягваў, а лёсак не зматаў. Схапіў кош, ірвануў з месца бягом. I раптам як залямантуе! Адна лёска трапіла між пальцамі правай нагі, прашмаргнулася, як травінка, а кручок упіўся паміж вялікім і другім пальцамі.
 – У-у-у, і што сёння за дзень такі! – Шушка, хныкаючы і падвываючы ад болю, паспрабаваў дастаць кручок з нагі. Але нічога не выйшла, і ён зусім расплакаўся.
 – Шурык, ты чаго? – выцягнуў шыю Антон. Потым падышоў да сябра, прысеў на кукішкі, каб лепш разгледзець, што ў яго робіцца на назе. – Ого! Увесь кручок залез, толькі хвосцік відаць.
 Ад гэтых слоў Шушка зароў, як малое дзіця
 – Разрэзваць трэба… Каб была брытва, я б ш-ш-шах – і гатова.
 – Ага! Хірург знайшоўся… Язык сабе шахні! У-у-у, кроў як цурчыць!
 – Шурык, ты пацярпі… Я зараз перакушу лёску, і пойдзеш дадому гак… А бацька дастане. 
 Антон нізенька нахіліўся, нібы хацеў пацалаваць Шушку ў нагу, і перакусіў лёску.
 – А як жа я з такою нагою ў ваду пале-зу-у-у? – ныў Шушка.
 – Ніхто цябе не гоніць у ваду. Пасядзі спакойна, зараз дадому пойдзем.
 – Ага! Я сядзець буду, а ты, хітранькі, лавіць? Пайду хоць яблык нарву. – Шушка падхапіў кош і, кульгаючы, іхкаючы, пакраўся да абсыпанай яблыкамі антонаўкі. Азірнуўся, сказаў сіплым, кволым голасам: – Ты ж пра маю вудачку не забывай! З мае вудачкі – мне будуць!
 Антон нічога не адказаў. Ён глядзеў не на паплаўкі, а на белую-бялюткую чайку. I адкуль яна тут узялася? Трапеча крыламі, вісіць на адным месцы, а дзюбка да вады звернута. Рыбку высочвае… I раптам каменем плюхнула ў ваду, тут жа ўзляцела, трымаючы ў дзюбе маленькага карасіка.
 Уздрыгнуў ад нечаканасці, калі пачуўся мужчынскі голас:
 – Злазь! Злазь, злазь, я табе кажу!
 Пад яблыняю стаяў і пазіраў угору вартаўнік Патап.
 – Памагаеш калгасу яблыкі абіраць? От маладзец… Толькі чаго ты ўспёрся на антонаўку? Гэтым яшчэ пастаяць трэба пару тыдняў… – Патап гаварыў амаль лагодна, голасу не павышаў. – Злез? Не вытрэсвай з-за пазухі, рукамі вымай, а то паб’юцца… Ву-унь скрынкі пад яблынямі, бачыш? Занясеш туды і асцярожна выкладзеш. А вечарам я да бацькі падыду. Трэба ж пахваліць цябе, хай і ён ведае, які сын расце.
 Антон хуценька зматаў вудачкі. Яму было сорамна і няёмка. Дзед Патап і ў яго бок пазіраў і яму збіраўся нешта сказаць. I сказаў:
 – А што, ваш кот састарэў, мышэй не ловіць? Хочаш падкарміць яго драбязою? – і павярнуўся, пайшоў следам за Шушкам да скрынак.
 Сябры сышліся за садам, на паплаўцы. Шушка ішоў, наступаючы на правую пятку і нібы пакручваючыся на ёй. Твар яго крывіўся, як ад кіслай антонаўкі. Кош вісеў у яго за спінаю.
 – Бяры свой сноп, – Антон сунуў яму ў рукі вудачкі.
 Шушка ўзяў іх неахвотна.
 – А рыба? Так і ляжыць мая на беразе?
 – Вось… Цэлы кукан.
 – I гэта ўся мая-я-я?! На маю вудачку столькі налавілася?! – Шушка нават кульгаць перастаў.
 – На тваю, на тваю… – сказаў Антон і адвярнуўся, ляп-ляп – абабіў далоні ад лускі. Гаварыць яму з сябрам не хацелася.

Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий