Пажачкі

Пераказы і дыктанты

  На Вялікдзень у дзяцей было столькі радасці, што і сёння цяпло тых дзён не астыла, не згасла, не згінула.
 Перш-наперш дзеці да ўсходу сонца беглі на пагорак, каб пабачыць, як на Вялікдзень «танцуе» сонейка. Дарослыя гэтага не рабілі, бо ведалі, што так яно «танцуе» кожны дзень. Дзеці ж у гэта верылі шчыра, і таму свята набывала ўжо зранку асаблівую, таямнічую прыгажосць.
 Найгалоўнейшая для дзяцей справа святога дня – біцца ў яйкі. Колькі піску, колькі крыку, колькі рогату і спрэчак! Кожнаму ж хочацца перамагчы і забраць сабе пабітае яйка. Азарт! Некаторым вельмі не шанцавала, і тады яны куляй ляцелі дамоў і прасілі ў мамы яшчэ фарбаваных яек, бо ўшчэнт прайграліся. Старэйшыя хлопцы часта хітравалі з намі, малымі: непрыкметна падстаўлялі сустаў пальца пад удар, і ўжо нікому нічога не дакажаш, хоць тут расплачся, даводзілася аддаваць яйка.
 Неяк аб’явіўся ў нас зусім непераможны хлопец, пабіў усіх без разбору, нагроб цэлыя кішэні яек. Стаім усе з пустымі рукамі, ледзь не плачам. Як потым высветлілася, у гэтага хлопца было драўлянае яйка, якое па-майстэрску зрабіў яго тата, пафарбаваў і даў сыну. Больш з ім ніхто ніколі не гуляў у яйкі, хоць ён і прасіў-маліў, ледзь не плакаў.
 Больш інтэлігентна гулялі ў яйкі дзяўчынкі. Яны рабілі з пясочку пагорачкі і па чарзе скочвалі яйкі ўніз. Яйка коціцца няроўна: то нечакана ўлева зверне, то ўправа крутнецца. Тая дзяўчынка, чыё яйка ўдарыць іншае, і перамагае. Цікава, ажно дух займае! Калі-нікалі і меншыя далучаліся да дзяўчынак.
 Быў і яшчэ адзін абавязковы для дзяцей рытуал – пажачкі. Кожнае дзіця на Вялікдзень павінна было зайсці ва ўсе хаты ў вёсцы па фарбаваныя яйкі. Ніхто, зразумела, малых у карак не гнаў, можна было і не ісці. Але каму ж не хочацца мець як мага больш прыгожых яек! Гэта ж цэлае багацце! Сапраўды, носішся як курыца з яйкам.
 Дарослыя пра пажачкі ведалі, таму прыкідвалі, колькі дзяцей у вёсцы, каб кожнаму хапіла яек. Заскочыш да каго-небудзь у хату, шмарганеш носам і абавязкова, як вучылі бацькі, скажаш:
 – Хрыстос уваскрос!
 А потым, каб атрымаць ад гаспадароў яйка, неабходна было яшчэ дадаць:
 – Не дасі яечка – здохне авечка!
 Карацей, за яйка трэба і «папрацаваць».
 Я быў вельмі ціхі, сціплы, сарамлівы, ды і гадкоў мне было, можа, з пяць усяго. Заходзіў у чужыя хаты і стаяў ціхенька ля парога, апусціўшы нізка галаву. Дарослыя разумелі, які з мяне «аратар», і давалі яйка, не дамагаючыся ад мяне прывітальных слоў.
 Заскочыў я гэтак да суседзяў і стаю нерухома.
 – А што трэба сказаць? – пытаюцца ў мяне гаспадары.
 Я сціснуўся ў камячок, як спружына, і маўчу.
 – Не хочаш гаварыць – не атрымаеш яйка!
 Кінуўся я ў дзверы, выскачыў на двор ды паляцеў, а мне ўслед крычаць:
 – Куды ты? Пастой! На яйка!
 А мой і след прастыў…
 Дарэмна я тады пакрыўдзіўся. Людзі ж хацелі пачуць ад дзіцяці святочныя прыказкі.
(451 слова)

Паводле С. Давідовіча.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий